Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уганараваныя ляўрэаты «Залатога апострафу»


Галоўны рэдактар часопіса “Дзеяслоў” Барыс Пятровіч паабяцаў нечаканкі.

Галоўны рэдактар часопіса “Дзеяслоў” Барыс Пятровіч паабяцаў нечаканкі.

Сёньня ўвечары ў менскай кавярні “Гаўдэамус” была ўручаная літаратурная прэмія “Залаты апостраф”. Яна заснаваная недзяржаўным літаратурна-мастацкім часопісам “Дзеяслоў” у 2003 годзе. Прэмія штогадовая. Яна ўручаецца за лепшую публікацыю ў “Дзеяслове” ў трох намінацыях — “Проза”, “Паэзія” і “Дэбют”. Імёны новых ляўрэатаў былі агучаныя непасрэдна на самой цырымоніі.

Распачынаючы імпрэзу галоўны рэдактар часопіса “Дзеяслоў” Барыс Пятровіч абмовіўся, што будуць нечаканкі. І першаю сталася тая, што гэтым разам не было намінацыі “Дэбют”, бо, як патлумачыў спадар Пятровіч, летась на старонках часопіса не было адметных публікацый пачаткоўцаў. Затое ўведзеная новая намінацыя — чытацкіх сымпатый. Яна прысуджаецца па выніках інтэрнэт-галасаваньня чытачоў. Першым яе ляўрэатам стаў Сяржук Сыс.

Сяржук Сыс

“Вельмі прыемна, што часопіс, які я ведаю зь першага нумару, заўважыў маю творчасьць і адзначыў такім дыхтоўным дыплёмам”.

Другой нечаканкаю можна лічыць, што ў намінацыі “Проза” ляўрэатам стаў знаны паэт Уладзімер Някляеў за аповесьць “Вяртаньне Веры”.


Але выступіў ён, атрымліваючы ўзнагароду, як паэт, прачытаўшы і нават прасьпяваўшы свой новы верш “Сьцяг”.

“Лунае, нескароны,
На векавых вятрах
Наш, ад крыві чырвоны,
Ад болю белы сьцяг.
Наш бел-чырвона-белы
Нябесны, вольны, сьмелы,
Наш бел-чырвона-белы
Сьцяг,
Сьцяг,
Сьцяг.

Айчына, Бог і Гонар
Малітвай на губах,
Крывіцкая Пагоня
Нясе наш вольны сьцяг.
Наш бел-чырвона-белы,
Нябесны, вольны, сьмелы,
Наш бел-чырвона-белы
Сьцяг,
Сьцяг,
Сьцяг.

Пагоню не спыняе
Ні боль, ні кроў, ні страх
І над крывіцкім краем,
Як птах, лунае сьцяг.
Наш бел-чырвона-белы,
Нябесны, вольны, сьмелы,
Наш бел-чырвона-белы
Сьцяг,
Сьцяг,
Сьцяг”.


У намінацыі “Паэзія” сёлета журы вызначыла не аднаго, а двух ляўрэатаў. Першым названы малады паэт Віталь Рыжкоў. На цырымоніі ганараваньня ён ня змог прысутнічаць, бо ад’ехаў у службовую камандзіроўку.



Алесь Пашкевіч і Барыс Пятровіч віншуюць Валянціну Аксак
І нарэшце — апошняя нечаканка сёлетняга ганараваньня “Залатым апострафам”у тым, што яшчэ адным ляўрэатам за лепшую паэтычную публікацыю ў часопісе “Дзеяслоў” за мінулы год названая нашая карэспандэнтка Валянціна Аксак. У папярэднія гады “Залаты апостраф атрымалі” Васіль Быкаў (пасьмяротна), Людміла Рублеўская, Леанід Дранько-Майсюк, Вольга Іпатава, Кастусь Тарасаў, Алесь Бадак, Алесь Пісьмянкоў (пасьмяротна), Віктар Сьлінко, Рыгор Сітніца, Андрэй Хадановіч, Глеб Лабадзенка, Усевалад Сьцебурака, Ганна Аўчыньнікава, Лізавета-Дамініка Панамарова і Ірына Бельская.
XS
SM
MD
LG