Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя на Віцебшчыне вядзе “працу над памылкамі”


Сход прадстаўнікоў кааліцыі АДС у Воршы

Сход прадстаўнікоў кааліцыі АДС у Воршы

У Воршы адбыўся сход прадстаўнікоў кааліцыі дэмакратычных сіл Усходняй Віцебшчыны. У ім бралі ўдзел мясцовыя лідэры БНФ, ПКБ, АГП, “Народнай грамады”, незарэгістраванай партыі “Надзея”, праваабаронцы. Сярод іншага, яны спрачаліся пра тое, як зараз дзейнічаць апазыцыі. Як, у прымяненьні да мясцовых рэалій, зьмяніць тактыку працы з выбарцамі.

Дыскусію пачалі прадстаўнікі “левых” – талачынец Мінай Карніенка, аршанец Мікалай Дзямідаў з ПКБ, а таксама Алена Кучынская, намесьніца старшыні сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада”. Але спрэчка завязалася нават сярод іх.

“Калі былі выбары ў Палату прадстаўнікоў, усе з рознай актыўнасьцю бралі ўдзел у кампаніі. Праходзіў рэдактар газэты “Товарищ” Сяргей Вазьняк. Якія вынікі? Сумныя. Мала працавалі на кандыдата. Разьвярнуцца было ня вельмі шмат умоў, бо на кожных ступенях нейкія перашкоды. Ніводзін з нашых прадстаўнікоў не ўвайшоў у склад участковых камісій. Зрабіць у гэтай сытуацыі амаль нічога немагчыма. Трэба мяняць выбарчыя законы...”

“Ёсьць і пазытыўныя бакі, таму што 22%, якія залічылі – гэта наша перамога. Каманда супрацоўнічала зь іншымі партыямі, арганізацыямі. Афіцыйна Вазьняк у Талачынскім раёне набраў 60% галасоў. Гэта патэнцыял нашых апазыцыйных сіл перад прэзыдэнцкімі выбарамі. Трэба мяняць артыкул 13, каб мы бачылі, што там лічаць людзі. Каб выбары былі па партыйных сьпісах, зараз пятая частка парлямэнту была б апазыцыйная...”

Скепсісу падбавіў Ігар Казьмерчак з “Моладзі БНФ”:

“Выбарчы кодэкс, канешне, можна мяняць. Але які толк будзе? Нават пры сёньняшнім кодэксе можна перамагаць. Іншая справа, што ён не выконваецца. Трэба думаць, мне здаецца, як прымусіць выконваць – пачынаючы ад выбарчага кодэксу, канчаючы праблемамі ЖКГ...”

Праваабаронца Васіль Леўчанка дзеліцца сваім клопатам.

“Я лічу, трэба дабіцца ад улады выкарыстоўваць тэлебачаньне, бо што гэта такое – улёткі? Асабліва людзей цікавіць, калі будуць тэледэбаты? Апошнія былі яшчэ падчас першых прэзыдэнцкіх выбараў. А калі няма тэледэбатаў, няма барацьбы, людзям нецікава...”

Міалай Петрушэнка з ПКБ узрываецца:
Хто з нас сышоў? Хто-небудзь сказаў: “Усё, я апусьціў рукі”?!

“Шаноўныя спадары, вось я слухаю: “Няма СМІ, тэлеэкрана”… Дык вось жа прыехаў, стаіць! Дай хоць 7 тэлеэкранаў, калі мы ня будзем гаварыць людзям праўду і гаварыць рэзка – ніхто нас слухаць не будзе! Першы ўрок – тое, што мы ўмеем працаваць. Сама ўлада напісала нам 20-30%. Лукашэнка гаварыў, што гэтых “адмарозкаў” больш за палову адсотка не падтрымліваюць. Што будзе далей рабіць улада?! Улада прызнае, што мы перамагаем! Другі ўрок, што мы ўмеем быць адзінымі, нягледзячы на тое, што ў таго лібэралізм, у таго марксізм. Патрэбна гэта захаваць далей. Трэці ўрок – мы засталіся на кані. Хто з нас сышоў? Хто-небудзь сказаў: “Усё, я апусьціў рукі”?! Патрэбна адно – працаваць. Рабіць так, каб Лукашэнка, чыноўнікі бачылі...”

Словы праваабронцы з Хэльсінскага камітэту Васіля Берасьнева пэўным чынам падсумавалі гэтую частку дыскусіі:

“Мінулая выбарчая кампанія дапамагла нам знайсьці шмат новых людзей дэмакратычных поглядаў, якія ўжо не зьяўляюцца прыхільнікамі дыктатара, якія пры пэўных умовах могуць перайсьці да апазыцыі. Мы наладзілі адносіны добрага супрацоўніцтва ў найбольш буйных гарадах нашага рэгіёну, такіх як Новалукомль, Чашнікі, Лепель, Лёзна, Сянно, я ўжо не кажу пра Коханава, Багушэўск. Дзясяткі людзей ёсьць у гарадах, і трэба іх аб’яднаць, навучыць, арганізаваць і рыхтаваць да наступных выбараў...”

Далей размова пайшла пра асобу адзінага кандыдата ці кандыдатаў на будучых прэзыдэнцкіх выбарах. Удзельнікі дыскусіі пачалі ад высновы: тое, што ён раней “нераскручаным” вылучаўся напярэдадні падзей – адна з найвялікшых памылак апазыцыі. Працяг будзе...

Гл.таксама: Погляд “зьнізу” на дыялёг з Эўропай
XS
SM
MD
LG