Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Віцебск: адзін суд за тры несанкцыянаваныя шэсьці


Міліцыя затрымлівае сябра КХП БНФ Сяргея Каваленку і двух ягоных аднадумцаў, Ігара Базарава і Валерыя Аляксандрава

Міліцыя затрымлівае сябра КХП БНФ Сяргея Каваленку і двух ягоных аднадумцаў, Ігара Базарава і Валерыя Аляксандрава

Судзьдзя Кастрычніцкага райсуду Алена Казілава пачала разгляд судовых спраў Сяргея Каваленкі, Ігара Базарава, Валерыя Аляксандрава, Леаніда Аўтухова, Міхаіла Гранава і Аляксандра Кузьняцова, якіх учора цягам дня затрымалі падчас акцый, прысьвечаных Дню Волі.

Дзеяньні ўсіх шасьці затрыманых у міліцэйскіх пратаколах кваліфікаваныя як удзел у несанкцыянаваных шэсьцях, хоць міліцыянты затрымлівалі сёньняшніх падсудных па іншай прыкмеце — за тое, што яны разгарнулі бел-чырвона-белыя сьцягі.

Падсудныя Ігар Базараў, Сяргей Каваленка, Леанід Аўтухоў, Аляксандар Кузьняцоў, Валеры Аляксандраў, Міхаіл Гранаў
Першымі ўчора гэта зрабілі сябар КХП БНФ Сяргей Каваленка і двое ягоных беспартыйных аднадумцаў, Валеры Аляксандраў ды Ігар Базараў. Аднак ніводзін зь іх на судзе не прызнаў, што яны ладзілі нейкае адмысловае шэсьце: усе трое заявілі, што выйшлі а другой дня на плошчу Свабоды ў Віцебску, каб прадэманстраваць свае палітычныя меркаваньні.

Валеры Аляксандраў, які ўпершыню браў удзел у падобнай акцыі, свой учынак пракамэнтаваў так:

“Зьбіраліся на гэтую акцыю цэлы год, зь лета 2008 году. Вельмі хацелася ўсё гэта адчуць: як гэта — ісьці са сьцягам, паказаць іншым, што ня толькі БНФ, але й звычайныя людзі шануюць дзень 25 сакавіка, сапраўдны дзень беларускай незалежнасьці”.

Ігар Базараў, які таксама ўзьняў бел-чырвона-белы сьцяг упершыню, дадаў да словаў сябра:

“Калі мы ішлі, то ўсе людзі былі за нас: большасьць мінакоў нас вітала. Таму што працы ў нас няма, заробкаў няма, кошты на прадукты вышэйшыя за эўрапейскія, а заробкі ў дзесяць разоў меншыя. Не жывем, а выжываем! Калі б людзі не баяліся, то выйшлі б ня толькі мы адны”.

Заслухаўшы падсудных, а таксама маёра міліцыі Аляксандра Каліноўскага, які кіраваў іхным затрыманьнем, судзьдзя перанесла разгляд судовых спраў Базарава, Аляксандрава і Каваленкі на заўтра.



Адтэрміноўку да заўтра атрымалі і астатнія трое падсудных, якіх затрымалі ўчора падчас масавай грамадзкай акцыі, што адбылася ў Віцебску ўвечары.

25 сакавіка. З кветкамі да Васіля Быкава (У цэнтры — Леанід Аўтухоў)
Каля ста чалавек — апазыцыйных актывістаў і звычайных грамадзянаў — сабраліся, каб разам ускласьці кветкі да мэмарыяльнай дошкі Васілю Быкаву і помніка Ўладзімеру Караткевічу. Аднак удзельнікам шэсьця ў час гэтай акцыі міліцыянты прызналі толькі Леаніда Аўтухова, кіраўніка Гарадоцкай раённай суполкі Партыі БНФ.

Судзьдзя Алена Казілава адхіліла хадайніцтва спадара Аўтухова, каб ягоным грамадзкім прадстаўніком на працэсе быў гарадоцкі актывіст Леанід Гаравы, але мусіла запрасіць перакладчыка з расейскай на беларускую мову, як запатрабаваў апазыцыянэр. Ён спрабаваў давесьці, што нікуды са сьцягам не ішоў, а толькі ўзьняў яго ў той час, як да мэмарыяльнай дошкі Васілю Быкаву ўскладалі кветкі. За гэта ён быў затрыманы і ноч правёў у ізалятары часовага ўтрыманьня. Судзьдзя вырашыла, што працягне судовы разбор ужо заўтра, а за гэты час спадар Аўтухоў мае намер знайсьці сабе адваката.



Як і спадароў Каваленку, Базарава і Аўтухова, з ізалятара часовага ўтрыманьня на сёньняшні суд прывезьлі 18-гадовага Міхаіла Гранава і кіраўніка “Моладзі БНФ” Аляксандра Кузьняцова.

25 сакавіка. Каля помніка Караткевічу. Удзельнікамі шэсьця з усяго натоўпу міліцыянты палічылі толькі дваіх.
Міліцыянты таксама абвінавацілі іх, што тыя ўдзельнічалі ў несанкцыянаваным шэсьці, хоць бел-чырвона-белы сьцяг, які ў іх адабралі каля помніка Караткевічу, яны толькі пасьпелі разгарнуць. Уласна затрыманьне адбылося значна пазьней: калі хлопцы ўжо вярталіся дахаты, да іх пад’ехалі супрацоўнікі міліцыі ды заявілі, што моладзевыя актывісты падобныя да нейкіх злачынцаў. Аднак у Кастрычніцкім РАУСе ім патлумачылі, што сапраўдная прычына затрыманьня — гэта ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.

Паводле судзьдзі Алены Казілавай, пастановы па ўсіх шасьці судовых справах, якія сёньня разглядаліся цягам дня, будуць вынесены заўтра. Падсудным пагражае альбо судовае папярэджаньне, альбо штраф, альбо арышт тэрмінам да 15 сутак.
XS
SM
MD
LG