Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“А што б рабілі лідэры апазыцыі, калі б на плошчы палілі іхныя партрэты?”


Сьвяткаваньне гадавіны Беларускай Народнай Рэспублікі, выказваньні на адрас кіраўніка краны і апазыцыі — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.

У Менску прайшла масавая акцыя — сьвяткаваньне Дня Волі 25 сакавіка. Слухачы “Свабоды” камэнтуюць гэтую падзею.

Ільля Копыл, Менск: “Хачу падзяліцца сваімі назіраньнямі, як адбывалася сьвята Дня Волі. Кіраўнікі партый, арганізатары мітынгу паступілі мудра, што супакоілі людзей і не дапусьцілі шэсьця ў бок Кастрычніцкай плошчы і ў бок бібліятэкі. Сутыкненьне зь міліцыяй у цёмны час сутак магло прывесьці да непрадказальных вынікаў, магло адбыцца жорсткае зьбіцьцё людзей і нават зьнікненьні. Апазыцыя даказала, што яна вельмі моцная сіла. Аб гэтым гаворыць колькасьць міліцыі, якая была сканцэнтравана ў цэнтры”.

Спадар: “Наконт сьвяткаваньня Дня Волі застаўся толькі смутак. Арганізатары паказалі поўную нямогласьць што-небудзь арганізаваць. Калі хацелі паказаць палітычныя мэты, то патрэбна было дабівацца правоў чалавека, дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства, доступу да тэлебачаньня і радыё, свабоды друку і г.д. А калі хацелі пасьвяткаваць, то гэта патрэбна было рабіць у выходны дзень”.

Спадар: “Лічу, што вельмі добра тое, што зараз апазыцыя і міліцыянты не давялі справу да рукапашных сутыкненьняў. Мабыць, сталі паважаць адзін аднаго”.

Спадар: “Тое, што адбылося 25 чысла на плошчы каля Акадэміі Навук — ганьба. Нічога не зрабіць, ніякага шэсьця, ніякага канцэрту, што было б самым лепшым. АДСу так званаму — ім проста трэба ўсім у адстаўку разам з кіраўніцтвам БНФ”.

Анастас Семяновіч: “Вельмішаноўныя спадары і спадарыні Радыё Свабода! Добрай раніцы! Я вельмі задаволены акцыяй, якая адбылася на Акадэміі навук. Думаю, што на Чарнобыльскі шлях нас будзе ня меней як тысяч 50”.

Спадар:

“Дні Волі трэба правадзіць,
Толькі ня трэба партрэты Лукашэнкі паліць.
За гэтую акцыю будзе жорсткая правакацыя”.

Ігар Пасноў, Віцебск: “У мяне пытаньне. Паважаныя спадары Мілінкевіч, Казулін, Вячорка ды іншыя! Што б рабілі вы, каб на плошчы палілі партрэты Мілінкевіча, Казуліна, Вячоркі ды іншых дзеячаў так званай апазыцыі?”

На пытаньне адказвае намесьнік старшыні партыі БНФ Вінцук Вячорка:

“У прынцыпе, формы выказваньня сваіх палітычных поглядаў людзі ў сьвеце практыкуюць розныя. І розныя формы маюць права на існаваньне. Магчыма і такая форма, якая хутчэй нагадвае рытуал культу “вуду” гаіцянскага. Калі фігурка ворага спальваецца ці праколваецца, і гэткім чынам той павінен нібыта неяк пацярпець. Але ж мы людзі ўсё ж хрысьціянскай традыцыі, і вогнішча, якое з партрэтаў і ўлётак рабілі невядомыя маладыя людзі, я патушыў”.

Працягваем праграму іншымі выказваньнямі:

Пэнсіянэрка: “А ці не прадаць вам, Аляксандар Рыгоравіч, і вашым чыноўнікам сэкундныя стрэлкі з вашых наручных гадзіньнікаў, каб вярнуць ільготы дзецям і пэнсіянэрам?”

Спадарыня: “З газэты “Народная Воля”. Лідэр апазыцыі Мадагаскара прызнаў, што зрынуты прэзыдэнт ня можа рабіць з краінай усё, што яму заманецца. Гэтае выказваньне адносіцца і да Лукашэнкі, толькі вось войска Мадагаскара абараніла свой народ і дапамагло пазбавіць дыктатара ўлады. На жаль, у Беларусі няма такога войска”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG