Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1 красавіка апэратары кабэльнага тэлебачаньня спынілі трансьляцыю шэрагу расейскіх спадарожнікавых тэлеканалаў. У прыватнасьці, пад “зачыстку” трапілі “НТВ Мир”, “Ren TV” і “Первый (Всемирная сеть)”. Месяц таму з тэставага вяшчаньня быў зьняты “ТВ-Центр International”. Афіцыйна рашэньне тлумачыцца тым, што згаданыя кампаніі не падалі дакумэнты на атрыманьне дазволу дзеля трансьляцыі на тэрыторыю Беларусі. Амбасада Расеі ў Менску накіравала зварот у МЗС Беларусі з патрабаваньнем патлумачыць такі крок.

Сёньня з раніцы шмат хто зь беларускіх гледачоў замест звыклых праграмаў, якія ўваходзяць у пакет кабэльных апэратараў, заўважыў зьмены. Найбуйнейшы апэратар “Космас ТВ” на кнопцы канала “Первый (Всемирная сеть)” разьмясьціў “Мир. СНГ”. Праграмы “НТВ-Мир” замененыя на “Россия. Вести 24 часа”, а “Ren TV” — на ТНТ (у вэрсіі Менскіх тэлевізійных інфармацыйных сетак — на сэрыяльны канал “Fox Live”). Адключэньне тэлеканалаў мае месца і ў іншых гарадах краіны. Так, сёньня на частаце “Ren TV” у Бабруйску — дзьве вэртыкальныя паласы праз экран.

Лініі кабэльнага апэратара “Космас ТВ” перагружаныя ад тэлефанаваньняў — увесь дзень нумар адказвае аднолькава:

“Дадзены кірунак перагружаны…”

Ня выключана, што супрацоўнікі ня маюць намеру нешта тлумачыць, апроч ужо агучанай пазыцыі — напярэдадні было заяўлена, што тэлеканалы не падрыхтавалі ў трохмесячны тэрмін дакумэнты на атрыманьне дазволу дзеля трансьляцыі на тэрыторыю Беларусі. У абарону беларускіх апэратараў выступіў намесьнік дзяржсакратара Саюзнай дзяржавы Васіль Хрол, які перад адкрыцьцём чарговай сэсіі Палаты прадстаўнікоў заявіў: “Калі хтосьці не выконвае дамову, то трэба сядаць за стол перамоваў, а не пераўтвараць адключэньне каналаў у палітычную сэнсацыю”.

Калі хтосьці не выконвае дамову, то трэба сядаць за стол перамоваў, а не пераўтвараць адключэньне каналаў у палітычную сэнсацыю.
Кіраўнікі расейскіх тэлеканалаў таксама вырашылі вытрымаць паўзу. Падобна, яны чакаюць адказу на запыт амбасады Расеі ў Менску: дыпмісія намагаецца высьветліць мэтазгоднасьць такога кроку ад МЗС Беларусі.

Гаворыць кіраўніца прэсавай службы канала “Первый (Всемирная сеть)” Марыя Старавойт:

“Так, такую інфармацыю я раніцай атрымала, але да атрыманьня дазволу ад кіраўніцтва пракамэнтаваць нічога не магу. Прынамсі, пакуль што”.

Ад супрацоўнікаў Першага каналу стала вядома, што сёньня пасьля працоўнага дня генэральны дырэктар Канстанцін Эрнст мае абмеркаваць сытуацыю з падначаленымі і агучыць нейкую кансалідаваную пазыцыю.

Нівэляваць абвастрэньне адносінаў намагаюцца і ў структурах, адказных за мэдыяпрастору. Як паведаміў на ўмовах ананімнасьці супрацоўнік аднаго зь менскіх прадпрыемстваў кабэльных паслугаў, у Міністэрстве інфармацыі была скліканая экстраная нарада, дзе, сярод іншага, абмяркоўвалася і забарона на трансьляцыю шэрагу расейскіх тэлеканалаў:

“Сёньня заплянаваная нарада ў Міністэрстве інфармацыі — ня толькі з гэтай нагоды, але меліся ўзьняць і гэтае пытаньне. Паводле неправераных зьвестак, павінны, па-першае, вярнуць „ТВ-Центр“ — пакуль толькі не вядома, у якім выглядзе: ці ўласна „ТВ-Центр“, ці „ТВ-Центр International“.
Урэшце Лужкоў нібыта сказаў: няхай у нас ідзе „Беларусь ТБ“, а мы ў вас будзем трансьляваць ТВЦ без усялякіх дадатковых умоваў.
Ідзе вялікі ціск з Масквы: колісь было пытаньне па спадарожнікавым „Беларусь ТБ“ у Маскве, расейцы не хацелі асабліва яго пускаць. Урэшце Лужкоў нібыта сказаў: няхай у нас ідзе „Беларусь ТБ“, а мы ў вас будзем трансьляваць ТВЦ без усялякіх дадатковых умоваў. Па-другое, трэба вырашаць, што рабіць з астатнімі каналамі. Бо тое, што там круцяцца проста вялізныя па беларускіх мерках рэклямныя грошы, — гэта таксама трэба трымаць у галаве”.

Трансьляцыя канала “ТВ-Центр International” была спыненая месяц таму, замест яго пачаў вяшчаньне тэлеканал “РБК”. Такое рашэньне ўжо тады выклікала зьдзіўленьне: канал падпарадкоўваецца маскоўскаму ўраду, і танальнасьць камэнтароў на ТВЦ ня йдзе ні ў якае параўнаньне з забракаванымі “НТВ Мир”, “Ren TV” і “Первый (Всемирная сеть)”.

На Першым расейскім канале вялікай папулярнасьцю карыстаецца шоў “ПрожекторПерисХилтон”: вядучыя абмяркоўваюць газэтныя артыкулы, імправізуюць на вострыя тэмы. З зайздросным пастаянствам у зводкі трапляе Аляксандар Лукашэнка, апошнім часам — пераважна ў зьвязку з малодшым пазашлюбным сынам Міколкам. Канал ОНТ, які дублюе большую частку праграмаў Першага, цэнзуруе месцы пра Лукашэнку, а ў мінулую суботу праграма ўвогуле зьнікла з раскладу ОНТ.

У суботу на канале “Ren TV” у выніковай перадачы “Неделя с Марианной Максимовской” быў паказаны сюжэт, прысьвечаны асабістаму жыцьцю Аляксандра Лукашэнкі і Міколку ў прыватнасьці. Не вызначаецца асаблівымі рэвэрансамі на адрас кіраўніка Беларусі тэлеканал НТВ — той неаднаразова трапляў у поле зроку дасьледчыкаў праграмы “Максімум”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG