Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віерсма: Лукашэнку зарана запрашаць у Эўразьвяз


Ян Марынус Віерсма

Ян Марынус Віерсма

Учора мы паведамлялі, што беларускія ўлады не пагадзіліся з фарматам візыту дэлегацыі Эўрапарлямэнту ў Менск, які плянаваўся на наступны тыдзень. Мы зьвязаліся з эўрадэпутатам Янам Марынусам Віерсмам з Партыі эўрапейскіх сацыялістаў, каб запытацца ў яго пра скасаваньне візыту эўрадэпутатаў у Беларусь, які плянаваўся на наступны тыдзень.

Максімюк: Спадар Віерсма, што было галоўнай прычынай адмовы беларускага боку ў прыняцьці дэлегацыі Эўрапейскага парлямэнту ў Менску 6-8 красавіка? Ці ня тое, што вы не пагадзіліся на афіцыйную сустрэчу з дэпутатамі Нацыянальнага сходу Беларусі?

Віерсма: Так, ваша здагадка правільная. Мы запрапанавалі праграму сустрэчаў з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі і беларускага ўраду. Нам таксама хацелася сустрэцца са спадаром Мартынавым, міністрам замежных справаў. І мы запрапанавалі неафіцыйную сустрэчу з дэпутатамі беларускага парлямэнту. Але гэта было непрымальна для беларускіх уладаў. Нам сказалі, што калі мы ня хочам сустрэцца зь беларускімі парлямэнтарамі афіцыйна, дык улады не гатовыя прыняць нас на вышэйшым узроўні ў Менску. Напрыклад, мы ня можам разьлічваць на сустрэчу зь міністрам замежных справаў, спадаром Мартынавым.

Мы не маглі пагадзіцца на гэтыя ўмовы, таму што мы не хацелі апынуцца ў Менску ў такой сытуацыі, якая для некаторых СМІ магла паслужыць асновай для сьцьвярджэньня, што мы прызнаем беларускі парлямэнт. Мы былі часткай місіі назіральнікаў, якая вельмі пільна сачыла за апошнімі парлямэнцкімі выбарамі ў Беларусі. І мы ведаем, што выбары не былі ні справядлівыя, ні свабодныя.

Максімюк: Беларусь запрасілі да ўдзелу ў праграме Ўсходняга партнэрства. Цяпер у Эўразьвязе разважаюць, ці запрашаць беларускага прэзыдэнта на саміт 7 траўня, калі наступіць афіцыйная інаўгурацыя праграмы. Ваша краіна, Нідэрлянды, выступае як галоўны апанэнт такога запрашэньня для Аляксандра Лукашэнкі. Калі б рашэньне было ў Вашых руках, вы запрасілі б Лукашэнку на саміт ці абмежавалі б удзел Беларусі ў саміце да ўзроўню міністра замежных справаў?

Віерсма: Перш за ўсё я вялікі скептык, што тычыцца далучэньня Беларусі да Ўсходняга партнэрства. Я думаю, што ўлады ў Брусэлі не разумеюць да канца сапраўднага характару гэтага рэжыму. У мяне амаль 10-гадовы досьвед дачыненьняў зь Беларусьсю. Я ня веру, што спадар Лукашэнка можа стаць дэмакратам. Безумоўна, Беларусь трэба запрашаць, але павінны быць умовы. Па-мойму, калі мы гаворым зь Беларусьсю пра праблемы з правамі чалавека, мы павінны гаварыць ня толькі з афіцыйнымі асобамі, але таксама ўключаць прадстаўнікоў апазыцыі ў такія сустрэчы. Па-другое, я думаю, што яшчэ зарана, каб запрашаць спадара Лукашэнку на саміт у Празе. У гэтым сэнсе я патдрымліваю пазыцыю свайго ўраду.

Максімюк: Ваша імя згадваецца даволі часта ў кантэксьце кантактаў Эўрапарлямэнту зь Беларусьсю. Скажыце, калі ласка, некалькі слоў пра вашу асабістую ангажаванасьць у справы Беларусі.

Віерсма: Яшчэ ў 1999 годзе мяне назначылі старшынём дэлегацыі Эўрапарлямэнту ў пытаньнях Беларусі, Украіны і Малдовы. Тады яшчэ была адна дэлегацыя для гэтых трох краінаў. Мяне цікавіла, што адбываецца па-за Эўразьвязам, паміж Эўразьвязам і Расеяй. І такім чынам я зацікавіўся бліжэй Беларусьсю і ангажаваўся ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі. Беларусь для мяне — гэта эўрапейская краіна з эўрапейскай гісторыяй, часам вельмі трагічнай. У Беларусі жыве 10 мільёнаў людзей, такіх жа эўрапейцаў, як і я зь Нідэрляндаў, і яны маюць права на прыстойнае жыцьцё і на свой уласны выбар. Гэта таксама адна з прычынаў маёй ангажаванасьці.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG