Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Ужо некалькі гадоў напярэдадні Дня Волі вядуцца дыскусіі: як яго сьвяткаваць? Сёлета таксама апытанкамі на гэтую тэму поўніліся СМІ ды інтэрнэт. Але нейкага ўнівэрсальнага адказу, які б усе прынялі ды супакоіліся, не знаходзіцца.

Можа быць, праблема ня ў тым, каб проста выйсьці, каб узьняць сьцягі, каб “нешта рабілася”. Трэба, каб нешта рабілася ў працяг, у прырост, у прыплод?

Дзень альбанскай авіяцыі

Гэты сюжэт таксама сёлетні. 25 сакавіка студэнты вырашылі адпрасіцца з пары замежнае мовы й сталі тлумачыць “францужанцы”, чаму гэта важна. “А што ў вас, Дзень альбанскай авіяцыі?” – іранічна перапытала выкладчыца. Але адпусьціла.

На гэтым іронія ня скончылася. Ідучы на мерапрыемства, маладзёны дружна пагадзіліся, што сёньня – сьвята амонаўцаў: зноў будуць расьцяжкі, мардабой, пасадкі... Выплеск адрэналіну абяцаў пазбаўленьне ад гнятлівага настрою.

... Калісьці ў 90-я гады на Дзень Волі выходзілі дзясяткі тысяч. Па-першае, гэта мела інфармацыйны эфэкт – многія беларусы дазнаваліся пра сакавіцкі Акт незалежнасьці. Па-другое, малады аўтарытарызм у пару свайго станаўленьня мусіў зразумець, што нагода – не мімалётны лёзунг і выкараніць яе ня ўдасца.

Вынік тых масавых шэсьцяў – навідавоку. Абазнаная частка насельніцтва ведае пра БНР, і ўжо не такі порсткі аўтарытарызм гатовы згадзіцца на існаваньне Дня Волі. Прынамсі, летась гэта было асабліва прыкметна, калі афіцыйныя СМІ зьбіралі круглыя сталы гісторыкаў.

Здавалася б, калі вынік дасягнуты, трэба рухацца далей – замацоўваць яго і разьвіваць. І ранейшыя сродкі – вулічная канфрантацыя – для гэтага не надаюцца. Пра што сьведчыць, па-першае, малалікасьць дэманстрантаў, па-другое, тое, што ініцыятарамі і правакатарамі бітваў з амонам усё часьцей выступаюць самі пацярпелыя. Але нічога іншага, апроч вулічнага супрацьстаяньня, пакуль не прыдумана.

25 Сакавіка

Магчыма, прычына гэтага ў няяснай трактоўцы таго, што мы сьвяткуем. 25 сакавіка 1918 году быў прыняты Акт незалежнасьці Беларусі. Гэтая падзея перадвызначыла ўсю гісторыю краіны – як асобнай і сувэрэннай – да нашых дзён і на будучыню.

У гэтым сэнсе БССР была такім самым прадуктам Акту 25 сакавіка, як і БНР. І сёньняшні правіцель – такі самы яго прадукт, як і галоўны апазыцыянэр. І амон, які масава “сьвяткуе” Дзень Волі – такі самы прадукт Акту 25 сакавіка, як і дэманстранты. Іншымі словамі, гаворка ідзе не пра палітыку, не пра тое, што мітынгоўцы сьцьвярджаюць Незалежнасьць, а амонаўцы яе адмаўляюць. Выкарыстоўваючы даволі частае параўнаньне, можна сказаць, што два бакі змагаюцца за вясну, бо для Беларусі Акт 25 сакавіка – гэта амаль прыродная зьява – нараджэньне краіны й нацыі.

Канфрантацыю яшчэ можна было б зразумець, калі б амон прысягаў не Беларусі, а нейкай іншай краіне. Альбо калі б незалежнасьць ва ўладнай рыторыцы не называлася галоўнай каштоўнасьцю.

Вядома, усё гэта выклікае недавер апанэнтаў. Але недавер, калі й можа служыць падставай для правакацыяў і мардабою, дык Дню Волі ня йдзе на карысьць дакладна. Вобраз Акту 25 Сакавіка ад гэтага не ўмацоўваецца, а наадварот. Ён падобны да бел-чырвона-белага сьцягу, які растапталі й забыліся на асфальце ў запале вулічнай бойкі.

Чыё сьвята?

Напэўна, гадоў дзесяць таму, калі Дзень Волі яшчэ напоўніцу выпрацоўваў свой інфармацыйна-сьцьвярджальны рэсурс, крытыкаваць вулічны канфрантацыйны спосаб яго сьвяткаваньня было б недарэчна. Але сёньня зьмянілася сытуацыя. І сьвяткаваньне таго, што ўмацавалася ў грамадзкай сьвядомасьці, ужо толькі прайграе ад новых “крывавых мук”. Сьвяту пара стаць сьвятам, прычым ніяк не апазыцыйным.

Дарэчы, як і мове, і нацыянальнай візіі беларускай гісторыі, і сымболіцы пара перастаць быць атрыбутамі апазыцыі. Сёньня іх – мову, гісторыю, сымболіку – гэта толькі губіць. Як і Дзень Волі.

Зірніце, колькі людзей выходзіць на мітынгі. Гэта нашмат менш за агульную колькасьць апазыцыянэраў і прадстаўнікоў трэцяга сэктару, прафэсійных змагароў за дэмакратыю. Асабіста ведаю нямала такіх работнікаў, якія ня толькі ня ходзяць на Дзень Волі, але й ня лічаць гэтае сьвята сваім. Яшчэ крыху і працэнт тых, каму гэткі Дзень Волі патрэбны ў апазыцыі стане такім самым, як і ва ўсім грамадзтве, пакуль канчаткова ня выпадзе з нашага часу. Ён ужо сёньня апынуўся ў нажніцах паміж словамі паэта Някляева пра сумнае сьвята і звальненьнем настаўніцы, якая распавяла дзецям пра “апазыцыйны” Дзень Волі.

Дэманстрацыя ў Парыжы

Разумеючы Акт 25 сакавіка як датычны кожнага беларуса, незалежна ад уніформы, трэба пагадзіцца, што гэта не нагода для палітычных пратэстаў, для якіх варта знаходзіць іншыя, адпаведныя даты і слоганы.

Давайце ўявім сабе менскую сытуацыю дзе-небудзь у Варшаве, Бэрліне ці Парыжы. Дэманстранты зьбіраюцца і ідуць ня тым маршрутам, які быў вызначаны і ўзгоднены з уладамі, а ў адваротны бок, прычым увесь час імкнуцца выйсьці на праезную частку. Думаеце, вынік быў бы іншым? Ён быў бы больш жорсткім у сэнсе ўжыванае супраць парушальнікаў парадку сілы. І грамадзтва прыняло б такія меры як належнае, а не як амонаўцаў-фашыстаў, што б’юць анёлаў, якія за незалежнасьць.

25 сакавіка ў незалежнай Беларусі – гэта нагода для яднаньня нацыі, прычым не вакол прэзыдэнта або нянавісьці да яго, а вакол любові да свайго народа і сваёй краіны.

Што запомніцца, што застанецца?

Станоўчы прыклад такога Дня Волі, якім ён можа быць, мы назіралі сёлета ў Вільні. Аргкамітэт запрасіў зь Менску зусім новы хор пад кіраўніцтвам Кірылы Насаева – дырыгента, якога шмат хто ведае з часоў камэрнага хору “Унія”. Па сутнасьці гэта быў першы публічны выступ новага калектыву, які й нарадзіўся тут і цяпер -- 25 сакавіка 2009 году ў Вільні.

Хор з больш чым дваццаці асобаў выконваў настолькі разнастайны рэпэртуар, што захоплена слухалі яго і пяцігадовыя дзеці і старэйшыя людзі. У выніку ня ведаю ніводнага чалавека, які б не аджыў душою на гэтым канцэрце і ня зьведаў пачуцьця вялікага сьвята. Зрэшты, апісваць музыку ня стану, яе трэба чуць.

Пасяліць хор ласкава пагадзіўся віленскі Дом правоў чалавека. Усе астатнія выдаткі ўзялі на сябе самі ўдзельнікі хору. Звычайныя спонсары падобных імпрэзаў спаслаліся на крызыс. Але агульнае жаданьне зладзіць такую прэм’еру было настолькі моцным, а вынік настолькі ўражвальным, што матэрыяльныя прычыны не змаглі гэтаму перашкодзіць.

У новага калектыву – а гэта зусім маладыя людзі – вялікі патэнцыял і такія ж амбіцыі. Няма сумневу, што яго будуць слухаць і пра яго гаварыць ніяк ня менш, чым колісь пра “Унію”. І заўсёды будзе згадвацца пачатак – 25 сакавіка.

... Калісьці яшчэ за савецкім часам на дзень нараджэньня Леніна школьнікаў прымалі ў піянэры. Натуральна, традыцыя ня мела дачыненьня да бальшавізму, бо была падгледжаная ў скаўцкім руху. Мэта дасягалася простая – па-першае, урачыстасьць, па-другое, памяць.

Вось і ўсё, што трэба для сьвята. Разважаючы, як адзначыць чарговы Дзень Волі, варта паставіць перад сабой гэтыя пытаньні: Што запомніцца, што застанецца, што прымножыцца?

Сьвята песьні

Найлепшы аргумэнт за незалежнасьць Беларусі – калі “Цячэ вада ў ярок” сьпяваюць тысячы галасоў. Дзіўна, што ў нашай краіне зь яе фальклёрнымі традыцыямі дагэтуль няма агульнанацыянальнага сьвята песьні.

Файна, калі 25 сакавіка нараджаецца новы музычны калектыў, распачынаецца новы краязнаўчы рух, пішацца супольная кніга. Файна правесьці сьвята песьні ці сьвята вулічнай музыкі. Файна паставіць народную драму “Цар Максімілян”, у якой усе ролі будуць выконваць вядомыя апазыцыйныя палітыкі. На такое шоў прыйдзе мноства народу, і яму будзе няважна, дзе гэта робіцца – на Бангалоры ці на Кастрычніцкай.

Давайце рабіць на сьвята тое, што файна, што падымае наш народны дух, а не ўганяе нас у аднастайную паныласьць, не ператварае ў банальных хуліганаў і парушальнікаў ПДР, чые дзеяньні падзяляе жменька сяброў, але асуджае ўсё грамадзтва.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG