Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Няма прызнаньня Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі — няма крэдыту


Чарговы юбілей так званай саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі адзначыўся новымі праблемамі ў дачыненьнях дзьвюх краін — адмовай Мінфіну Расеі даць Беларусі крэдыт у расейскіх рублях для ўзаемных разьлікаў, адключэньнем вяшчаньня шэрагу расейскіх тэлеканалаў у Беларусі, гандлёвымі спрэчкамі. З чым Менск і Масква сустракаюць так званы “Дзень яднаньня”?

Беларускі ўрад ужо атрымаў ад Расеі некалькі крэдытаў, агулам на 3 мільярды даляраў. Яшчэ адзін транш у паўмільярда даляраў Масква мае пералічыць бліжэйшым часам. На дадатак да гэтых пазыкаў беларускі ўрад зьвярнуўся яшчэ па 2 мільярды даляраў пад дзяржаўныя гарантыі Расеі. Пра гэта паведамілі ў расейскім Мінфіне. Апрача таго, на пачатку году Менск папрасіў у Масквы крэдыт у расейскіх рублях агульнай сумай у 100 мільярдаў, што адпавядае тром мільярдам даляраў ЗША. Беларусь гэта матывавала неабходнасьцю пераводу сваіх разьлікаў з Расеяй на яе нацыянальную валюту.

Напярэдадні афіцыйнага сьвята яднаньня Беларусі і Расеі расейскі Мінфін адмовіў Беларусі ў крэдыце памерам 100 мільярдаў рублёў, матываваўшы гэта тым, што Беларусь і так атрымала шмат пазыкаў ад Расеі. Ва ўрадзе Беларусі на гэта зазначылі, што афіцыйна не атрымлівалі ніякай інфармацыі з Расеі наконт адмовы ў 100-мільярдным крэдыце. Сёньня на гэтую навіну адрэагаваў намесьнік дзяржсакратара Саюзнай дзяржавы Васіль Хрол:

Васіль Хрол
“Не магу ўявіць, чаму адмоўлена. Гэта перамоўны працэс. Пазыцыі будуць зьвераныя, і я глыбока перакананы, што крэдыт Рэспубліцы Беларусь пры прадстаўленьні патрэбнай інфармацыі будзе дадзены”.

Менскі палітоляг Юры Чавусаў зьвязвае адмову ў чарговай расейскай пазыцы для Беларусі з двухбаковым торгам у палітычнай сфэры:

Юры Чавусаў
“Тыя пытаньні, якія ёсьць на парадку дня беларуска-расейскіх адносінаў, у прынцыпе вядомыя. Гэта пераарыентацыя Беларусі ў бок Захаду, гэта пытаньне прызнаньня Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі, гэта пытаньне допуску ў Беларусь расейскага капіталу, — ёсьць шмат пытаньняў, якія ня вырашаныя, і гэта робіць новы вялікі крэдыт для Беларусі немагчымым”.

Намесьнік Паўла Барадзіна Васіль Хрол, наадварот, мяркуе, што ні маруджаньне з разглядам у беларускім парлямэнце пытаньня аб прызнаньні Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, ні магчымасьць удзелу Беларусі ва “Ўсходнім партнэрстве” Эўразьвязу не перашкаджаюць пэрспэктывам разьвіцьця так званай саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі.

Спадар Хрол заклікаў таксама “не палітызаваць” сёньняшняе адключэньне вяшчаньня ў Беларусі шэрагу расейскіх тэлеканалаў, патлумачыўшы гэта “перамоўным працэсам суб’ектаў гаспадараньня”, які, на ягоную думку, мае скончыцца пазытыўна.

Аднак, як паказвае досьвед падобных перамоўных працэсаў, выніку часам даводзіцца чакаць даволі доўга. У прыватнасьці, гэта тычыцца абмежаваньняў у гандлі на тэрыторыі Расеі для беларускіх вытворцаў. Адзін з такіх прыкладаў прывёў сам спадар Хрол:

“Ужо больш за год беларускае прадпрыемства „Інка-фуд“ ня можа пастаўляць у Расею сваю прадукцыю. З той прычыны, што, як кажа фіта-санітарная служба РФ, нейкія мікраарганізмы знаходзяцца ў яе прадукцыі”.

Пазытыўныя вынікі незалежных экспэртыз нічога не даюць — расейскія чыноўнікі працягваюць абмяжоўваць беларускай кампаніі доступ на свой рынак, кажа Васіль Хрол.

***

А ўчора прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў папярэдзіў Украіну, што тая не павінна спадзявацца на расейскае крэдытаваньне, калі ня ўлічыць расейскіх інтарэсаў у газатранспартнай сфэры. 23 сакавіка Украіна і Эўразьвяз падпісалі заяву аб намерах мадэрнізаваць украінскую газатранспартную сыстэму. У заяве ня згадваецца Расея, галоўны пастаўшчык газу ў Эўропу ўкраінскай газатранспартнай сыстэмай ды адначасова галоўны пастаўшчык газу спажыўцам ва Ўкраіне.

Пасьля перамоваў з канцлерам Нямеччыны Ангелай Мэркель у Бэрліне, Мядзьведзеў сказаў, што калі Ўкраіна будзе мадэрнізаваць свае газаправоды без удзелу Расеі, дык Кіеў не павінен разьлічваць на расейскія крэдыты. „Як можна даваць грошы ў такой сытуацыі, калі мы ня можам дамовіцца адносна аднаго з самых істотных пытаньняў?” — сказаў Мядзьведзеў журналістам.

Паводле ранейшых паведамленьняў, Украіна зьвярнулася да Расеі з просьбай выдзеліць ёй крэдыт памерам у 5 мільярдаў даляраў. Паведамлялася таксама, што ўрад Юліі Цімашэнкі разьлічвае на іншы расейскі крэдыт, каб пакрыць дэфіцыт сёлетняга дзяржаўнага бюджэту.
XS
SM
MD
LG