Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Нёман" без заробкаў


На шклозаводзе “Нёман” у Лідзкім раёне пачалі затрымліваць выплату заробкаў. У прафкаме кажуць, што ў калектыўнай дамове зьмяніўся графік выплаты, а рабочыя сьцьвярджаюць, што ім пра гэта ніхто не паведамляў. Многія ў сувязі з затрымкамі ня могуць своечасова разьлічыцца за камунальныя паслугі.


Рабочым бярозаўскага шклозаводу “Нёман”, пачынаючы з Новага году, пачалі затрымліваць выплату заробку, які, згодна з калектыўнай дамовай, раней рэгулярна выплочваўся да 25-га кожнага месяца.

Сёньня ўжо 27-га, а заробку дагэтуль няма. Кажа рабочы заводу, спадар Мікалай:

“Звычайна давалі нават да 23-га, а да 25-га дакладна, а цяпер на некалькі дзён могуць і затрымаць”.

Другі рабочы, спадар Алесь, кажа, што для людзей гэтыя некалькі дзён вельмі істотныя.

Спадар Алесь: “А людзям жа да 25-га трэба заплаціць усе выплаты: за камунальныя, крэдыты, тэлефоны, наагул усе рахункі, бо калі да 25-га не заплоціш, то кожны дзень налічваюць пеню”.

Я зьвярнуўся да старшыні прафкаму прадпрыемства, Генрыха Міхалькевіча, з пытаньнем — ці ведае ён пра затрымкі з выплатай заробку? Ён адказаў, што тэрміны выплаты заробку ў калектыўнай дамове зьмянілі.

Міхалькевіч: “Былі зьмены, бо адпачатку было запісана 25-га — толькі адзін дзень, але паколькі гэта стала нерэальна — зьмянілі. Цяпер запісана, што з 25-га па 30-га”.

Пытаюся ў старшыні прафкаму — чаму пайшлі на такія нязручныя для рабочых зьмены ў дамове, так што людзі ня могуць своечасова аплочваць рахункі?

Міхалькевіч: “Ды ўсё мы ведаем. Мы ж такія ж людзі, як і вы. Але што зробіш, калі такая сытуацыя, што 25-га ніколі не пасьпяваем разьлічыцца?..”

Прычына, са слоў старшыні прафкаму, у тым, што з-за крызісу своечасова не разьлічваюцца з заводам пакупнікі ягонай прадукцыі.

Рабочы Алесь кажа, што мае на руках дамову і ні пра якія зьмены ў тэрмінах выплаты заробкаў там не запісана. Больш за тое, ён некалькі разоў з рабочымі сустракаўся са старшынём прафкаму па розных праблемах, але той пра гэта ніколі не казаў, і дагэтуль ніхто з рабочых пра зьмены ня ведае.

Спадар Алесь: “Дата выплаты не зьмянялася. Хутчэй за ўсё, старшыня прафкаму хоча прыкрыць наймальніка. Бо мне асабіста яны тлумачылі затрымкі з выплатай фінансавымі цяжкасьцямі. А людзі чакаюць, пачынаючы з 25-га ходзяць да банкамату з карткамі, а там нічога няма”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG