Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мар’яна Грузьдзіловіч пакуль у няпэўнасьці


Мар’яна Грузьдзіловіч
Мар’яна Грузьдзіловіч

Увечары 31 сакавіка настаўніцу з адукацыйнага цэнтру “SOL Minsk” Мар’яну Грузьдзіловіч азнаёмілі з загадам, паводле якога ранейшы загад аб яе звальненьні адменены.

У аўторак Мар’яне патэлефанавала галоўны бухгальтар кампаніі і паведаміла, што спадарыня Грузьдзіловіч можа забраць сваю працоўную кніжку і разьлік. Дамовіліся на сустрэчу а 18-й вечара. Бухгальтарка выдала грошы — поўны разьлік, Мар’яна расьпісалася ў ведамасьці і папрасіла аддаць ёй працоўную кніжку.

“Далей размова адбылася такая: „Замест працоўнай кніжкі вось вам загад, што папярэдні загад ад 25 сакавіка скасаваны“. Я запыталася, што гэта азначае. Бухгальтарка кажа: „Гэта значыць, што вы ў нас працуеце, як і раней працавалі“. Я запыталася, ці не азначае гэта, што я павінна напісаць заяву на звальненьне па ўласным жаданьні? Яна адказала: „Не, працуйце, і так хопіць ужо праблемаў. Будзеце падпісваць загад?“ Я адказала, што пакуль не падпішу, мне трэба падумаць, пракансультавацца і прыняць рашэньне”.

Мар’яне далі на рукі копію Загаду № 06/09, датаванага 31 сакавіка. Фармулёўка такая: “Загадваю: адмяніць загад № 05/09К аб звальненьні Грузьдзіловіч Мар’яны Рыгораўны, пералічаны разьлік лічыць авансавым плацяжом за сакавік 2009 году”. Загад падпісаны дырэктаркай Вандай Дармаян. Дырэктарка камэрцыйнага адукацыйнага цэнтру “SOL-Minsk” Ванда Дармаян камэнтаваць прапанову аб аднаўленьні на працы спадарыні Грузьдзіловіч адмовілася:

“Я з вамі не зьбіраюся пра гэта размаўляць. Я буду размаўляць толькі з Мар’янай Рыгораўнай, а ня з вамі. Дайце нам самім разабрацца”.

На пытаньне, ці мае спадарыня Грузьдзіловіч намер аднаўляцца на працы ў кампаніі, ці паставіла свой подпіс пад загадам, тая адказала:

“Шчыра кажучы, пакуль не. Я яшчэ канчатковага рашэньня не прыняла”.

Ніхто з кіраўніцтва кампаніі з Мар’янай Грузьдзіловіч пакуль ня зьвязваўся. З папярэднім загадам — аб звальненьні — яе азнаёмілі два завучы, падобна як з новым загадам — галоўная бухгальтарка кампаніі.



Мар’яна Грузьдзіловіч скончыла Менскі пэдагагічны інстытут замежных моў (цяпер — лінгвістычны ўнівэрсытэт). Выкладала ангельскую мову ў школах і гімназіях Менску, з 1998 году працавала ў адукацыйным цэнтры “SOL Minsk”. 25 сакавіка была звольненая. Нагадаем, што падставай да звальненьня стала нязгода выкладчыцы з навучэнкай, якая заявіла: у Дзень Волі на вуліцы выходзяць “тупыя ўроды з апазыцыі”. Мар’яна Грузьдзіловіч адказала, што сама наведвае апазыцыйныя акцыі і бачыць там пераважна інтэлігентных людзей. Аднак загадам кіраўніцтва цэнтру настаўніца была звольненая на падставе абвінавачаньня ў парушэньні статуту арганізацыі.

Увечары 31 сакавіка настаўніцу з адукацыйнага цэнтру “SOL Minsk” Мар’яну Грузьдзіловіч азнаёмілі з загадам, паводле якога адменены былы загад аб яе звальненьні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG