Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Немцы і палякі абмеркавалі “Ўсходняе партнэрства”


Пра сумеснае паседжаньне Камісіі па замежных справах нямецкага Бундэстагу і польскага Сойму паведамляе інтэрнэт-сайт Вundestag.de.

Як падкрэсьліў старшыня камітэту па замежнай палітыцы Бундэстагу Рупрэхт Поленц, такое партнэрства азначае магчымасьць спрыяць умацаваньню дэмакратыі ў рэгіёне, а таксама патрабаваць адпаведнай адказнасьці ад кіраўніцтва краін-удзельніц — Беларусі, Украіны, Малдовы, Армэніі, Азэрбайджану, Грузіі. Спадар Поленц, які выступае за інтэграцыю беларускага грамадзтва ў агульнаэўрапейскія працэсы, у свой час ініцыяваў удзел Беларусі ў Праграме міжнароднай парлямэнцкай стыпэндыі, каб маладыя людзі зь Беларусі ў веку да 30 гадоў маглі стажыравацца ў Бундэстагу ў якасьці памочнікаў нямецкіх парлямэнтароў.

І Поленц, і ягоны польскі калега Кшыштаф Лісек выказаліся за спрашчэньне візавай палітыкі для жыхароў постсавецкага рэгіёну. Паводле кіраўніка міжнароднага камітэту польскага Сэйму, асаблівую патрэбу ў паездках у аб’яднаную Эўропу маюць маладыя людзі зь Беларусі, якія жывуць ва ўмовах закрытага грамадзтва. Кшыштаф Лісек выказаў спадзяваньне, што “Ўсходняе партнэрства” будзе спрыяць умацаваньню грамадзянскай супольнасьці і няўрадавых арганізацый у рэгіёне.

Прадстаўнікі нямецкага і польскага парлямэнтаў абмеркавалі таксама пытаньне паляпшэньня дачыненьняў з Расеяй.

“Мы хочам, каб такія паняцьці, як “сфэра ўплыву ў Эўропе”, ня мелі будучыні”, — падкрэсьліў Лісек.
XS
SM
MD
LG