Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску з размахам ладзяць конкурс расейскай песьні


У Віцебску пачалася падрыхтоўка да конкурсу выканаўцаў расейскай песьні і музыкі “Город княгини Ольги”.

У спаборніцтве прапанавана ўзяць удзел маладым выканаўцам ад 10 да 31 году. Да ўдзелу ў адборачным туры ўжо прынята больш за 80 заявак ад мастацкіх калектываў і самадзейных артыстаў. Конкурс, які мае адбыцца ў траўні, будзе праводзіцца ў намінацыях “Расейская народная песьня”, “Расейскі раманс”, “Расейская эстрадная папулярная песьня савецкага часу” і “Расейская народная мэлёдыя”.

Ініцыявалі правядзеньне гэтай імпрэзы гарадзкое аддзяленьне ГА “Русское общество” і Віцебская гарадзкая грамадзкая арганізацыя “Русский культурный центр «Русь»”. Мэтай конкурсу абвешчана папулярызацыя музычнай творчасьці расейскіх аўтараў. У гэтым сэнсе конкурс “Город княгини Ольги” можна лічыць унікальным праектам: больш ніводнае грамадзкае аб’яднаньне этнічна-культурнага кірунку, сярод якіх ёсьць і ўкраінская, і польская, і некалькі габрэйскіх суполак, не прапагандуе сваіх мастацкіх каштоўнасьцяў з такім размахам ды ў найлепшай гарадзкой канцэртнай залі.

Тым ня менш гарвыканкам не дазволіў віцебскаму праваабаронцу Паўлу Левінаву правесьці пікет да дня народзінаў расейскага паэта і барда Ўладзімера Высоцкага. Сябар БХК спадар Левінаў меркаваў 25 студзеня выйсьці да абласной бібліятэкі і раздаваць мінакам улёткі з цытатамі зь песень вядомага творцы, бо лічыць ягоную грамадзянскую лірыку актуальнай і ва ўмовах сёньняшняга беларускага жыцьця. Аднак такі ўзор расейскай культуры гарадзкія ўлады папулярызаваць не далі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG