Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады напалохаліся расейскіх гумарыстаў?


Ад заўтра ў Беларусі можа прыпыніцца паказ шэрагу расейскіх тэлеканалаў. Як паведамілі журналістам у офісе кабэльнага апэратара “Космас ТВ”, 1 красавіка спыніцца рэтрансьляцыя тэлеканалаў “Ren TV”, “ТВ-Центр Internacional”, “Первый (Всемирная сеть)” і “НТВ Мир”.

Як патлумачыла інфармацыйнаму агенцтву БелаПАН начальнік аддзелу праграмаў “Космас ТВ” Алена Клюйкова, такія захады абумоўленыя “неабходнасьцю выкананьня рашэньняў Савету міністраў і Закону аб СМІ”. Згодна з дакумэнтамі, замежныя тэлевізійныя каналы абавязаны атрымліваць спэцыяльны дазвол на тое, каб весьці трансьляцыю на тэрыторыю Беларусі. Аднак, паводле Алены Клюйковай, названыя тэлеканалы ня ўклаліся ў адведзены заканадаўствам трохмесячны тэрмін, каб легалізавацца ў Беларусі, і таму кампанія “Космас ТВ” вымушана спыніць іх трансьляцыю.

Для шэрагу расейскіх каналаў пэрспэктыва быць адрэзанымі ад беларускіх гледачоў стала непрыемным сюрпрызам, хоць, магчыма, сёй-той яшчэ лічыць навіну першакрасавіцкім жартам. У офісе тэлеканалу “Первый (Всемирная сеть)” сказалі:

“Ой, вы ведаеце, я пра гэта нічога ня чула. Ніяк не магу пракамэнтаваць. Ніякай такой інфармацыі нам не даводзілі. І калі раптам такое здарыцца, то, пэўна, толькі заўтра нешта будзем ведаць”.

Прадстаўнік тэлеканалу “Ren TV” Антон Назараў кажа, што яны таксама не атрымлівалі ніякага папярэджаньня зь беларускага боку:

“Адзінае, што вам магу сказаць: паколькі мы ніякай афіцыйнай інфармацыі не атрымлівалі на дадзены момант, то і пракамэнтаваць нічога ня можам. Яшчэ раз паўтараю, што пакуль такой інфармацыі на афіцыйным узроўні ў нас няма. Адпаведна, мы можам рэагаваць толькі на тое, што адбываецца ў нас афіцыйна”.

Карэспандэнт: “Але ж вы будзеце ведаць, калі заўтра раптам спыніцца трансьляцыя?”

“Ну, калі спыніцца, то канечне. Таму давайце быць на сувязі, будзем высьвятляць абставіны”.

У офісе “НТВ Мир” — рэакцыя падобная да ранейшых:

“Я проста нічога не магу кампэтэнтна пракамэнтаваць, таму што ня бачыла ніякага паведамленьня і ў мяне няма гэтаму ніякага тэкставага пацьвярджэньня. Таму камэнтаваць не бяруся”.

У “Космас ТВ” падкрэсьліваюць, што ніякага палітычнага падтэксту ў рашэньні няма. Аднак на ўзроўні абмеркаваньняў чуюцца іншыя вэрсіі. Прыкладам, Першы расейскі канал штосуботы трансьлюе гумарыстычнае шоў “ПрожекторПерисХілтон”. Вядучыя ў эфіры чытаюць газэты й імправізуюць на злабадзённыя тэмы. З упартай рэгулярнасьцю ў іхнія зводкі трапляе Аляксандар Лукашэнка. Апошнім часам — пераважна ў зьвязку з сынам Міколкам, якога прэзыдэнт бярэ з сабой нават на афіцыйныя перамовы. Раней шоўмэны абмяркоўвалі, ці варта Лукашэнку пускаць у Эўропу, і варажылі — што ён там будзе рабіць? Канал ОНТ, які рэтрансьлюе бальшыню праграмаў Першага каналу, цэнзуруе месцы пра Лукашэнку, а ў мінулую суботу праграма ўвогуле зьнікла з раскладу беларускага ОНТ.

У суботу на канале “Ren TV” у выніковай перадачы “Неделя с Марианной Максимовской” быў паказаны сюжэт, прысьвечаны асабістаму жыцьцю Аляксандра Лукашэнкі і ягонага сына Міколкі. Не адзначаецца асаблівымі рэвэрансамі на адрас кіраўніка Беларусі і тэлеканал НТВ. Крыху не да месца выглядае ў сьпісе “ТВ-Центр International” — гэты канал падпарадкоўваецца маскоўскаму ўраду, які падтрымлівае шчыльныя сувязі з кіраўніцтвам Беларусі.

Паводле папярэдняй інфармацыі, забароненыя каналы будуць замешчаныя іншымі. Сярод альтэрнатываў называюцца “Россия. Вести 24 часа” і “Мир. СНГ”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG