Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адной з мэтаў радыё Гавэл лічыць выхаваньне дэмакратычных палітыкаў


Новы будынак штаб-кватэры Радыё Свабода ў Празе наведаў экс-прэзыдэнт Чэскай рэспублікі Вацлаў Гавэл. Ён узяў удзел у рэдакцыйнай планёрцы, адказаў на пытаньні пра сусьветны крызыс і пра Беларусь.

Менавіта па ініцыятыве Вацлава Гавэла 14 гадоў таму радыё Свабода пераехала з Мюнхена ў Прагу. Вацлаў Гавэл згадаў, што ён быў адным зь першых чэскіх літаратараў, хто ў 60-я гады мінулага стагодзьдзя адважыўся наведаць мюнхэнскую штаб-кватэру радыё, працу і місію якога вельмі цаніў. Зьмяніўшы ролю дысыдэнта на прэзыдэнта, у знак прызнаньня заслугаў радыё , Гавэл у сярэдзіне дзевяностых прапанаваў журналістам заняць будынак былога федэральнага парляменту Чэхаславаччыны, які застаўся бяз дэпутатаў. Днямі з гэтага будынку ў цэнтры Прагі радыё пераехала ў новы будынак , пабудаваны паводле сучасных патрабаваньняў.


На паведамленьне дырэктара беларускай службы Аляксандра Лукашука пра апошнія падзеі ў Беларусі, пра Дзень Волі ў Менску Гавэл адрэагаваў так:

Гавэл: “Сюды ( у Прагу. –рэд.) меў бы прыехаць прэзыдэнт Лукашэнка на саміт Эўрапейскага Зьвязу і ўдзельнікаў праграмы "Усходняга партнэрства". Мяркую, вельмі важна, каб у гэты ж час тут былі прадстаўнікі апазыцыі, "Свабодны тэатар" зь Менску, каб спадар Мілінкевіч і іншыя мелі выступы, каб зноў перамагала праўда і шчырасьць.”

На першай вялікай рэдакцыйнай планёрцы ў новым будынку Гавэл выказаў свае погляды на мэты і задачы Радыё Свабода ў гэты час:

Гавэл: “Першая зь іх - умацоўваць сваю ідэнтычнасьць , працягваць у тым, што яе творыць і вызначае, а менавіта -- пашыраць свабодную незалежную інфармацыю, камэнтаваць падзеі ў сьвеце, незалежна ад ніякіх уплываў. Гэта прычына , чаму гэта станцыя існуе, тое, што яе характарызуе на працягу доўгіх дзесяцігодзьдзяў . Гэта і надалей застаецца яе галоўнай задачай.

Гэтай задачай з'яўляецца таксама выхаваньне дэмакратычных палітыкаў . Выхаваньне ня толькі ў краінах новых дэмакратыяў, але і ўвогуле. Мы можам зноў і зноў сутыкацца з тым, што палітыкі з тых "старэйшых дэмакратыяў" з прычыны эканамічных ці іншых практычных інтарэсаў пазьбягаюць гаварыць са сваімі калегамі з тых краінаў, дзе пануе аўтарытарны ці таталітарны рэжым пра тое, што зьяўляецца найважнейшым -- пра чавечую свабоду і пра тое, як яе ў адпаведных краінах паважаюць.”

На наступным тыдні Вацлаў Гавэл будзе грамадзкім рэдактарам на Свабодзе. Яго актуальныя развагі вы знойдзеце на нашым сайце а таксама пачуеце ў ранішнім жывым эфіры, які пачынаецца а 7-й.
  • 16x9 Image

    Алена Ціхановіч

    Родам з Койданава, ці Дзяржынску. У раньнія 90-я пачала супрацоўніць са «Свабодай», вэтэраны якой абралі яе пазьней «голасам радыё».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG