Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Усё, што робіць апазыцыя, толькі ўмацоўвае рэжым”


Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 27 сакавіка.

Слухачы “Свабоды” працягваюць камэнтаваць масавую акцыю, якая адбылася ў Менску 25 сакавіка, у Дзень Волі:

Спадарыня: “ У Менску 25 сакавіка 2009 году сабралася каля 4 тысяч грамадзян Беларусі, кожны зь якіх прадстаўляў народ Беларусі. Калі браць па мінімуме, адзін чалавек, што прыйшоў да Акадэміі Навук, прадстаўляў 10, што не прыйшлі. Гэта 40 тысяч насельніцтва зь беларускіх гарадоў, сёлаў, вёсак. Так што, Лукашэнка, гэта ня пятая калёна, не вашывая апазыцыя”.

Шаўчэнка, Наваполацак:
“Здаецца, вынік сьвяткаваньня Дня Волі 25 сакавіка — гэта тое, што Лукашэнка павінен атрымаць запрашэньне на саміт у Празе”.

Павал Давыдзенка
: “Наша апазыцыя ня ўмее змагацца з рэжымам. Усё, што робіць апазыцыя, толькі ўзмацняе гэты рэжым.А работы ніякай, яна баіцца народа”.

Тацяна Барэй, Асіповічы: “А мне спадабалася, што 25 сталі ўзбоч праспэкта. Вось была б карцінка, каб увесь праспэкт так упрыгожылі”.

Іван: “Калі вы скончыце трапалёгіяй займацца з гэтай незалежнасьцю? Сьмяюцца людзі. Сораму няма ў Вячоркаў гэтых, дармаедаў. Сорам”.

Зіноўеў: “Я думаю, Беларусі трэба ганарыцца такой апазыцыяй. Артур Фінькевіч паказаў змагарскі характар за гэты тыдзень”.

Уладзімер, Мазыр:
“Слухаў ваш рэпартаж пра падзеі ў Менску 25-га вечарам. Радыёвядоўца так і ціснула на карэспандэнта на вуліцы, каб даў паведамленьне пра нейкую бойку і пацярпелых. Не дачакалася. А выступоўца на плошчы, нехта Івашкевіч, прыгразіў: “Мы іх прымусім усіх адзначаць Дзень Волі!” Вам гэта нічога не нагадвае? Ну, і завяршыла гэтую катавасію Івонка Сурвіла, якая прадстаўляла нейкую віртуальную БНР на вашым радыё, ня ведаючы пра рэальнасьць падзей у Беларусі”.

Спадар: “На вуліцы Гікалы, апрача аўтобуса з АМАПам, стаяў грузавічок з калючым дротам, прычым з такім штампаваным дротам. Гэта для таго, каб, калі людзі прарваліся, пакалечыліся потым? Хацелася б спытаць у Навумава: гэта так абараняюць народ?”

Кароль Людміла Адамаўна, акцыянэрка АО “Амкадор”, беспрацоўная, без фінансавай падтрымкі і без дывідэндаў: “Хачу выказацца на тэму мітынгу. У нашай краіне груба парушаюцца правы чалавека на сход, свабоду слова і выказваньне сваёй думкі, на недатыкальнасьць перасоўваньня, прыватнай уласнасьці, здароўя і жыцьця, і галоўнае — на прававую і судовую абарону”.

Спадарыня: “Я хачу сказаць пра апазыцыю. Што яна паказала ? Што гэта за сьвяткаваньне, калі распальваць вогнішчы на асфальце, спальваць сымболіку, партрэты прэзыдэнта паліць? Ці ж гэта гуляньне? Ці ж гэта свабода? Фашысты з гэтага пачыналі”.

Спадар: “Лукашысты пачалі плакаць, што на Дзень Волі палілі Лукашэнкавы партрэты. Гэта звычай такі: палілі Буша, і я ведаю, што і Гітлера палілі партрэты. А потым і самога спалілі”.

Зінаіда: “Апазыцыянэры, прашу вас мяне ня ўмешваць у свае справы. Я пацярпелая ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, беларуска. Беларусь вольная, як Польшча, Літва і іншыя краіны. А вы выкарыстоўваеце ўсё, каб дабрацца да ўлады. Усё вы хлусіце, называючы сябе шляхтай. Я са справядлівым і працавітым народам, прабачце, я ня з вамі”.

Дзядзька Міхась: “Я зьвяртаюся да тых, хто ўчора быў каля Акадэміі Навук у час сьвяткаваньня Дня Волі. Я хачу задаць вам толькі адно-адзінае пытаньне. Дзеля каго вы рызыкавалі і рызыкуеце ня толькі здароўем, але і жыцьцём? 92 адсоткі тых, у каго сёньня забралі амаль палову пэнсіяў, амаль палову заробкаў, каля 30 адсоткаў страцілі працу, асабліва на рэгіёнах, яны ўчора сядзелі каля тэлевізіі і крычалі: “Дай, дарагі Сашанька, гэтым бэнээфаўскім адмарозкам галавой аб асфальт!” Вось за што вы змагаецеся. Я маю ў гэтым досьвед, і ўнёсак мой у гэтую справу — ад 1989 году. Хто гэтыя людзі, пра якіх вы клапоціцеся? Гэта генэтычны фонд тых, якія нішчылі цэрквы, маёнткі, адбіралі, дзялілі, забівалі. Хочаце вы іх перарабіць?!”

Выказваньне камэнтуе адзін з заяўнікаў акцыі, намесьнік старшыні партыі БНФ Віктар Івашкевіч:

“Мы змагаемся за сваю свабоду, за сваё права жыць у эўрапейскай краіне. І мы перакананыя, што Беларусь такой стаць можа. Але для гэтага неабходна пераконваць тых людзей, пра якіх вы кажаце. Іншага выйсьця няма: альбо зьяжджаць, альбо нешта рабіць тут. Мы выбралі рабіць тут”.

Спадар: “Эўразьвяз хоча, каб беларуская ўлада выконвала статут ААН,
А лукашысты хочуць, каб беларус быў вечны баран.
Ты мяне, “Свабода”, прабач, хочу дадаць:
А хто на беларусаў стане нападаць?”

Натальля: “Інтарэс Эўропы да Беларусі зразумелы. Гэта значныя пашы, цудоўная пітная вада і больш чым танная працоўная сіла. Прамысловыя прадпрыемствы — гэта ўсяго толькі прыдатак да сапраўднага багацьця. Таму на дэмакратычныя каштоўнасьці і лёс 9-мільённага народу Эўропа дазваляе сабе забыцца. У Расеі свае інтарэсы ў Беларусі, а вось беларускі народ яе ўвогуле не цікавіць, хіба што ў якасьці гарматнага мяса. Беларусам давядзецца клапаціцца пра сябе самім, калі яны ня хочуць зьнікнуць як народ”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG