Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Джо Роспарс: “Новыя мэдыі — новая дэмакратыя”


Джо Роспарс
Джо Роспарс

Праграмны дырэктар і сузаснавальнік амэрыканскай кампаніі “Blue State Digital”, былы кіраўнік перадвыбарчай кампаніі прэзыдэнта ЗША Барака Абамы ў галіне “новых мэдыяў” Джо Роспарс наведаў Варшаву, Кіеў і Менск, дзе расказваў пра свае прынцыпы выкарыстаньня новых тэхналягічных магчымасьцяў у палітычных кампаніях. Перад адлётам у Вашынгтон ён даў інтэрвію Радыё Свабода. Пра ролю новых мэдыяў у палітычных кампаніях з Джо Роспарсам гутарыў Валер Каліноўскі.

Каліноўскі: “Спадар Роспарс, скажыце, што канкрэтна вы адносіце да “новых мэдыяў”? І ці лічыце вы, што гэтыя новыя мэдыі ствараюць альтэрнатыву “старым мэдыям” — або толькі дапаўняюць іх?”

Роспарс: “Я думаю, што гэта дадатковыя рычагі, якія дапамагаюць арганізацыям зрабіць болей, дайсьці да большай колькасьці людзей і далучыць іх да нейкай дзейнасьці. Зь іх дапамогай арганізацыям, палітычным кампаніям лягчэй усталёўваць двухбаковую сувязь зь людзьмі, падтрымліваць кантакты ў рэальным часе. Гэта адрозьнівае іх ад традыцыйных мэдыяў, тэлебачаньня ці прэсы. Але я ня думаю, што новыя мэдыі заменяць старыя, бо свая роля ёсьць у мэдыяў усіх варыянтаў. Асабіста я аддаю перавагу магчымасьцям двухбаковых кантактаў зь людзьмі, якія даюць менавіта новыя мэдыі”.

Каліноўскі: “Да апошніх вы адносіце інтэрнэт, сацыяльныя сеткі, смс-рассылкі... Што яшчэ?”

Роспарс: “Так, усё, што дае магчымасьць двухбаковых камунікацыяў: тэкставыя паведамленьні, электронная пошта, кампаніі на вэб-сайтах, розныя сацыяльныя сеткі, відэа — усе новыя тэхналёгіі, якія дазваляюць людзям кантактаваць між сабой”.

Каліноўскі: “Але ўсё гэта ўжо было... У чым тады фэномэн, што тут новага?”
Ня думаю, што новыя мэдыі заменяць старыя, бо свая роля ёсьць у мэдыяў усіх варыянтаў.

Роспарс: “Што новага? Новая тэхналёгія, якая называецца web-2.0, болей скіраваная на сацыяльны аспэкт. Не на тое, каб толькі проста паставіць нейкі тэкст на сайт, а каб даць магчымасьць інтэрактыўных кантактаў паміж людзьмі і арганізацыямі і паміж самімі людзьмі. Напрыклад, YouTube — гэта ня проста відэа. У 1996 годзе Біл Клінтан таксама меў відэа на сваім сайце. Але што важна ў YouTube — гэта тое, што ён стварае супольнасьці вакол відэаролікаў, у якіх людзі могуць ацэньваць гэтыя ролікі, вызначаць іх месца паводле рэйтынгу, дзяліцца імі зь іншымі, камэнтаваць іх. Людзі наладжваюць дыскусіі вакол нейкага відэа, а мы можам пабачыць, колькі чалавек паглядзела яго... У гэтым сутнасьць новых мэдыяў”.

Каліноўскі: “Сярод вашых кліентаў, якім вы арганізоўвалі выбарчыя кампаніі, былі Говард Дзін і Барак Абама. Першы ня змог перамагчы на выбарах 2004 году, другі летась дасягнуў ашаламляльнага посьпеху. Ясна, што за 4 гады і вы набраліся досьведу, і грамадзтва зьмянілася, і кандыдаты былі розныя — але што вы лічыце прынцыпова важнай розьніцай у досьведзе вашай працы з новымі мэдыямі?”

Роспарс: “Шмат чаму мы навучыліся ў пляне тэхналёгіяў, неабходных для таго, каб перамагчы. Была вырашаная праблема хуткасьці працы. Напрыклад, у часе кампаніі Говарда Дзіна мы маглі паслаць 500 тысяч электронных лістоў за 12 гадзін. А ў часе кампаніі Абамы мы маглі паслаць 2 мільёны лістоў за адну гадзіну. Такім чынам, былі вырашаныя асноўныя тэхналягічныя праблемы. Апрача таго, мы мелі шмат экспэрымэнтаў з выкарыстаньнем розных тэхналёгіяў у самых розных праектах, мы дасьледавалі новыя магчымасьці, вучыліся на сваіх памылках. У цэлым з 2006 году мы зрабілі шмат інавацыяў у выкарыстаньні новых мэдыяў”.

Каліноўскі: “Ці не маглі б вы назваць тры самыя галоўныя для вас правілы выкарыстаньня новых мэдыяў у часе палітычных кампаній?”

Роспарс: “Да асноўных правілаў я адношу наступныя. Па-першае, арганізацыя кампаній павінна быць празрыстай, як мага больш зразумелай і даступнай людзям, каб яны добра ведалі, як яна пабудаваная, якія яе мэты. Па-другое, трэба гаварыць мовай, зразумелай звычайным людзям. І трэцяе — трэба зрабіць арганізацыю як мага больш адкрытай для людзей у кожным яе аспэкце, пабудаваць кампанію зьнізу ўверх, ад нізавога ўзроўню да вышэйшага. Гэтыя правілы, на маю думку, дапамогуць дасягнуць посьпеху ня толькі ў галіне новых мэдыяў, але і ў прыцягваньні людзей у кампаніі і арганізацыі, незалежна ад таго, дзейнічаюць яны праз інтэрнэт ці не”.
Трэба гаварыць мовай, зразумелай звычайным людзям.

Каліноўскі: “А што вы адносіце да істотных памылак у вашых кампаніях? Або такіх не было?”

Роспарс: “У нас было шмат памылак. Большасьць зь іх былі дробныя ці сярэднія паводле маштабаў, вялікіх памылак не было. Што б я параіў у сувязі з гэтым досьведам арганізатарам іншых кампаній — дык гэта не баяцца рабіць памылкі, рызыкаваць, каб праверыць, як гэта працуе. Калі ж нешта не ўдаецца, то спрабаваць зноў. Я мяркую, што экспэрымэнты, дзеля таго каб высьветліць эфэкт ад таго ці іншага мэтаду, вельмі важныя для канчатковага посьпеху”.

Каліноўскі: “Якая была рэакцыя на вашу крэатыўнасьць з боку канкурэнтаў? Яны таксама мабілізоўваліся, заходзілі на “вашае” поле?”

Роспарс: “Вядома, мы рызыкавалі, калі стваралі мэдыя-каманду, інвэставалі ў тэхналёгіі і арганізацыю працы. Гэта было рызыкай, і іншыя не хацелі на яе ісьці. Але потым, калі высьветлілася, што гэтая кампанія ў новых мэдыях пачала даваць плён, нашы канкурэнты як на праймэрыз, гэтак і на ўсеагульных выбарах ёю зацікавіліся і пачалі капіяваць. Але яны проста бралі тыя ж інструмэнты. А галоўнае ў кампаніі былі не інструмэнты, а філязофія яе арганізацыі і кірунак працы зь людзьмі, яе пабудова зьнізу ўверх. Так што справа не ў рычагах”.

Каліноўскі: “У Беларусі доўгі час у моманты піку палітычных кампаній выкарыстоўвалася блякаваньне інтэрнэт-рэсурсаў, у тым ліку сайту Радыё Свабода. А вы ці сутыкаліся з такімі атакамі?”
Я б параіў арганізатарам іншых кампаній не баяцца рабіць памылкі, рызыкаваць, каб праверыць, як гэта працуе.

Роспарс: “Не, у нас такога не бывае. Мы лічым, што кожны мае права на інфармацыю, мае права ня толькі ведаць, што адбываецца, але і ўдзельнічаць у гэтым. Таму такія выпадкі ў нас не здараюцца”.

Каліноўскі: “Падчас мінулай выбарчай кампаніі ў ЗША новыя мэдыі ў вялікай ступені дапамаглі Бараку Абаму стаць прэзыдэнтам. Яны далі яму 13 мільёнаў прыхільнікаў, шмат дадатковых галасоў на выбарах, 500 мільёнаў даляраў ахвяраваньняў на ягоную кампанію былі сабраныя праз інтэрнэт. А ці могуць новыя мэдыі дапамагчы Абаму выконваць перадвыбарчую праграму, змагацца з эканамічным крызісам?”

Роспарс: “Так, шмат людзей дапамаглі Бараку Абаму выйграць прэзыдэнцкія выбары і шмат людзей, арганізаваных праз новыя мэдыі, цяпер могуць яму дапамагчы кіраваць краінай. І вы гэта ўжо можаце бачыць, калі Белы Дом зьвяртаецца да людзей па ідэі, парады, калі ён наладжвае зваротную сувязь. Гэта можна заўважыць на прыкладзе той празрыстасьці, якая была ў часе падрыхтоўкі пакету законапраектаў для стымуляцыі эканомікі. Белы Дом ня проста просіць людзей выказваць сваю думку, ён просіць паведамляць, калі тыя бачаць нейкія злоўжываньні пры выкарыстаньні грошай. Я мяркую, што гэта асноўная рыса Барака Абамы як палітыка — імкненьне ўцягваць як мага больш людзей у справы, арганізоўваць зваротную сувязь”.

Каліноўскі: “Такім чынам, гэта залежыць ад канкрэтнай асобы прэзыдэнта?”

Роспарс: “Так, такі падыход ня быў уласьцівы Бушу. Ня думаю, што ён быў бы ўласьцівы Маккейну. Гэта ўнікальная рыса Барака Абамы як прэзыдэнта”.

Каліноўскі:
“У Беларусі інтэрнэт-СМІ, форумы і блогі сталіся фактычна апошнім фарпостам свабоды слова. Ці маглі б вы даць нейкія парады прыхільнікам дэмакратыі, як з большай эфэктыўнасьцю выкарыстоўваць новыя мэдыі?”

Роспарс: “Мяркую, што кожны, чыя місія — аб’ядноўваць людзей для нейкай мэты, можа выкарыстоўваць гэтыя інструмэнты для таго, каб яднаць людзей ня толькі ў віртуальным, але і ў рэальным сьвеце. Я спадзяюся, што ў гэтай краіне, як і паўсюль, арганізацыі, якія спрабуюць пабудаваць грамадзянскую супольнасьць, якія спрабуюць наладзіць грамадзкія дыскусіі і ўдзел у агульных справах, могуць выкарыстоўваць гэтыя інструмэнты як магутную зброю для свайго росту”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG