Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Трэба здымаць пабоі, скардзіцца ў пракуратуру”


Артур Фінькевіч у судзе 26 сакавіка 2008

Артур Фінькевіч у судзе 26 сакавіка 2008

Напярэдадні 25 сакавіка беларускія спэцслужбы зноў узгадалі старыя мэтады ўзьдзеяньня на няўгодных: хапалі на вуліцы, вывозілі ў лес, запалохвалі. Ці магчыма супрацьстаяць такім мэтадам, што рабіць пацярпелым, ці ёсьць сэнс скардзіцца?

Выкраданьні людзей ў Беларусі, вываз у лес, запалохваньні – не навіна. Прычым, выкрадаюць ня толькі апазыцыянэраў, грамадзкіх актывістаў. Яшчэ ў кастрычніку 1997 года ў раёне ГУМа схапілі журналіста Алега Бябеніна, які тады быў рэдактарам аддзелу газэты “Имя”, вывезьлі ў лес у раён Заслаўя, запалохвалі. У траўні 2000 года на машыне хуткай дапамогі вывезьлі ў лес чыноўніка -- начальніка кантрольна-рэвізійнага упраўленьня Мінкульту Аляксандра Грачова. Таксама “выхоўвалі”, пагражалі. У 1999 і 2002 годзе тое самае адбылося зь Цімафеем Дранчуком. Зараз – новая хваля: Артур Фінькевіч, Наста Палажанка, Дзяніс Карноў. Прычым, Фінькевіча і Карнова моцна зьбівалі, сапсавалі вопратку, зрэзалі курткі і джынсы.

Праваабаронца Алесь Бяляцкі перакананы:

“У гэтым выпадку маладыя людзі павінны падаць скаргу ў пракуратуру. Хаця шансаў на аб’ектыўнае расьсьледаваньне гэтых фактаў няшмат, тым ня менш, гэтыя факты павінны быць зафіксаваныя, і прыйдзе час, калі можна будзе сапраўды разабрацца, хто гэта рабіў, хто аддаваў такія загады і хто іх выконваў. У скарзе яны павінны ўказаць, каго яны падазраюць у гэтых выкраданьнях, і пракуратура мусіць правесьці расьсьледаваньне. Была б добрая воля, у нашай сытуацыі даволі проста ўстанавіць, што гэта за такія спэцпадразьдзяленьні, ці АМАП гэта, ці хто”.

Праваабаронца, у мінулым сьледчы пракуратуры Алег Волчак таксама раіць не маўчаць:

“Трэба зьвяртацца не ў міліцыю, а ў пракуратуру. Таму што мінулым разам Зьміцер Дашкевіч, калі іх пабілі, прыйшоў з заявай у міліцыю, але яе не прынялі ў Савецкім РУУСе. Трэба здымаць пабоі, даваць паказаньні, выклікаць гэтых міліцыянтаў, якія зьбівалі, вывозілі, каб прозьвішчы былі, даваць нумары машын. Іншага спосабу няма. Калі б кожны з маладых людзей не кідаў гэта так, маўляў, ладна ўжо, а зьвярталіся, у будучым менш будзе такіх нэгатыўных момантаў”.

Ці прыйме такія скаргі пракуратура? З такім пытаньнем я зьвярнулася да кіраўніка прэсавай службы Генэральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь Генадзя Вярцінскага:

“Калі ў іх ёсьць прэтэнзіі да работнікаў міліцыі, іншых праваахоўных органаў, яны маюць поўнае права зьвярнуцца ў пракуратуру.

Карэспандэнтка: “А калі хапалі людзі ў цывільным, запіхвалі ў машыну, трэба даказаць прыналежнасьць да спэцслужбаў. Хтосьці будзе ў гэтым разьбірацца?”

“Ва ўсялякім разе, звароты, заявы павінны быць разгледжаны. Калі высьветліцца, што праваахоўныя органы там не задзейнічаныя, то заявы могуць быць накіраваныя ў міліцыю. Але яны могуць пачынаць з нас. На імя пракурора горада Менску пажадана адразу ў пісьмовай форме падаць заяву. Там яе абавязаныя прыняць”.

Такім чынам, і праваабаронцы, і супрацоўнік пракуратуры раяць пацярпелым дзейнічаць.
XS
SM
MD
LG