Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Незапатрабаванасьць прадукцыі прадпрыемстваў Магілёўшчыны застаецца асноўнай праблемай рэгіянальнай эканомікі. Старшыня Магілёўскага аблвыканкаму Пётар Руднік вінаваціць прамыслоўцаў у бязьдзейнасьці й патрабуе, каб яны зьмяншалі кошты на заляжалую прадукцыю.


Паводле афіцыйнай інфармацыі, на складах прадпрыемстваў Магілёўшчыны назапашана прадукцыі больш як на 760 мільярдаў рублёў. Экспарт зьнізіўся на сорак мільёнаў даляраў. За апошнія два месяцы істотна скараціліся паступленьні ў бюджэт рэгіёну. Кіраўніцтва аблвыканкаму прызнае, што ёсьць праблемы з рэалізацыяй сацыяльных праграмаў, фінансаваньнем бюджэтнай сфэры й выплатай заробкаў.

Кіраўнікі прадпрыемстваў, заяўляе Пётар Руднік, прыкладаюць недастаткова намаганьняў, каб адолець наступствы крызісу:
у 2010 годзе крызіс ня скончыцца...

“Спадзяюцца на тое, што крызіс у 2009 годзе, ну ў 2010 годзе, урэшце скончыцца. І потым, пасьля гэтага, яны будуць працаваць далей. Дык вось, ён ня скончыцца”.

Што ж прапануе кіраўнік аблвыканкаму?

“Бярыце за аснову тое, што сёньня робіцца ў Злучаных Штатах па распродажы. Тады за гэтымі шкарпэткамі й шторамі прыбягуць з Расеі й павязуць іх у Расейскую Фэдэрацыю. Тады ў вас будуць паказьнікі й прадпрыемствы будуць працаваць. Езьдзяць у Хмяльніцкі, ва Ўкраіну па тавар гэтак званы. А я хачу, каб езьдзілі сёньня ў Магілёўскую вобласьць”.

Ці слушна вінаваціць толькі адных прамыслоўцаў у сытуацыі, якая склалася ў рэгіянальнай эканоміцы? Эканаміст Пётар Мігурскі лічыць, што гэта несправядліва:

“Ад іх патрабавалі: дай валавую прадукцыю — яны гналі гэту валавую прадукцыю. Гэта дзяржаўная палітыка. Можа, сёньня столькі ж часу й фінансавых рэсурсаў выдзеліць менавіта на разьвіцьцё малога й сярэдняга бізнэсу? Можа, людзям узьняць выплаты па беспрацоўі? Можа, даць магчымасьць прадпрыемствам скінуць зь сябе лішнюю працоўную сілу?”.

Што чакае рэгіянальную эканоміку ў бліжэйшай пэрспэктыве?

“Пакупніцкая здольнасьць насельніцтва рэзка зьнізілася, рынкі збыту ўнутры краіны й зьнешнія рынкі збыту шмат у чым страчаныя, таму затаваранасьць складоў будзе працягвацца. Сытуацыя будзе пагаршацца”.

XS
SM
MD
LG