Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрадэпутат Ян Марынус Вірсма зьбіраецца ў Менск


Ян Марынус Вірсма

Ян Марынус Вірсма

Нідэрляндзкі палітык Ян Марынус Вірсма, сябра камітэту Эўрапарлямэнту па міжнародных справах і віцэ-старшыня партыі эўрапейскіх сацыялістаў, мае намер наведаць Менск у складзе дэлегацыі эўрапейскіх дэпутатаў з 6-га па 8-га красавіка.


Для палітыка, вядомага сваёй крытыкай прэзыдэнта Лукашэнкі, гэта першы візыт у Беларусь за апошнія гады. Паводле спадара Вірсмы, ад 2004 году менскія ўлады лічаць яго “непажаданай пэрсонай для Беларусі”.

Учора ў Страсбуры эўрапейскі дэпутат у часе парлямэнцкіх абмеркаваньняў стасункаў ЭЗ і Беларусі, заявіў:

“Мы абмяркоўваем дачыненьні зь Беларусьсю, а таксама разьвіцьцё падзеяў у гэтай краіне, бо ЭЗ у кастрычніку 2008 году прыняў рашэньне пра абмежаваны палітычны дыялёг з афіцыйным Менскам... Цяпер ад Менску паступаюць сыгналы пра жаданьне палепшыць дачыненьні з ЭЗ. Я спадзяюся пачуць ад беларускіх уладаў, на якія крокі яны гатовыя, каб зрабіць гэта магчымым”.

Паводле Вірсмы, у Эўрапарлямэнце ўспрымаюць афіцыйны візыт у Менск як пазытыўны крок Менску, як гатоўнасьць беларускага кіраўніцтва весьці сур’ёзны палітычны дыялёг. Аднак, дадаў галяндзкі палітык, “шчыльнейшае супрацоўніцтва паміж Брусэлем і Менскам будзе залежаць ад канкрэтных рэформаў у самой Беларусі. Проста абяцанак недастаткова”.

Што да ўдзелу Беларусі ў праграме “Ўсходняе партнэрства”, то Вірсма лічыць гэта “добрай ідэяй”. Аднак магчымае запрашэньне Аляксандра Лукашэнкі на травеньскі саміт ЭЗ у Прагу эўрадэпутат называе “вельмі заўчасным”.

Як пацьвердзілі Свабодзе у бюро Яна Марынуса Вірсмы, эўрадэпутаты прагаласуюць за рэзалюцыю па дачыненьнях ЭЗ і Беларусі 2 красавіка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG