Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вогнішча з крымінальнай пэрспэктывай


Учора падчас мітынгу ля будынку НАН Беларусі, прымеркаванага да Дня Волі, некаторыя ўдзельнікі акцыі палілі аркушы з ксэракапіяванымі партрэтамі Аляксандра Лукашэнкі.


Прадстаўнікі міліцыі ў зьвязку з гэтым заяўляюць: дзеяньням апазыцыі неўзабаве будзе дадзеная прававая ацэнка. Паводле юрыстаў, вогнішча з партрэтаў можа скончыцца для тых, хто яго наладзіў, папраўчымі працамі ці нават зьняволеньнем.

Адразу пасьля акцыі 25 сакавіка прадстаўнікі сілавых структураў заявілі пра шматлікія парушэньні і правакацыі з боку апазыцыі. Перадусім называліся спробы выйсьці на праезную частку, што супярэчыла папярэднім дамоўленасьцям з гарадзкімі ўладамі пра маршрут шэсьця. Апроч таго, спэцслужбы задакумэнтавалі факты спальваньня і зьнішчэньня партрэтаў Аляксандра Лукашэнкі.

Прававую ацэнку такім дзеяньням павінна даць пракуратура, куды рыхтуецца адпаведны зварот. Праўда, Галоўнае ўпраўленьне ўнутраных спраў Менгарвыканкаму ад высьвятленьня адносінаў з апазыцыяй намагаецца дыстанцыявацца. Нягледзячы на заявы начальніка ўпраўленьня Леаніда Фармагея, які яшчэ 23 сакавіка ў эфіры БТ абяцаў не дапусьціць парушэньняў правапарадку, ад камэнтароў у ведамстве адмовіліся:

“Справа ў тым, што такія заявы рабілі прадстаўнікі МУС. Вось туды і тэлефануйце”.

Карэспандэнт: “То бок гарадзкая міліцыя ўчорашняй падзеяй не займаецца?”

“Ну, чаму ж?.. Але калі сытуацыю камэнтуе МУС, то да іх і зьвяртайцеся. Мы ўстрымаемся…”

У крымінальнай зводцы за мінулыя суткі, зьмешчанай на інтэрнэт-старонцы МУС, ніякіх парушэньняў закону з боку апазыцыі падчас учорашняй акцыі ў Менску не адлюстравана.

Аднак начальнік упраўленьня інфармацыі і грамадзкіх сувязяў МУС Беларусі Алег Сьлепчанка пацьвердзіў: з гледзішча праваахоўных органаў падчас учорашняй акцыі мелі месца факты парушэньня заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. Найперш маюцца на ўвазе спальваньні партрэтаў кіраўніка дзяржавы і спробы радыкальнай моладзі правесьці стыхійны мітынг на скрыжаваньні вуліцы Броўкі і праспэкту Незалежнасьці. Цяпер факты аналізуюцца і неўзабаве будуць перададзеныя на адпаведнае рэагаваньне:

“Прававую ацэнку павінна даць пракуратура. У сваю чаргу, мы дакумэнтавалі ўсе факты парушэньняў, усе такія выпадкі зафіксаваныя. Таму сачыце за інфармацыяй. Як толькі нешта зьявіцца, мы адразу яе агучым”.

Як кажуць юрысты, спальваньне партрэтаў Лукашэнкі ў залежнасьці ад кваліфікацыі парушэньня можна падвесьці нават пад крымінальную адказнасьць. Згодна з артыкулам 368 Крымінальнага кодэксу, публічная абраза прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь караецца штрафам ці папраўчымі працамі на тэрмін да 2 гадоў, альбо арыштам да 6 месяцаў ці абмежаваньнем волі тэрмінам да 2 гадоў.

На Дзень Волі адрэагавалі і беларускія тэлеканалы. “Сталічнае тэлебачаньне” акцэнтавала ўвагу на тым, што большая частка мітынгоўцаў — непаўналетнія, якім, паводле аўтараў сюжэту, усё роўна, дзе ладзіць перакуры ці тусоўкі: “Выкарыстаньне неакрэплых юных розумаў дзеля стварэньня карцінкі масавасьці ў апошнія гады стала фірмовым стылем апазыцыі”. Аналітыкі выказалі інфармаванасьць: маўляў, за ўдзел у акцыях дарослыя дзядзькі абяцаюць моладзі вучобу ў Варшаўскім унівэрсытэце. На ОНТ сюжэтную лінію працягнулі: маўляў, з выступамі і лёзунгамі ўжо каторы год — адны і тыя ж палітыкі, а дзеля карцінкі — уцягнутыя ў вулічную авантуру падлеткі.

Істотна розьняцца і зьвесткі пра колькасьць удзельнікаў акцыі з нагоды 91-й гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці БНР. Паводле сёньняшняй інфармацыі МУС Беларусі, у мітынгу бралі ўдзел каля 700 чалавек, хоць яшчэ ўчора лічба даходзіла да тысячы. Дарэчы, яшчэ раней міністар унутраных спраў Уладзімер Навумаў надзіва дакладна спрагназаваў, што колькасьць удзельнікаў акцыі не перавысіць 700 чалавек. Незалежныя мас-мэдыі таксама не былі аднадушнымі што да колькасьці тых, хто выйшаў сьвяткаваць Дзень Волі. Аднак іх дадзеныя вагаліся ў межах ад 2 да 4 тысяч чалавек.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG