Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павесілася ў 14 гадоў, пахаваная ў 18.


Па Талачыншчыне пракацілася хваля маладзёвых самазабойстваў. У Коханаве ўчора пахавалі навучэнку 9-й клясы, што кінулася пад грузавы цягнік.А пазаўчора ў Талачыне – дзяўчыну-цыганку, якая павесілася пасьля пабояў, нанесеных бацькам. У апошнім выпадку, пасьля сьмерці, як сьцвярджаюць мясцовыя жыхары, чыноўнікі набавілі ёй ажно чатыры гады

Памерлую Натальлю Тумарэвіч добра памятае супрацоўніца 1-й Талачынскай бібліятэкі Алена Манькоўская. Кажа, дзяўчына часьцяком прыходзіла сюды не толькі пачытаць, але й пагаварыць, адвесьці душу.

“Павесілася... Дакладных дадзеных да нас не даходзіць, цыганы таксама языкі не распускаюць. Канфлікты з бацькам былі. Дзяўчына вясёлая, жыцьцярадасная была, прыходзіла да нас на ўсе мерапрыемствы. У школу не хадзіла, не было мэтрыкі – казала, што ў хаце сядзіць. Маці ў турме. Ёй 14 год. На пахаваньні шмат людзей было...”

Уласны досьлед правёў мясцовы праваабаронца Мікалай Петрушэнка.

“Размаўляў з інспэктарам па ахове праў дзяцей і дзяцінства Тамарай Васільеўнай Голубевай. І Голубева мне гаворыць: “Ёй жа 18 год, і таму гэта ня нашая справа. У мяне ёсьць паперка са спасылкай на інспэкцыю па справах непаўналетніх”. Я патэлефанаваў судмэдэкспэрту – ён таксама кажа, што напісана “18 год”. Тэлефаную начальніку міліцыі. Падпалкоўнік Чуеў кажа, што зоймецца праверкай гэтага пытаньня – таксама ведае, што 18 год. Мне стала першапачаткова вядома ад Голубевай”.

З карэспандэнтам “Свабоды” спадарыня Голубева гаварыць адмовілася.

“Я не ўпаўнаважаная з вамі гэта абмяркоўваць...”

Год таму ў Талачыне закрылі пачатковую школу для цыганскай дыяспары, якая ўключае ў сабе больш за 700 чалавек. Падстава – нібы, адсутнасьць сродкаў. Юныя цыганяты аказаліся фактычна кінутымі на вуліцу. Што ўскосна пацьвердзіў дырэктар трэцяй школы Ўладзімер Завадзкі. Менавіта ў ёй мусіла б вучыцца і Наташа Тумарэвіч.

“Са слоў бацькі, ён не жадаў, каб дачка вучылася, – паведаміў Уладзімір Міхайлавіч. – У яе не было ніякіх дакумэнтаў, яна не прапісаная, мэдычнай карткі пасьляродавай няма. Зьвестак пра існаваньне гэтага дзіця ў мікрараёне нідзе не было...”

Камэнтар сябра аргкамітэту па стварэньні жаночай партыі “Надзея” Галіны Петрушэнкі. Спадарыня Галіна доўгі час узначальвала жансаветы вайсковых гарнізонаў і добра ведае чыноўніцкія норавы.

“Уладзе нашай нічога не патрэбна. Гэта ня першыя выпадкі суіцыду ў дзяцей. І калі не атрымліваем ніякай інфармацыі пасьля афіцыйнага досьледу, значыць, улада робіць усё, каб “падфарбаваць” гэтыя здарэньні. Ёй было 14, а на магіле будзе стаяць 18. Наташа доўгі час не хадзіла ў школу, але гэта нікога не хвалявала. Наш жаночы актыў зьбіраецца правесьці незалежны досьлед, як такое магло здарыцца. Гэта ахвяра сучаснага жыцьця...”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG