Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Я стаў выдаўцом, каб супрацьстаяць русыфікацыі”


Зьміцер Санько

Зьміцер Санько

Сёньня галоўнаму рэдактару недзяржаўнага выдавецтва “Тэхналёгія” Зьміцеру Санько -- 60. Ягоная выдавецкая дзейнасьць надзвычай плённая. Толькі запачаткаваная ім сэрыя “Нашы славутыя землякі” налічвае ўжо больш за трыццаць назваў. А яшчэ слоўнікі, энцыкляпэдычныя даведнікі “100 пытаньняў і адказаў па гісторыі “Беларусі”, а потым шматкроць перавыдадзеныя “150 пытаньняў

Прафэсійны біёляг, кандыдат навук з пасьпяховай пэрспэктывай Зьміцер Санько трыццаць гадоў таму кінуў усё гэта і пайшоў простым рэдактарам у выдавецтва “Навука і тэхніка”. На пытаньні знаёмых адказваў, што працуючы ў лябараторыях з адным хімічным рэчывам дастаў алергію. Тое было толькі напалову праўдай.

“Галоўным было тое, што я імкнуўся быць карысным сваёй Бацькаўшчыне. Гэта былі сямідзясятыя гады – час татальнай русыфікацыі і дэнацыяналізацыі, і мой выбар быў усьвядомленым. Да таго часу я быў ужо чалавекам са сфармаваным сьветапоглядам, за што шчыра ўдзячны найперш сваім бацькам”.

Не філёляг Зьміцер Санько стаў стваральнікам папулярнага расейска-беларускага слоўніка прыказак, прымавак і фразэм і выдаўцом шмат якіх іншых беларускіх слоўнікаў. Не гісторык Зьміцер Санько стаў ініцыятарам выданьня і рэдактарам энцыкляпэдычных даведнікаў “100 пытаньняў і адказаў па гісторыі “Беларусі”, а потым шматкроць перавыдадзеных “150 пытаньняў…” Ён падахвоціў пісьменьніка Ўладзімера Арлова і гісторыка Генадзя Сагановіча да стварэньня “10 вякоў беларускай гісторыі”, якую адрэдагаваў і перавыдаў ужо некалькі разоў. Ён запачаткаваў і рэдагуе сэрыю “Нашы славутыя землякі”, выдае беларускамоўную матэматычную энцыкляпэдыю, факсымільна перавыдае “Нашу ніву” – усяго не пералічыць. Кнігі з друкарскага варштата спадара Санько ўжо утвараюць дыхтоўную бібліятэку, а ён сёньня не сьвяткуе, а робіць новыя:

“Нарэшце ўбачыць сьвет пяты выпуск факсымільнага выданьня “Нашай Нівы”, дзе будуць сабраныя пад адной вокладкай гадавікі ад 1912 да 1915 году. Рыхтуем да выданьня ў сэрыі “Нашы славутыя землякі” кнігу пра знакамітага матэматыка Соф’ю Кавалеўскую. У той самай сэрыі выйдзе кніга пра Марціна Пачобута-Адляніцкага, нашага астранома. Выйдзе таксама чарговы том нарматыўнага даведніка “Назвы населеных пунктаў Віцебскай вобласьці…”

Кожная новая беларуская кніжка на крок скарачае русыфікацыю Бацькаўшчыны – з такім крэда галоўны рэдактар недзяржаўнага выдавецтва “Тэхналёгія” сустракае сваё шасьцідзесяцігодзьдзе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG