Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Магілёве прыватнікі зьбілі кошты на маршруткі


На трыццаць працэнтаў патаньнеў праезд на хуткасных рэйсах з Магілёва ў Менск. Чыноўнікі дзяржаўнага транспарту тлумачыць гэта як саступку ў канкурэнцыі з прыватнікамі.

Цяпер адна паездка з Магілёва ў Менск абыходзіцца пасажыру ў дваццаць тысяч рублёў. Раней даводзілася плаціць ад 27 да 31 тысячы. На ўсе астатнія рэйсы з магілёўскага аўтавакзалу кошты засталіся ранейшымі:

“Гэта барацьба зь нелегаламі. Каб „перабіць“ нелегалаў. Там, дзе выгадна, яны і працуюць. І нам неяк трэба ім перакрываць кісларод. Пачынаем зараз лічыць грошы, бо не хапае ў бюджэце грошай на заробкі”, — тлумачыць прадстаўнік адміністрацыі аўтавакзалу.

Які эфэкт прынесла зьніжка, суразмоўца не паведаміў.

Ці сталі людзі больш езьдзіць, калі праезд патаньнеў? З такім пытаньнем зьвяртаюся да вадзіцеля афіцыйнай маршруткі, які накіроўваецца ў рэйс. У салёне — толькі тры чалавекі:

“У мяне практычна нічога не зьмянілася. Вось тут толькі што стаяла яшчэ адна наша машына. У мяне толькі дваццаць хвілінаў. Не пасьпявае запаўняцца маршрутка. А за гэтую машыну, што ў крэдыт узялі, як разьлічыцца? І патрапілі ў такі час, у крызіс. Працэнтная стаўка ж вырасла. Я ня ведаю, як гэта ўсё будзе”.

Ці выгадна займацца пасажырскімі перавозкамі, пытаюся ў суразмоўцы. Ён цьвердзіць, што не зусім:

“Я кіроўца. Гаспадар мне плаціць трыццаць тысяч за рэйс. За дзень адзін рэйс, і ўсё”.

Афіцыйныя маршрутнікі наракаюць на недасканаласьць раскладу рэйсаў. Хуткасных маршрутаў на Менск ад дванаццатай да паловы на пятнаццатую проста няма. У гэты час пасажыры ідуць да нелегальных перавозьнікаў. У іх ужо два гады запар кошт праезду з Магілёва ў Менск стабільны: 22 тысячы рублёў.

Магілёўскі палітык Аляксандар Сілкоў часта езьдзіць у Менск, і ён вітае патаненьне праезду:

“Пры здаровай канкурэнцыі заўжды выйграе спажывец. Да гэтага варта ўжо прызвычаіцца. Дзяржаўны мэнэджмэнт павінен нарэшце павярнуцца да людзей, а то даходзіць да тупога маразму: цана на бэнзін падае, а цэны на праезд растуць. Ад таго, што цэны дзяржава зьнізіла, выйграюць усе: і перавозьнікі, і пасажыры”.
XS
SM
MD
LG