Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле Белстату, у студзені лютым Беларусь скараціла экспарт тавараў амаль на 48 працэнтаў, імпарт — больш як на 32 працэнты. Дэфіцыт гандлёвага балянсу вырас у 2,5 раза ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году і склаў 1 мільярд 92 мільёны даляраў ЗША. Чым пагражае такая дынаміка балянсу зьнешняга гандлю, мы папрасілі выказацца эканамістаў.


Паводле МЗС Беларусі, у 2007 годзе адмоўнае сальда ў зьнешнім гандлі Беларусі складала 4,4 мільярда даляраў, у 2008 годзе яно вырасла да мінус 6,6 мільярда. У гандлі Беларусі з Расеяй летась адмоўнае сальда склала 13 мільярдаў даляраў. Калі цягам гэтага году захаваецца дынаміка ў зьнешнім гандлі, паказаная ў першыя два месяцы — рост адмоўнага сальда ў 2,5 раза, — атрыманымі крэдытамі гэты дэфіцыт пакрыць ня ўдасца.

Найбольш верагодным наступствам такой тэндэнцыі незалежныя эканамісты бачаць рост попыту на валюту і пагрозу дэвальвацыі беларускага рубля. Экс-старшыня Нацыянальнага банку Беларусі Станіслаў Багданкевіч на гэтым тыдні заклікаў урад тэрмінова прыняць праграму стабілізацыі плацёжнага балянсу. Тыя крэдыты, якія бярэ цяпер урад, праблемы ня вырашаць, — перакананы ён.

Станіслаў Багданкевіч
“Гэта прывядзе да дэвальвацыі, да чаго ж яшчэ? Цяпер бяруцца крэдыты на спажываньне. Што такое дэфіцыт гандлёвага балянсу? Гэта спажываньне: краіна спажывае болей, чым вырабляе і прадае. І крэдыты ня йдуць на стварэньне працоўных месцаў, новых вытворчасьцяў”.

Адмоўнае сальда, паводле спадара Багданкевіча, складаецца ў асноўным за кошт інвэстыцыйных тавараў, перш за ўсё нафтапрадуктаў і газу. Але энэрганосьбіты выкарыстоўваюцца неэфэктыўна. Шмат тавараў застаецца ў сховішчах, яшчэ больш — прадаецца пакупнікам, якія ня здольныя іх аплаціць, што вядзе да росту дэбіторскай запазычанасьці.

“У нас крызіс не фінансавы, а эканамічны. У нас неканкурэнтная эканоміка, занадта вялікі сабекошт, вялікія выдаткі. І з-за гэтага мы ня можам прадаць тавары за мяжу”.

Незалежны эканаміст Леанід Злотнікаў таксама мяркуе, што рост адмоўнага сальда плацёжнага балянсу выкліча далейшую дэвальвацыю беларускіх грошай. Дэвальвацыя сапраўды на нейкім этапе дапаможа выжываць экспартным прадпрыемствам за кошт усяго насельніцтва краіны, — кажа спадар Злотнікаў:

Леанід Злотнікаў
“Гэта будзе вымушаная падтрымка неканкурэнтаздольнай эканомікі — вось такая дэвальвацыя. Яна непазьбежна адбудзецца, калі такое адмоўнае сальда будзе заставацца і далей”.

У Нацыянальным банку Беларусі не падзяляюць занепакоенасьці незалежных эканамістаў наконт магчымасьці чарговай дэвальвацыі беларускай валюты з-за вялікага адмоўнага сальда зьнешняга гандлю. Гаворыць прадстаўнік Нацбанку Анатоль Драздоў:

“Такія прагнозы я чую зь пэрыядычнасьцю раз на тыдзень. Мне ўжо надакучыла іх абвяргаць. Арыентуйцеся на заявы старшыні праўленьня Пятра Пятровіча Пракаповіча і прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, якія па гэтым пытаньні выказаліся дакладна і ясна: кошт “валютнага кошыка” — 960 беларускіх рублёў плюс-мінус 5 працэнтаў. Усё!”

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG