Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якога чыноўніка судзяць у Цэнтральным судзе Менска?


Паводле зьвестак, у Цэнтральным судзе Менску слухаецца справа супроць высокапастаўленага чыноўніка Камітэта дзяржкантроля, якога абвінавачваюць ў лабіраваньні інтарэсаў камэрцыйнай структуры.


Пра тое, што у Цэнтральным судзе Менска ідзе працэс над адказным супрацоўнікам Дзяржкантролю, паведаміла агенцыя БелаПАН. Паводле журналістаў, чыноўнік падазраецца ў злоўжываньні службовым становішчам. Нібыта падначалены Зянона Ломаця арганізаваў незаконнае праслухоўваньне тэлефонных размоў, лабіраваў інтарэсы сяброўская да яго камэрцыйнай фірмы, а супроць фірмы-канкурэнта перадаў кантралюючым органам ілжывыя зьвесткі. Паведамляецца, што дзейнасьць чыноўніка нанесла вялікія страты, у тым ліку дзяржаве. У незалежных мэдыях ўсё гэта ўжо назвалі “справай аб камэрцыйным шпіянажы”.

Паводле крыніцы журналістаў БелаПАН чыноўнік, якога судзяць за “арганізацыю камэрцыйнага шпіянажу”, працягвае працаваць ў Камітэце дзяржкантролю. Кіраўніца прэсавай службы Камітэту Ірына Войцік, аднак, заявіла, што нічога пра гэта ня ведае.

“Я не ўпаўнаважаная камэнтаваць такія рэчы і нават дрэнна ўяўляю, пра каго ідзе гаворка”.

Ці сапраўды у Цэнтральным судзе слухаецца такая справа і як завуць чыноўніка, падазронага ў “шпіянажы” супраць камэрсантаў? У канцылярыі суду адмовіліся даваць такія зьвесткі наўпрост па тэлефоне.

“Па тэлефоне мы інфармацыю не даем. Ідзіце на прыём да старшыні суду”.

Старшыня Цэнтральнага суду Менска Юры Лебедзь сустрэў мяне заўвагай, што сёньня ў яго не прыёмны дзень. Пацьвердзіць ці абвергнуць інфармацыю, паводле якой ў судзе слухаецца справа высокапастаўленага чыноўніка Камітэта дзяржкантролю, старшыня суду адмовіўся. На пытаньне, ці гэтая справа ёсьць закрытая, я таксама адказу не атрымаў. Прозьвішча чыноўніка судзьдзя Юры Лебедзь таксама не назваў.

Цэнтральны суд Менска нядаўна аказаўся ў цэнтры карупцыйнага скандалу, зьвязанага са справай былога пракурора Менскай вобласьці Міхаіла Сьнегіра. Паводле Аляксандра Лукашэнкі, судзьдзі Валер Есьман, Тацяна Паўлічук і Алена Ільіна нібыта дапамагалі былому пракурору ў ягоных справах вакол элітнай кватэры на вуліцы Ціміразева. Зараз Міхаіл Сьнегір арыштаваны і знаходзіцца ў ізалятары КДБ. Алену Ільіну з суду звольнілі, а Валер Есьман і Тацяна Паўлічук засталіся на сваіх пасадах. Паводле старшыні Вярхоўнага суду Валера Сукалы, іх датычнасьць да справы Сьнегіра яшчэ правяраецца.

Назіральнікі пытаюцца, ці не хаваюць ў Цэнтральным судзе Менска інфармацыю пра справу адказнага супрацоўніка Дзяржкантролю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG