Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч: “Узровень удзелу будзе залежаць ад дэмакратызацыі”


Міністры замежных спраў Эўразьвязу на нефармальнай сустрэчы папярэдне вырашылі запрасіць прадстаўнікоў Беларусі на саміт інаўгурацыі “Усходняга партнэрства”, які адбудзецца 7 траўня.

Аднак яны далі зразумець, што замест Аляксандра Лукашэнкі ў Празе чакаюць іншага чыноўніка. Афіцыйнае рашэньне ў гэтым пытаньні пакуль не агучана. Як камэнтуюць сытуацыю ў Беларусі?

У беларускім Міністэрстве замежных спраў пакуль адмаўляюцца ад камэнтароў, спасылаючыся на “адсутнасьць дакумэнтаў”.

Аляксандар Мілінкевіч
Паводле лідэра руху “За свабоду” Аляксандра Мілінкевіча, прадстаўнік Беларусі абавязкова павінен браць удзел у саміце, інакш гэта “значна зьменшыць інтэнсіўнасьць дачыненьняў”. Камэнтуючы магчымасьць удзелу замест Лукашэнкі іншага чыноўніка, спадар Мілінкевіч адзначыў:

“Гэтая рэкамэндацыя зьвязаная з тым, што дэмакратычныя працэсы на Беларусі не ідуць так хутка, як хацелася б эўраструктурам. І ёсьць мноства пытаньняў па правах чалавека і па мэдыях. І я думаю, што такая рэкамэндацыя адпавядае рэчаіснасьці. Наш удзел там, а таксама ўзровень і інтэнсіўнасьць удзелу будзе залежаць ад дэмакратызацыі, увесь час”.

Анатоль Лябедзька
Старшыня АГП Анатоль Лябедзька лічыць, што запрашэньне Аляксандра Лукашэнкі на саміт будзе “палітычнай памылкай і паразай Эўропы”. Яно “дэзарыентуе прыхільнікаў пераменаў у Беларусі, якія зважаюць на эўрапейскія каштоўнасьці і стандарты”. Адносна магчымасьці “публічнага выкрыцьця” беларускага лідэра на саміце спадар Лябедзька адзначыў:

“Практыка сьведчыць, што Саляна і ўсе астатнія настолькі далікатныя палітыкі, што нават калі яны будуць крытыкаваць Лукашэнку, яму будзе здавацца, што яго хваляць. Ён не разумее мову дыплямата, намёк. Яму трэба гаварыць вельмі моцна і адкрыта, называць рэчы сваімі імёнамі. Эўрапейская бюракратыя і дыпляматыя няздольная падабраць тыя словы, якія будуць абсалютна зразумелыя для Лукашэнкі. Да таго ж і маральны аспэкт… Мы ня можам падпісацца пад такім фарматам”.

Лявон Баршчэўскі
Старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі адзначыў, што ведаў пра такі варыянт рашэньня. І лічыць яго не найгоршым, бо Лукашэнку запрашаюць не наўпрост, а з пэўнымі абмежаваньнямі:

“Зараз, фактычна, Лукашэнка нічым сябе абавязаным ня будзе адчуваць і да гэтага дня ніякіх зьменаў ён рабіць ня будзе, бо юрыдычна запрашэньне адбылося. І таму чакаць зьменаў у заканадаўстве ці вызваленьня палітвязьняў, бадай што, будзе складана. У гэтым адмоўны бок такога рашэньня”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG