Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства фінансаў Беларусі дагэтуль не абнародавала ўдакладнены праект бездэфіцытнага бюджэту на гэты год. Паводле афіцыйнай інфармацыі, праект бюджэту прадугледжвае істотныя зьмены ў прыбытках і выдатках. Пры ўдакладненьні прагнозу разглядаецца некалькі варыянтаў разьвіцьця эканомікі. Чаму спатрэбілася пераглядаць бюджэт і што чакаць грамадзянам?

Дашчынскі: "Урад пачаў распрацоўку бюджэту на 2010 год, аднак дагэтуль няма бюджэту на 2009-ы. Вядома, што Аляксандар Лукашэнка загадаў зрабіць яго бездэфіцытным. І гэта было адным з патрабаваньняў Міжнароднага валютнага фонду, які выдзеліў стабілізацыйны крэдыт для Беларусі. Што ж зь беларускім бюджэтам?"

Раманчук: “Рашэньне пра бюджэт прымаецца Аляксандрам Лукашэнкам, згодна з варыянтамі, якія прадстаўляе мінфін. Сёньня мінфін мае тры варыянты, але які ён будзе канчатковы, ніхто не ведае ў гэтай краіне. Яны засакрэчаны. Але, я думаю, што яны таксама не адпавядаюць рэчаіснасьці, бо перш за ўсё трэба прызнаць і ўраду, і міністру фінансаў, і адміністрацыі, што ў нас будзе не рост унутранага валавога прадукту, а яго падзеньне. А калі ў нас будзе падзеньне УВП на 3-5%, то і бюджэт павінен скараціцца, яго прыбытковая частка, прынамсі, на 7 мільярдаў даляраў. Гэта вельмі значнае скарачэньне, якое адаб’ецца і на стане прадпрыемстваў, і на стане рэальных прыбыткаў насельніцтва. І па сутнасьці, будзе азначаць пачатак глыбокай рэцэсіі.

Гэта апошні год трэцяй пяцігодкі. Відавочна, што яна не будзе выканана. І таму чыноўнікі не хочуць бегчы наперадзе бацькі ў пекла”.

Дашчынскі: "А чаму спатрэбіўся ўдакладнены праект бюджэту на гэты год?"

Раманчук: “Бо той, які быў прыняты, абсалютна нерэалістычны. Ён быў прыняты пад курс сярэдні 2009 года – 2125. Гэта сьмешна проста. Быў прыняты на рост гаспадарчы у 10-12% , на рост інвэстыцый у 25%. Калі яго падпісвалі ў лістападзе, відавочна было, што ён быў пусты і ўтапічны. А сёньня, калі мы маем лічбы першага квартала, гаварыць пра гэты бюджэт проста сьмешна. Гэта значыць, што нашы чыноўнікі дагэтуль не могуць спрагназаваць падзеньне УВП, эканомікі. Хаця Расея ўжо мае антыкрызісную праграму, а таксама Казахстан, Польшча, Літвы і мы апошнія ў гэтым сьпісе. Хаця мы маглі навучыцца ў нашых суседзяў”.

Дашчынскі: "Паводле інфармацыі БЕЛТА, праект удакладненага бюджэту прадугледжвае істотныя зьмены ў прыбытках і выдатках..."

Раманчук: “Я падлічыў, што згодна з той каньюнктурай цэнаў, якія мы маем на мінэральныя прадукты, на калійныя ўгнаеньні, на мэталі, на МАЗы, на трактары, то мы згубім, прынамсі, 12 трыльёнаў рублёў. А гэта вельмі значная сума. І гэта сцэнар яшчэ не самы пэсымістычны. Безумоўна, калі гэтых прыбыткаў не будзе, то пры выкананьні дэкрэтаў прэзыдэнта аб тым, што трэба, каб бюджэт быў бездэфіцытным, трэба скарачаць і выдаткі. А каму скарачаць, каму не даваць, на гэтыя пытаньні адказаў яшчэ няма”.

Дашчынскі: Сыходзячы з той сытуацыі, якая ёсьць, з той інфармацыі, якая прасочваецца, чаго чакаць грамадзянам ў падатках і заробках?

Раманчук: “Трэба чакаць найперш памяншэньня рэальных заробкаў, зьніжэньня попыту, бальшыня прадпрыемстваў будзе працаваць адзін-два дні на тыдзень. Безумоўна, будзе менш прыбыткаў у насельніцтва, менш унутранага попыту. Гэта будзе рэцэсія і трэба будзе паясы зацягваць, каб перажыць толькі першы год крызісу. Мы яшчэ не перайшлі яго апагей. Трэба людзям казаць праўду, а праўда будзе вельмі балючая”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG