Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мужчын сталага веку амаль не засталося — усіх пазвозілі на могілкі”


Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 1 красавіка 2009 году


Тое, што ў беларускай эканоміцы на працягу апошніх месяцаў адбыліся істотныя зьмены, адчула на ўласных кішэнях большасьць беларусаў. Ці здольныя гэтыя зьмены пацягнуць за сабой зьмены палітычныя? Як у новых умовах павінна дзейнічаць дэмакратычная апазыцыя? На гэтыя пытаньні спрабуюць адказаць у сваіх лістах на “Свабоду” многія нашы слухачы.

Пачну сёньняшнюю размову з допісу нашага даўняга сябра Дзяніса Барэйкі зь вёскі Юркаўшчына Докшыцкага раёну. Слухач піша:

“Наша апазыцыя зацыклілася на моўнай праблеме. Маўляў, калі не адрадзіць беларускую мову — краіна загіне. А чаму ж тады не загінулі ЗША, краіны Лацінскай Амэрыкі, Аўстралія, у якіх людзі размаўляюць на эўрапейскіх мовах?

Каб слова “сьвядомыя” з вуснаў прэзыдэнта не гучала зьдзекліва і абразьліва, апазыцыянэры павінны перабудавацца. Перад кіраўніцтвам краіны трэба ўзьнімаць тыя праблемы, якія сёньня найперш хвалююць людзей. Іх вельмі многа. Напрыклад:

— калі і як будуць кампэнсаваны абясцэненыя на пачатку 90-х гадоў грашовыя ўклады ў Ашчадным банку?
— калі вернуць абяцаныя грошы за прыватызацыйныя чэкі “Маёмасьць”?
— чаму сяляне-кармільцы апушчаны да самай нізкай у краіне зарплаты?
— чаму гарадзкая буржуазія аплачвае толькі трэцюю частку выдаткаў на камунальныя паслугі? Атрымліваецца, што за багатых павінны даплачваць рабочы люд і пэнсіянэры”.


Пытаньне пра тое, якую частку рэальных камунальных паслугаў аплочваюць жыхары гарадзкіх шматкватэрных дамоў — даволі спрэчнае, спадар Барэйка. Камунальная гаспадарка ў Беларусі — дзяржаўны манапаліст, канкурэнтаў ня мае, і таму пра яе рэальныя выдаткі можна толькі здагадвацца. Напрыклад, кошт газу для шараговых спажыўцоў у Беларусі значна вышэйшы, чым той, за які Беларусь купляе гэты газ у Расеі. Дык адкуль у такім разе размовы пра страты і кампэнсацыі, якія нібыта плаціць дзяржава людзям?

А ўвогуле, большасьць тых, каго вы, спадар Барэйка, называеце гарадзкой буржуазіяй, даўно ўжо жывуць не ў “хрушчоўках” побач з рабочым людам, а ў загарадных маёнтках з аўтаномнымі камунікацыямі.

Наступны ліст — на тэму зьменаў, якія адбываюцца ў сельскім жыцьці. Мікалая Шылу з Кобрына даўно хвалюе і непакоіць лёс вёскі, гаспадара на зямлі. У сваім новым лісьце на “Свабоду” слухач піша:

“Аляксандар Лукашэнка ня раз паўтараў, што прыватны ўласьнік краіну не накорміць, што толькі калгас гэта можа зрабіць. Але вы прыгледзьцеся, чым нас кормяць гэтыя калгасы. Колькі атрутных рэчываў выкідаюць у глебу трактары ды іншая тэхніка, колькі шкоды прыносяць мінэральныя ўгнаеньні ды ядахімікаты... І ўсім гэтым кормяць беларускае насельніцтва. Ня ведаю, можа, прэзыдэнт гэтага і ня есьць, можа, яму з Вэнэсуэлы ці Індыі прывозяць экалягічна чыстае, вырашчанае бяз хіміі...

А нам жа падзецца няма куды. У паліклініцы, што на другім паверсе, ад хворых аж столь угінаецца. І за лекі трэба плаціць немалыя грошы. А тут яшчэ мусім лядовыя палацы будаваць — зноў грошы з народнай кішэні. І беларусы паслухмяна цягнуць гэту лямку. У нас ужо мужчын сталага веку амаль не засталося — усіх павывозілі на могілкі. А мы ўсё паліваем сьвінцом калгасныя палі ды возім таўстапузых старшыняў калгасаў на пэрсанальных машынах. А сьвінарка тым часам гніе на брудным сьвінарніку ў гумовых ботах. Усё добрае старое разбурылі. А што стварылі? Кажуць, сяляне ня хочуць працаваць, п’юць. А дзеля чаго працаваць? Дзеля калгаснага рабства?”


Бяз тэхнікі, мінэральных угнаеньняў і ядахімікатаў не абыходзяцца цяпер і прыватныя гаспадары, фэрмеры. Іншая справа — якім чынам усё гэта выкарыстоўваецца, які санітарны кантроль наладжаны за атрыманай прадукцыяй. Мяркуючы па тым, што ад беларускіх мясных і малочных прадуктаў усё часьцей адмаўляецца нават Расея, спасылаючыся пры гэтым якраз на парушэньне экалягічных нормаў, праблемаў у гэтай справе ў Беларусі надзвычай шмат. І многія беды абумоўлены якраз тым, што ў зямлі няма сапраўднага гаспадара — тут з вамі, спадар Шыла, цяжка не пагадзіцца.

Мы працягваем атрымліваць водгукі на нядаўнія выказваньні прэзыдэнта Лукашэнкі пра апазыцыйных лідэраў. Нагадаю, падчас нядаўняга наведваньня Віцебшчыны беларускі кіраўнік назваў апазыцыю “ворагамі народа” і “пятай калёнай”, а таксама “вашывымі палітыкамі” і “адмарозкамі”. Наш даўні сябар Васіль Валошка з Радашкавічаў Маладэчанскага раёну з гэтай нагоды піша:

“Хачу прапанаваць лідэрам апазыцыйных партый падаць заявы ў суд за зьнявагу і паклёп. А суд няхай праверыць, хто ёсьць ворагам народа. Калі выявіцца, што гэта паклёп — няхай вінаватага пакараюць: напрыклад, двума гадамі “хіміі”. Ці ў нас судзяць толькі за паклёп на прэзыдэнта ды на салігорскага міліцыянта Пугачова?

Калі верыць прымаўцы — каму што баліць, той пра тое і гаворыць. Калі так, то больш за ўсё на сьвеце наш прэзыдэнт ненавідзіць блох, вошай, прадпрымальнікаў ды апазыцыю. Адных, напэўна, за мінулае, а другіх — за праблемы сёньняшнія.

А ўвогуле, над такімі выказваньнямі прэзыдэнта настаў час задумацца ня толькі апазыцыі”
.

У сярэдзіне і напрыканцы 90-х гадоў некаторыя апазыцыйныя палітыкі шмат разоў спрабавалі прыцягнуць Аляксандра Лукашэнку да судовай адказнасьці за ягоныя спрэчныя выказваньні. Ніводная са спробаў посьпехам для заяўнікаў ня скончылася. Справы да суду, як правіла, не даходзілі, а вось самім аўтарам зваротаў ня раз давялося паспытаць і міліцэйскіх ботаў, і турэмнай баланды. Так што спрачацца з прэзыдэнтам з дапамогай беларускіх судоў — справа марная, сабе даражэй. Таму наўрад ці апазыцыйныя палітыкі панясуць у суд новыя заявы пасьля віцебскіх выказваньняў прэзыдэнта.

На мінулым тыдні, 25-га сакавіка, тыя беларусы, якім дарагія ідэалы Беларускай Народнай Рэспублікі, адзначалі Дзень Волі — чарговую гадавіну БНР. Наступны ліст з развагамі пра гэтую дату і пра лёс беларускай мовы даслала нам Марыя Селях зь Менску. Яна піша:

“Дзень Волі — гэта сьвята магчымасьцяў, сьвята надзеі на лепшую будучыню для беларускай нацыі і народа. Сапраўднай незалежнасьці не адчуваю, таму мары застаюцца толькі марамі.

Мова — той абярэг, той талісман, што ахоўвае нацыю, дае ёй разьвівацца. Але яна вельмі зьмененая ў параўнаньні з мовай 19-га — пачатку 20-га стагодзьдзя. Многія новаўтварэньні адштурхоўваюць людзей ад беларушчыны. А няма мовы — няма і нацыі, няма і беларускай супольнасьці, няма ўзаемадапамогі. Ёсьць расейская, габрэйская, іншыя — толькі не беларуская”
.

Зьвярну вашу ўвагу, спадарыня Марыя, на той ліст, які прагучаў на пачатку нашага эфіру. Яго аўтар Дзяніс Барэйка дакарае апазыцыю за тое, што яна, маўляў, занадта шмат увагі аддае моўнай праблеме. Але вось жа размаўляюць у Злучаных Штатах і Аўстраліі па-ангельску, у Мэксыцы па-гішпанску, у Бразыліі — па-партугальску, і нішто гэтым краінам і гэтым нацыям не пагражае. Прыкладна гэтак жа разважае і значная частка беларускага грамадзтва, і беларуская ўлада, што ажыцьцяўляе сёньняшнюю моўную палітыку, у якой беларускай мове адведзена вельмі сьціплае месца.

На тэму дыскрымінацыі беларускай мовы піша нам і Аляксей Лапенка зь Менску. Цытую ягоны ліст:

“Дзяржава, якая павінна ўсімі сродкамі (а галоўнае — праз нацыянальную культуру, стрыжнем якой зьяўляецца беларуская мова) кансалідаваць нацыю, гэтага амаль ня робіць. А робяць гэта, ня маючы дзяржаўнай улады, такія прыстойныя, сумленныя і самаахвярныя людзі, як Зянон Пазьняк, Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін ды іхныя аднадумцы.

Пажадана часьцей чуць іх па Радыё Свабода, бо яны не баяцца казаць праўду, называць падзеі і рэчы сваімі імёнамі. Яны ідуць, ня збочваючы, шляхам змаганьня, за незалежную Беларусь — ня ў прыклад такім змагарам, як Домаш, Ганчарык, Шарэцкі, Ціхіня ды іншыя. Таксама пажадана, каб Радыё Свабода не было засьмечана выказваньнямі розных камуністычных лідэраў, хлусьлівасьць якіх дастаткова засьведчана гісторыяй”
.

Мы давалі і будзем даваць слова ў сваіх перадачах і тым пералічаным у лісьце асобам, якіх вы, спадар Лапенка, лічыце вартымі, і іхным апанэнтам, якіх вы вартымі ня лічыце, але меркаваньні якіх важныя дзеля таго, каб нашы слухачы атрымалі аб’ектыўнае і поўнае ўяўленьне пра тое, што адбываецца ў палітыцы, эканоміцы, культуры Беларусі. Гэта — адзін з галоўных прынцыпаў дзейнасьці нашага радыё.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG