Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебск: праваабаронцу вінавацяць у пагрозах ад імя РНЕ


Леанід Сьвецік

Леанід Сьвецік

На допыце ў абласной управе КДБ праваабаронцу Леаніду Сьвеціку прад’явілі абвінавачаньне па двух крымінальных артыкулах.

Спадара Сьвеціка вінавацяць у паклёпе на прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь (артыкул 367 частка 2) і ў распальваньні нацыянальнай варожасьці (артыкул 130 частка 1 Крымінальнага кодэксу).

Нагадаем, што ў траўні мінулага году КДБ распачаў справу супраць праваабаронцы Леаніда Сьвеціка з нагоды зьяўленьня ў Віцебску лістоў з пагрозамі ад імя “віцебскай філіі “Русского Национального Единства”. На працягу 2006-2007 гг. некалькі віцебскіх апазыцыйных і грамадзкіх актывістаў атрымлівалі лісты, чые аўтары пагражалі адрасатам расправай за палітычныя погляды і праявы беларускай нацыянальнай самасьвядомасьці. Сярод тых, хто атрымліваў такія лісты, былі рэдактар газэты “Витебский курьер” і бюлетэня “Курьер из Витебска” Ўладзімер Базан, былая старшыня абласной арганізацыі АГП Алена Залеская, вядомы віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда і шэраг мясцовых сябраў КХП БНФ.

Леанід Сьвецік дапамагаў абражаным актывістам складаць скаргі ў міліцыю і КДБ, каб адказныя структуры знайшлі тых, хто дасылае лісты з пагрозамі. Але міліцыя і органы дзяржбясьпекі адмаўляліся заводзіць крымінальныя справы, аргумэнтуючы сваё рашэньне тым, што РНЕ — незарэгістраванае грамадзкае ўтварэньне.

23 траўня супрацоўнікі КДБ зьявіліся зь ператрусам да самога праваабаронцы. Ператрус працягваўся 9 гадзін, у спадара Сьвеціка забралі кампутар ды іншую аргтэхніку, друкаваныя выданьні па пытаньнях праваабароны і нават чыстую паперу. Ператрус праводзілі згодна з пастановай, у якой Леанід Сьвецік фігураваў у якасьці сьведкі, але на першым жа допыце ў КДБ яму паведамілі, што ў справе “лістоў ад РНЕ” ён ужо падазраваны. Праваабаронца адразу заявіў, што ніякага дачыненьня да напісаньня й распаўсюду лістоў з пагрозамі ад імя РНЕ ня меў і ня мае.

У верасьні 2008 году крымінальную справу супраць яго прыпынілі. На той час сьледчыя КДБ некалькі разоў дапыталі і праваабаронцу, і тых, хто атрымліваў лісты з пагрозамі, а таксама віцебскіх журналістаў, якія пісалі пра гэтыя падзеі. На пачатку сакавіка Леанід Сьвецік атрымаў ліст ад сьледчага абласной управы КДБ пра тое, што крымінальную справу ізноў аднавілі. Сёньня яму было прад’яўлена абвінавачаньне.

З матэрыяламі крымінальнай справы віцебскі праваабаронца і ягоны адвакат Павал Сапелка пачнуць знаёміцца 3 красавіка. Паводле абвінавачаньняў, высунутых супраць Леаніда Сьвеціка, па кожным артыкуле яму можа пагражаць пазбаўленьне волі на тэрмін да пяці гадоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG