Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У актывісткі БХД пагражаюць забраць дзяцей


Ідэалягічны аддзел Глыбоцкага райвыканкаму тэлефануе мясцовым заснавальнікам БХД, патрабуючы тлумачэньняў адносна мэтаў і стратэгіі партыі.

У Тацяны Кліменцевай зь Мёраў пагражаюць адабраць прыёмных дзяцей, калі яна й надалей будзе кантактаваць з актывістамі стваранай партыі.

Настаўнік Юры Кілбасіч з Глыбокага пераканаўся, што ў мясцовы райвыканкам даслалі сьпісы ўдзельнікаў устаноўчага сходу Партыі БХД, калі яму патэлефанавала супрацоўніца ідэалягічнага аддзелу Галіна Грамакоўская. Спадарыня Грамакоўская распытвала, ці падпісваўся ён за стварэньне БХД, і пацьвердзіла, што будзе тэлефанаваць усім жыхарам Глыбоччыны, чые прозьвішчы ёсьць у сьпісе заснавальнікаў. Юры Кілбасіч кажа, што быў гатовы да тэлефоннага званка зь Міністэрства юстыцыі, бо яно павінна спраўджваць подпісы. А тое, што патэлефанавала супрацоўніца райвыканкаму, якая ня мае на гэта законных паўнамоцтваў, спадар Кілбасіч ацэньвае як магчымы пачатак рэпрэсій:

“Пыталася, ці быў сход, якія ў партыі мэты і задачы. І я адразу ёй сказаў: „Калі ў мяне цяпер пачнуцца праблемы, я буду ведаць, адкуль гэта йдзе!“ У яе на руках быў наш падпісны ліст, і я ведаю, што ня толькі ў яе — падпісныя лісты ўлады атрымалі ў розных рэгіёнах”.

Пад ціск уладаў і непасрэднага кіраўніцтва трапіла і Тацяна Кліменцева зь Мёраў. Спадарыня працуе ў дзіцячым доме сямейнага тыпу — выхоўвае дзетак, якіх яна ўзяла зь дзіцячага дому. Колькі дзён таму яе выклікалі ў райвыканкам ды папярэдзілі, што звольняць з працы, калі яна не адмовіцца ад дзейнасьці ў БХД. Для спадарыні Кліменцевай гэта азначае, што яе разлучаць з прыёмнымі дзецьмі, якія ўжо называюць яе мамай.

Тацяна Севярынец
Сёньня каардынатарка аргкамітэту дзеля стварэньня БХД Тацяна Севярынец параіла спадарыні Кліменцевай зьвярнуцца з гэтай праблемай да незалежных журналістаў. І адразу пасьля іхнай тэлефоннай размовы да мёрскай актывісткі патэлефанавалі зь мясцовага КДБ:

“Адразу пасьля нашай размовы, што зь ёй зьвяжуцца карэспандэнты незалежных СМІ, Тацяне Кліменцевай патэлефанавалі з КДБ. Потым яе выклікалі ў аддзел адукацыі й папярэдзілі: калі яна будзе мець стасункі з партыяй або нашымі сябрамі, у яе адбяруць дзетак, якімі яна апякуецца, ды звольняць з працы”.

Як распавяла Тацяна Севярынец, размова ў аддзеле адукацыі скончылася тым, што спадарыні Кліменцевай далі дакумэнты, якія яна мусіць падпісаць, калі гатовая звольніцца й адмовіцца ад прыёмных дзяцей.

Паводле Тацяны Севярынец, улады шукаюць магчымасьці ўдарыць па самых слабых месцах у тых, хто хоча стварыць новую партыю — прымушаюць звальняцца з працы, пагражаюць асабістымі непрыемнасьцямі і нават шантажуюць дзецьмі. Яна згадала, што толькі на Віцебшчыне ціск з боку ўладаў адчулі актывісты зь Бешанковіцкага і Мёрскага раёнаў, з Глыбокага, Віцебску і Наваполацку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG