Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Bosch ловіць ад Беларусі “патрэбныя сыгналы”


Рэнэ Шлегель

Рэнэ Шлегель

Чаму інвэстары без энтузіязму адрэагавалі на заклік беларускіх уладаў укладаць пад гарантыі дзяржавы грошы ў беларускую эканоміку? Ці вераць кіраўнікі міжнародных карпарацый у абвешчаную лібэралізацыю на Беларусі? Якія ўвогуле інвэстыцыйныя пэрспэктывы падчас сусьветнага фінансавага крызісу? З гэтымі ды іншымі пытаньнямі карэспандэнт Свабоды зьвярнуўся да аднаго з кіраўнікоў вядомай нямецкай кампаніі Bosch, паўнамоцнага прадстаўніка групы Bosch у Расеі, Украіне, Беларусі і Казахстане Рэнэ Шлегеля.

Днямі ў Маскве адказныя асобы кампаніі Bosch падсумавалі вынікі дзейнасьці за 2008 год. Было канстатавана: цягам апошніх трох гадоў рынкі краінаў Усходняй Эўропы разьвіваліся найбольш дынамічна, дэманструючы штогадовы рост на дзясяткі працэнтаў. Пры гэтым найбольшыя паказьнікі належаць Беларусі – 44 мільёны даляраў кансалідаванага абароту ў 2008 годзе ў параўнаньні з 8 мільёнамі годам раней. То бок, больш чым 80-працэнтны рост. Аднак пачатак 2009-га засьведчыў: эканамічная сытуацыя ў шэрагу галінаў, асабліва ў будаўніцтве і машынабудаваньні, у цэлым нэгатыўна адкарэктуе бізнэс кампаніі. Паводле прадстаўніка групы Bosch у Расеі, Украіне, Беларусі і Казахстане Рэнэ Шлегеля, так ці інакш новыя ўмовы закрануць 282 тысячы чалавек, якія працуюць у структуры Bosch па ўсім сьвеце:

Шлегель: “На колькі заканадаўства дазваляе нам скараціць працоўны дзень ці працоўны тыдзень, мы гэта робім усюды, дзе гэта толькі магчыма. Прыкладам, такія прэцэдэнты ўжо маюць месца на нашых вытворчасьцях у Нямеччыне. Але, на жаль, заканадаўства ня кожнай краіны дазваляе такія захады да работнікаў, і ў некаторых краінах мы вымушаныя былі скараціць пэрсанал, як, прыкладам, у Вугоршчыне, Турэччыне. Мы намагаемся абысьціся як мага меншымі стратамі, але скарачэньні былі. Аднак дзе толькі гэта магчыма, мы стараемся абыходзіцца малой крывёю”.

Карэспандэнт: “У часе справаздачы па выніках мінулага году Вы сказалі, што “беларускі рынак – марудны”. Ці гэта азначае, што ён аўтаматычна непрывабны для маштабных сумесных праектаў?”

Шлегель: “У нас у Беларусі не такія вялікія аб’ёмы, каб мы маглі дазволіць сабе адчыніць вытворчасьць, якая сябе акупляла б. Праца на канвэер, як правіла, патрабуе вялікай колькасьці пастаўшчыкоў. І каб акупіць сябе – вялікай колькасьці кліентаў. У адносінах да Беларусі гэта пакуль невыканальна. Але важным крокам, напрыклад, у супрацоўніцтве зь Менскім маторным заводам (ММЗ) для нас зьяўляецца тое, што ёсьць так званыя “інжынэрныя аплікацыі”. Мы ня толькі прадаём, але і манціруем абсталяваньне. Гэта вельмі важна, бо мы працуем непасрэдна шчыльна з кліентамі ў зборцы рухавікоў на ММЗ. Але каб адкрыць паўнавартасную вытворчасьць, пра гэта гаворкі няма. Важнай перавагай для нашага кліента, як у выпадку з ММЗ, зьяўляецца тое, што мы сваёй зборкай дапамагаем яму стаць больш сучасным, прадаваць больш сучасную прадукцыю, тым самым ствараем працоўныя месцы. То бок, у такім супрацоўніцтве мы дапамагаем адзін аднаму, і ў канчатковым выпадку ня так важна, якая шыльда вісіць над заводам”.
Беларусь мае добры патэнцыял і таму павінна пастаянна мадэрнізавацца для нарошчваньня экспарту”.

Карэспандэнт: “Bosch мае вытворчасьці ў розных краінах сьвету. Ці разглядалася верагоднасьць сумеснага зборачнага цэху, вытворчасьці ў Беларусі? На колькі сытуацыя ў Беларусі спрыяе (ці не спрыяе) цікавасьці да супольных праектаў у пэрспэктыве?”

Шлегель: “Патрэбы беларусаў, баюся, ня могуць быць досыць вялікімі ніколі проста таму, што краіна досыць малая. Сытуацыю можна параўнаць са Швэйцарыяй, дзе тая ж карціна. Беларусь залежыць ад экспарту, перадусім у машынабудаваньні. Але важным фактарам для нас зьяўляецца тое, што Беларусь дастаткова сучасная, каб арыентавацца на сучасныя тэхналёгіі. У будучым я чакаю пашырэньня ў галіне экспарту: мы дапамагаем зьбіраць сучасныя рухавікі, мадэрнізаваць вытворчасьць, што само па сабе значны крок на шляху мадэрнізацыі. Прыкладам, мы хацелі б пашырыць сувязі з трактарным заводам, МАЗам, БелАЗам. Беларусь мае добры патэнцыял, яна ляжыць лягістычна ў вельмі зручным месцы, і ў яе значны патэнцыял для разьвіцьця. І гэтаму статусу яна павінна адпавядаць – то бок, пастаянна мадэрнізавацца для нарошчваньня экспарту”.

Карэспандэнт: “Беларусь доўгі час заставалася краінай, зачыненай для інвэстыцый. Цяпер на ўсіх узроўнях вядзецца гаворка пра лібэралізацыю. Наколькі магчымая інвэстыцыйная актыўнасьць з боку замежных кампаній?”

Шлегель: “Па-першае, Беларусь падае патрэбныя сыгналы, і насамрэч ня так важна – ідуць інвэстыцыі ад замежных партнэраў ці знутры краіны. Канечне ж, Беларусь, як і любую іншую краіну ў сьвеце, закрануў крызіс. Бо калі ідзе дождж, то намокне кожны. Але пры той адкрытай палітыцы, якую Беларусь зараз намагаецца праводзіць, яна, напэўна, будзе закранутая гэтым крызісам меней, чым магло быць. І гэта жыцьцёва неабходна, таму што краіна знаходзіцца ў эпіцэнтры Эўропы”.
Пры той адкрытай палітыцы, якую Беларусь зараз намагаецца праводзіць, яна, напэўна, будзе закранутая крызісам меней, чым магло быць.

Карэспандэнт: “У параўнаньні зь іншымі краінамі прыватызацыя ў Беларусі ідзе павольна, амаль усё па-ранейшаму кантралюецца дзяржавай. Улады запэўніваюць, што кантроль над вытворчай сфэрай саслужыў добрую справу падчас крызісу: прадпрыемствы хоць на склад, але працуюць, людзей не звальняюць, заробкі ўрэзаныя, але ж ёсьць. Вы прыхільнік такой “гуманнай” схемы пераадоленьня цяжкасьцяў, ці дзеля ўратаваньня эканомікі патрэбныя больш радыкальныя захады?

Шлегель: “Ёсьць эканомікі, якія цалкам залежаць ад патрэбаў рынку, ад спажыўца. І калі спажываньне скарачаецца на 40-60%, яны вымушаныя скарачаць пэрсанал, каб захаваць кампанію. Інакш кампанія проста загіне. У цэлым, калі ёсьць магчымасьць і нейкі сэнс захаваць працоўнае месца, гэта забясьпечвае большую стабільнасьць у сацыяльным пляне – лепш хадзіць на працу 2-3 дні на тыдзень, чым не хадзіць увогуле. Але ў такой сытуацыі кожны мусіць разумець: давядзецца тужэй зацягнуць паясы, бо скарачаецца праца, скарачаюцца заробкі. Да таго ж, кожны крызіс заканчваецца, закончыцца і гэты калі-небудзь. І вось пры такім падыходзе, калі людзі ходзяць па 2-3 дні на працу, вельмі лёгка перайсьці зноў на 5-дзённы тыдзень. У працадаўцы тут несумненная выгада – свой навучаны пэрсанал, дасьведчаныя кваліфікаваныя кадры – чым у таго, каму давядзецца наноў наймаць пэрсанал, навучаць яго. Такі падыход асабіста мне, як чалавеку, канечне, больш блізкі. І з чалавечага гледзішча ён больш гуманны”.

Кампанія Bosch прыйшла ў Беларусь у сярэдзіне 1990-х. Аднак “павольнасьць” беларускага рынку не дазваляла спадзявацца на асаблівыя посьпехі, пакуль у 2008 годзе, дзякуючы росту попыту ў сэктары электраінструмэнтаў і аўтакамплектуючых адбыліся зрухі да лепшага. Адно з падразьдзяленьняў – Bosch Security Systems – цяпер займаецца ўсталяваньнем сыстэм бясьпекі на “Мінск-Арэне”. Ёсьць і іншыя дзяржаўныя замовы, якія з патрабаваньняў захаваньня таямніцы прадстаўнікі Bosch называць адмаўляюцца.
XS
SM
MD
LG