Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрадэпутаты ў Беларусі пад пытаньнем


Ян Марынус Вірсма

Ян Марынус Вірсма

Візыт дэлегацыі эўрапарлямэнтароў у Беларусь пад пытаньнем. Пра гэта паведамілі “Свабодзе” ў бюро нідэрляндзкага эўрадэпутата Яна Марынуса Вірсмы, які меў намер наведаць Менск 6—8 красавіка ў складзе дэлегацыі Эўрапарлямэнту.


Вірсма ацэньваў гэты візыт як праяву гатоўнасьці беларускага кіраўніцтва весьці сур’ёзны палітычны дыялёг. Паводле памочнікаў дэпутата, канчатковае рашэньне адносна візыту эўрапарлямэнтары прымуць на пачатку наступнага тыдня.

На тэхнічным узроўні наведаньне дэлегацыяй Беларусі было ўзгодненае загадзя паміж Камітэтам па міжнародных справах Эўрапарлямэнту і беларускай амбасадай у Брусэлі.

Аднак на ўчорашнім закрытым паседжаньні Эўрапарлямэнту сябра Міжнароднага камітэту, галяндзкі хрысьціянскі дэмакрат Бастыян Бэлдэр заявіў, што афіцыйнае наведаньне Беларусі эўрапейскімі дэпутатамі немагчымае. Ён запатрабаваў, каб у беларускай амбасадзе афіцыйна патлумачылі апошнія выказваньні прэзыдэнта Лукашэнкі на адрас дэмакратычнай апазыцыі. Маюцца на ўвазе сьцьвярджэньні беларускага кіраўніка наконт таго, што апазыцыя — “вораг народу” і “пятая калёна”.

Бэлдэр дадаў, што 25 сакавіка, у дзень Волі, ягоныя сябры па партыі ўзялі ўдзел у дэманстрацыі пратэсту ля будынку беларускай замежнапалітычнай місіі.
XS
SM
MD
LG