Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Штрафы і папярэджаньні за бел-чырвона-белыя сьцягі


У Кастрычніцкім райсудзе Віцебску пакаралі ўдзельнікаў сьвяткаваньня Дня Волі 25 сакавіка.

За правядзеньне несанкцыянаванай акцыі судзьдзя Алена Казілава аштрафавала сябра КХП БНФ Сяргея Каваленку на 700 тысяч рублёў. Ягоныя аднадумцы Ігар Базараў і Валеры Аляксандраў атрымалі штрафы памерам 70 тысячаў рублёў.

Спадары Каваленка, Базараў і Аляксандраў пацьвердзілі ў судзе, што 25 сакавіка знарок выйшлі на плошчу Свабоды ў Віцебску зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, каб нагадаць мінакам пра гістарычнае сьвята — Дзень абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі.

Сяргей Каваленка
Ігар Базараў і Валеры Аляксандраў узялі ўдзел у падобнай акцыі ўпершыню, а Сяргей Каваленка ўжо ня першы год у Дзень Волі выходзіць у цэнтар Віцебску з нацыянальным сьцягам. Суд таксама не ўпершыню карае партыйнага актывіста штрафамі і суткамі арышту. Камэнтуючы судовую пастанову і досыць вялікі штраф, спадар Каваленка зазначыў, што ніколькі не шкадуе пра свой учынак:

“Не шкада. Бо за волю трэба плаціць, я так лічу. У Бібліі напісана, што пакуты трэба ўспрымаць з радасьцю. І я сёньня быў дужа рады”.

Леанід Аўтухоў
У адрозьненьне ад спадара Каваленкі, кіраўнік Гарадоцкай раённай арганізацыі Партыі БНФ Леанід Аўтухоў лічыць пастанову па сваёй судовай справе несправядлівай. Судзьдзя Алена Казілава абвясьціла яму папярэджаньне за тое, што ён узьняў бел-чырвона-белы сьцяг у той час, як група жыхароў Віцебску прыйшла да мэмарыяльнай дошкі Васілю Быкаву, каб ускласьці кветкі. Паводле актывіста, ён зьбіраецца аспрэчыць гэтае рашэньне суду. На думку Леаніда Аўтухова, права выйсьці пад бел-чырвона-белым сьцягам павінен мець кожны беларус, тым болей 25 сакавіка:

“Былі 91-я ўгодкі БНР, і я лічу, што гэта будзе адно з найгалоўнейшых сьвятаў у вольнай Беларусі. Са сьцягам я выйшаў таму, што ён зьзяў тысячагодзьдзі і будзе зьзяць, і мы ніколі нікога не спалохаемся. Хадзілі і будзем хадзіць пад нашым беларускім, родным, бел-чырвона-белым сьцягам”.

Папярэджаньне судзьдзя Алена Казілава вынесла і Міхаілу Гранаву, якога 25 сакавіка міліцыянты затрымалі разам зь віцебскім кіраўніком “Моладзі БНФ” Аляксандрам Кузьняцовым. Хлопцы толькі пасьпелі разгарнуць бел-чырвона-белы сьцяг каля помніка Ўладзімеру Караткевічу, як да іх падбег міліцыянт у цывільным, без усялякіх тлумачэньняў вырваў сьцяг з рук і тут жа зьнік. Толькі праз паўгадзіны пасьля інцыдэнту міліцыянты даставілі спадароў Кузьняцова і Гранава ў пастарунак і склалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным шэсьці. На відэазапісе, зробленым супрацоўнікамі міліцыі і прадстаўленым на судзе, было выразна бачна, што ніякага шэсьця не было. Але сьцяг, які колькі хвілін быў у руках Міхаіла Гранава, усё-ткі стаўся падставай для судовага папярэджаньня. Справу супраць Аляксандра Кузьняцова судзьдзя Казілава проста спыніла, ня ўгледзеўшы ў ягоных дзеяньнях складу правапарушэньня.

Тым ня менш пасьля затрыманьня 25 сакавіка хлопец мусіў правесьці ноч у ізалятары часовага ўтрыманьня. Ноч пад вартай прабылі і іншыя асуджаныя сёньня ўдзельнікі сьвяточных імпрэзаў — Сяргей Каваленка, Ігар Базараў, Міхаіл Гранаў і Леанід Аўтухоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG