Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маладафронтаўцы Наста Палажанка і Дзяніс Карноў намагацца ад пракуратуры, каб тая знайшла і прыцягнула да адказнасьці людзей, якія іх запалохвалі і зьбівалі.

Нагадаем: 25 сакавіка паблізу станцыі мэтро “Каменная горка” невядомыя схапілі маладафронтаўцаў, зьбілі ў машыне, а потым выкінулі далёка за горадам. Адзін з нападнікаў паказваў актывістам службовае пасьведчаньне, але тыя яго не разгледзелі.

Намесьніца лідэра “Маладога фронту” Наста Палажанка і актывіст арганізацыі Дзяніс Карноў не спадзяюцца на тое, што супрацоўнікі пракуратуры знойдуць людзей, якія зьдзейсьнілі злачынства. Але яны спадзяюцца, што ганебная практыка будзе спынена.

Наста Палажанка
Наста Палажанка распавяла, што 25 сакавіка яны зь Дзянісам на таксоўцы наведалі знаёмага ў раёне станцыі мэтро “Каменная горка”. Дзяніс выйшаў з таксоўкі, а Наста засталася ў машыне. Раптам да таксоўкі падбеглі людзі ў цывільным. Адзін зь іх выцягнуў кіроўцу і хутка паказаў яму службовае пасьведчаньне. Яшчэ некалькі чалавек кінуліся на Дзяніса. Ягонага знаёмца паклалі на зямлю і зрабілі ў машыне ператрус.

Пасьля гэтага Дзяніса пасадзілі на пярэдняе сядзеньне. Хлопцу нацягнулі на твар шапку і паднялі капюшон. Насьце надзелі нейкую чужую шапку. Людзі зь мікрафонамі, схаванымі ў каўнярох куртак, селі — адзін за руль, другі побач з Настай. Яны загадалі маладафронтаўцам прыгнуць галовы і так іх везьлі ў невядомым кірунку.

Наста Палажанка прыгадала:

“Я мяркую, што паколькі тых людзей, якія захапілі машыну, мы пасьпелі ўбачыць у твар, нацягнулі нам шапкі ня дзеля таго, каб мы ня бачылі дарогі, а дзеля таго, каб мы ня ўбачылі тых людзей, зь якімі яны зьбіраліся сустрэцца за кальцавой, якія аддавалі ім усе загады. Магчыма, яны думаюць, што мы ведаем кіраўніцтва ў твар.


Безумоўна, я была рада, што засталася ў жывых.
Мяне выцягнулі з машыны, пацягнулі ўздоўж дарогі, зацягнулі на ўзгорак і загадалі стаяць каля 20 хвілін.

Безумоўна, я была рада, што засталася ў жывых. Але мяне вельмі турбавала пытаньне, дзе Дзяніс, бо нас зь ім ізалявалі“.

Дзяніса Карнова адвезьлі пад Дзяржынск. Ён доўга ня мог спыніць машыну, бо ішоў па трасе з голымі нагамі і кіроўцы не адважваліся ўзяць такога пасажыра.

“Па лесе мяне доўга цягнулі два чалавекі за рукі. Там зноў зьбілі. Дасталі ўсе рэчы з кішэняў, тэлефоны… Праз шапку бачыў, што дасталі грошы з гаманца. У мяне была купюра ў 100 000 беларускіх рублёў і нейкая драбяза. Доўга раіліся паміж сабой, браць ці не. Усё ж забралі.

Зноў зьбівалі… Я падаў, яны мяне падымалі. Потым пачалі рэзаць джынсы.
Зноў зьбівалі… Я падаў, яны мяне падымалі. Потым пачалі рэзаць джынсы. Потым іх рвалі. Паставілі мяне на калені і сказалі, каб я так стаяў 20 хвілін.

Потым я сабраў свае рэчы. Быў мой і Настаў тэлефоны. Яны былі разабраныя, бязь “сімак”.

Пайшоў шукаць хоць якую-небудзь дарогу. Выйшаў на дарогу і прайшоў кілямэтраў пяць. Потым мяне давезьлі да гарадзенскай трасы. Там адна машына спынілася, і я даехаў да “Каменнай горкі” і зьвязаўся зь сябрамі“.

Дзяніс Карноў кажа, што адразу пасьля таго, як з таксоўкі трапіў у мікрааўтобус, прыгадаў выпадак з Артурам Фінькевічам. 19 сьнежня Артура Фінькевіча схапілі невядомыя каля пад’езду дома. Хлопца закінулі ў мікрааўтобус і там зьбівалі. Яго выкінулі з машыны ў Валожынскім раёне. Сёньня міліцыянты аддалі Артуру мабільны тэлефон. Яго без акумулятара і сім-карткі знайшлі падлеткі ў нейкай канаве пад Валожынам. Асобы злачынцаў дагэтуль ня высьветленыя.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG