Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У райцэнтры Ганцавічы на Берасьцейшчыне карэспандэнт “Свабоды” выявіў у продажы мясныя прадукты з цэху, якія афіцыйна зачынены за невыкананьне санітарных нормаў. На Гомельшчыне інспэктаваць праблемныя прадпрыемствы харчовай галіны будуць вэтэрынары з Украіны.


ГАНЦАВІЧЫ

Скандальную навіну атрымала сёньня “Свабода” з Ганцавіцкага раёну. Каўбасны цэх тутэйшага камбінату каапэратыўнай прамысловасьці нелегальна вырабляе і прадае каўбасу насельніцтву.

Напачатку была скарга. На “Свабоду” зьвярнулася жыхарка райцэнтру Тацяна Анісімава. Яна даводзіць, што зачынены раней у Ганцавічах каўбасны цэх працуе і да сёньня:

“У дзяржаўнай краме прадаюць сапсаваныя прадукты!”

“Яны вырабляюць каўбасу! Там жа мая суседка працуе. Такую прадукцыю есьці немагчыма, яна — нібы атрута. Тут гандаль камэрсантаў трасуць. А ў дзяржаўнай сапсаваныя прадукты прадаюць. Я заўсёды кажу: у гэтым мясцовыя ўлады вінаватыя!”

Каб пераправерыць скаргу, зьвяртаюся да галоўнага санітарнага ўрача Ганцавіцкага раёну Аляксандра Саляніка. Ён пераконвае: у адпаведнасьці з пастановай № 17 санстанцыі яшчэ ў чэрвені мінулага году праца каўбаснага цэху і мясцовай бойні была забаронена. Са слоў доктара Саляніка, тут было выяўлена каля дваццаці парушэньняў гігіенічных нормаў.

Каўбасу вырабляе цэх, дзе санітарныя дактары выявілі амаль 20 парушэньняў

“Цэх быў зачынены. Адбываўся мантаж новага абсталяваньня. Ішло апрабаваньне новых ліній. У месяц (у месяц!) рабілі толькі дзясятую долю дзённай нормы. А цяпер цэх зачынены цалкам”.

Аднак ёсьць падставы сумнявацца ў словах Аляксандра Саляніка. Сёньня прадавец харчовай крамы ў Ганцавічах Лілія Занька спраўдзіла, што ганцавіцкая каўбаса па-ранейшаму гатуецца і прадаецца:

“У нас на вітрыне ляжаць каўбасы “Кракаўская”, “Нарачанская”, “Раманаўская”, а таксама сасіскі, сардэлькі, куры вэнджаныя. Толькі ўчора завезьлі. Мы бяром нашу каўбасу”.

Таксама ганцавіцкая каўбаса штодзённа ў продажы ў вёсках раёну — у Малькавічах, Хатынічах і інш.

ГОМЕЛЬ


На Гомельшчыне дванаццаць малочных заводаў і тры мясакамбінаты рыхтуюцца да інспэкцыі ўкраінскай вэтэрынарнай службы. Па выніках кантролю будуць вызначаны прадпрыемствы, якія змогуць прадаваць сваю прадукцыю ва Ўкраіне.

Вэтэрынары з Украіны патрабуюць выканьня эўрапейскіх стандартаў

Да інспэкцыі ўкраінцаў рыхтуецца й акцыянэрнае таварыства “Калінкавіцкі мясакамбінат”. Прадстаўнік вэтэрынарнай службы мясакамбіната паведаміў, што спэцыялісты з Украіны патрабуюць выкананьня эўрапейскіх стандартаў:

“Парамэтры Эўразьвязу яны бяруць ужо, пачынаючы ад прыёмкі жывёлы й заканчваючы гатовай прадукцыяй. Тут ужо ідуць эўрапейскія стандарты. Іншы раз нашы ГОСТы крыху не дацягваюць. Там больш жорсткі кантроль”.

Апошнім часам Калінкавіцкаму мясакамбінату было забаронена вывозіць сваю прадукцыю ў Расею. Фінансавае становішча прадпрыемства цяпер вельмі кепскае.

МАГІЛЁЎ

На Магілёўшчыне ўсё больш ускладняецца сытуацыя на прадпрыемствах тэкстыльнай прамысловасьці.

У бабруйскім акцыянэрным таварыстве “Славянка” нестае грошай на выплату заробкаў. Кіраўніцтва зьвярнулася па банкаўскі крэдыт, хаця й прызнае, што ўмовы яго атрыманьня нявыгадныя — высокія працэнтныя стаўкі.

Сытуацыю на прадпрыемстве кіраўніцтва камэнтуе зь неахвотай:

“Цяпер простай сытуацыі няма на ніводным прадпрыемстве рэспублікі. Складанасьць у тым, што зьмяншаецца спажывецкі попыт. Складана, перадусім на расейскім рынку”, — прызнае прадстаўнік адміністрацыі “Славянкі”.

На школьную форму патрачана ўжо больш за адзін мільярд рублёў

Як удалося высьветліць, буйныя расейскія спажыўцы прадукцыі “Славянкі” альбо цалкам адмаўляюцца ад паслугаў прадпрыемства, альбо значна скарачаюць свае замовы. Бабруйскія швейнікі спадзяюцца на ўнутраны рынак. Больш за мільярд рублёў укладзена ў выраб школьнай формы.

Як жа ў такіх умовах працуецца шараговым швачкам? “Мы незадаволеныя заробкамі”, — кажа адна зь іх:

“Калі ж уздымаецца пытаньне, адразу адказ: “Крызіс. Трэба больш працаваць — і будзеце больш зарабляць. Рабіце плян, і будзеце мець грошы. А плян настолькі вялікі, што тры чвэрці работнікаў сядзяць пасьля працоўнага часу й выконваюць гэты самы плян”.

Карэспандэнт: “Ну ў сярэднім жа выходзіць тысяч сямсот?”

Швачка: “Вы што, зьдзекуецеся? (Сьмяецца.) Мы і пяцістам рады бяз памяці”.

На “Славянцы” працуе каля паўтары тысячы чалавек.

Ня лепшая сытуацыя й на магілёўскай фабрыцы “Вясьнянка”. У абласным цэнтры тут самая нізкая загрузка вытворчых магутнасьцяў. У прадпрыемства няма кантрактаў. Цяпер яно выконвае толькі адну замову з давальніцкай сыравіны. Страты “Вясьнянкі” складаюць 377 мільёнаў рублёў.

Страты на прадпрыемствах тэкстыльнай галіны — 3 000 000 000 рублёў

Днямі старшыня Магілёўскага гарвыканкаму Віктар Шорыкаў абрынуўся з рэзкай крытыкай на кіраўніцу “Вясьнянкі” Натальлю Бярговіну й запатрабаваў ад яе выправіць сытуацыю:

Шорыкаў: “Калі б у залі сядзелі цяпер голыя, тады б я зразумеў, што сапраўды крызіс прыйшоў. А вось паглядзі, яны ўсе апранутыя. Усе ў кашулях, усе ў паліто й плашчах. Значыць, запатрабаваная твая прадукцыя. Як хлеб патрэбная”.

Бярговіна: “Патрэбная!”

Шорыкаў: “Голай ня выйдзеш?”

Бярговіна: “Не”.

Шорыкаў: “Дык чаму ты яе ня робіш?”

Магілёўскія эканамісты, аднак, сумняваюцца, што сытуацыю ў тэкстыльнай галіне рэгіёну можна выправіць толькі аднымі патрабаваньнямі. Сёлетнія страты прадпрыемстваў тэкстыльнай прамысловасьці ў Магілёве склалі ўжо тры мільярды рублёў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG