Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Гарадзенскія заводы: і авечкі цэлыя, і ваўкі сытыя


Як удаецца пазьбегчы масавых звальненьняў на беларускіх прадпрыемствах? Чаму, аднак, лічба працуючых скарачаецца? Чаму лічбы заробкаў у справаздачах не зьмяншаюцца? Чаму колькасьць вакансій ў службе занятасьці стала меншай?

Прадстаўнік Беларускага незалежнага прафсаюзу ў Гарадзенскім рэгіёне Анатоль Хацько ўвесь час адсочвае: што адбываецца на прамысловых прадпрыемствах. Зьмяншаюцца ў працаўнікоў заробкі ці не? Заробкі зьмяншаюцца, кажа спадар Хацько, але каб палепшыць лічбы, да заробкаў прыплюсоўваюць усе іншыя даходы — грашовую дапамогу, кампэнсацыі.

Хацько: “Але каб не паказваць, што стаяць прадпрыемствы, каб не падводзіць пад скарачэньне людзей, яны цяпер пераходзяць да розных схемаў, якія былі выпрабаваны яшчэ ў 1990-х гадах: пераход на няпоўны працоўны дзень, на няпоўны тыдзень, ссоўваньне зьменнасьці, каб не плаціць за начную, робяць адну зьмену”.

Напрыклад: калі двое рабочых працавалі ў дзьве зьмены на адным варштаце, цяпер зьмена адна, а яны працуюць толькі па чатыры гадзіны, па чарзе.

Хацько: “Гэта не вядзе да скарачэньня рабочых, але падае заробак. Па-першае, не выконваюцца паказчыкі: аб’ёмаў няма, падае прадукцыйнасьць, экспарту няма, мы ж нікуды не адгружаем прадукцыю, прэміяльную частку людзі трацяць бадай цалкам”.
Разы ў два можа рабочы атрымліваць меней за інжынэрна-тэхнічнага работніка падчас прастояў

Практычна на заводах цяпер працуюць на голых тарыфах і акладах, але рабочыя атрымліваюць менш за інжынэрна-тэхнічных працаўнікоў.

Хацько: “Я, дапусьцім, працую па трэцяму разраду, а ітр — па пятнаццатым, можна параўнаць: разы ў два можа рабочы атрымліваць меней за інжынэрна-тэхнічнага падчас прастояў”.

Сёньня на заводах не працягваць кантракты з пэнсіянэрамі, а вызваленыя працоўныя месцы скарачаюць.

Хацько: “Цяпер яны не даюць у цэнтар занятасьці дадзеныя аб наяўнасьці вакансій. Калі вакансія патрэбная для вытворчасьці, яны зробяць перавод з цэху ў цэх. Атрымліваюцца, што людзей не скарачаюць, не звальняюць, а вакансій няма: дзесьці аб’ядноўваюць цэхі, участкі”.

Такім чынам, няма скарачэньняў, але агульная лічба працуючых зьмяншаецца.

Хацько: “Такая антыкрызісная праграма, але пытаньне трэба інакш ставіць: а што далей? Усяму ёсьць мяжа. Мадэрнізацыя патрэбна, а для гэтага патрэбныя грошы, пад яе патрэбны бізнэс-пляны, каб нешта новае выпускаць, прамысловасьць трэба перабудоўваць”.
XS
SM
MD
LG