Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Погляд “зьнізу” на дыялёг з Эўропай


Сход прадстаўнікоў АДС у Воршы

Сход прадстаўнікоў АДС у Воршы

У Оршы адбыўся сход прадстаўнікоў кааліцыі дэмакратычных сілаў Усходняй Віцебшчыны. У ім бралі ўдзел мясцовыя лідэры БНФ, ПКБ, АГП, “Народнай грамады”, незарэгістраванай партыі “Надзея”, праваабаронцы. Абмяркоўваліся найбольш надзённыя, на думку ўдзельнікаў, праблемы палітычнага жыцьця ў прымяненьні да мясцовых рэалій. Падобныя сустрэчы-дыскусіі тут мяркуюць зрабіць пастаяннымі.

Напачатку загаварылі пра тое, што на слыху – пра дыялёг Лукашэнкі з Захадам. Як высьветлілася, “зьнізу” ён бачыцца, як “праз галаву народа”. Дыскусію пачалі “левыя”: Мікалай Петрушэнка з Коханава, Мінай Карніенка з Талачына ды Мікалай Дзямідаў з Воршы – кіраўнікі філій ПКБ.

“Дзе ўсе гэтыя старая, маладая Эўропы, АБСЭ, якія ляглі пад Лукашэнку?! Лукашэнку трэба было памагаць з Эўропы год 5 таму. Цяпер яны дапамагаюць таму, каму народ ужо ня верыць. Людзі ня вераць Лукашэнку!”

“Я згодны таксама. Зірніце, як Эўропа яго зараз падвышае. За тое, што ён скінуў беларускі рубель і павысіў даляр з эўра? Ці выпусьціў Казуліна, пакінуўшы іншых? За тое, што з народам расправіўся, адмяніўшы льготы? Дарэчы, сам сябе гэтым падрубіў, задушыў электарат, паставіў яго на калені!”

“Я быў дэпутатам ВС 13 скліканьня. Вы памятаеце, як пасьля разгону парлямэнту Эўропа, паводле прадстаўленьня Віка, сказала: “Вось гэтыя і гэтыя ўмовы выканайце, грамадзянін Лукашэнка, і будзем супрацоўнічаць”. Подпіс быў намесьніка кіраўніка адміністрацыі Сазонава, і ў выніку што засталося?! Сёньня мы вярнуліся празь 10 год да таго, чаго не пачыналі. Эўропа, нібыта, ізноў хоча навесьці парадак. На старыя граблі наступаць нельга!”

У дыялёг уступаюць “правыя” – праваабаронца з Барані Васіль Леўчанка ды Ігар Казьмерчак з Воршы, “Моладзь БНФ”.

“Я не пагадзіўся б, што Эўропу Лукашэнка перамог. Дзе ён яе перамог?! Эўропа дала магчымасьць нашай уладзе нешта зьмяніць у краіне. Толькі магчымасьць, і ніхто не гаворыць, што яго паважаюць. Ну, а крэдыт – гэта не Эўропа...”

“Маладыя” краіны, што ў Эўразьвяз увайшлі – на іх спадзяваньні ёсьць. “Старыя” краіны забыліся, што такое дыктатура. Яны ізноў сядаюць – сапраўды, можа, другі, трэці раз гуляцца з Лукашэнкам па “пэўных” правілах, як яны уяўляюць сабе дэмакратыю. Але не мае словы: “З шулерам сядаць гуляць...” А ведаеце, чаму так атрымліваецца? Таму што партыі якраз-такі актыўна працавалі, таму людзі да іх пайшлі. А вось паміж выбарамі мы недапрацоўваем. Гэта ўжо не ад Эўропы, не ад Лукашэнкі залежыць, не ад выбарчага кодэксу – гэта залежыць чыста ад нас...

Далей размова пайшла пра тое, якой сёньня мусіць быць апазыцыя, як дзейнічаць на месцах, у тым ліку, ва ўмовах крызысу. Працяг будзе...

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG