Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 25 сакавіка 2009 году


Падчас нядаўняга наведваньня Віцебшчыны Аляксандар Лукашэнка назваў беларускую апазыцыю “ворагамі народа” і “пятай калёнай”, а апазыцыйных лідэраў чарговы раз аблаяў як “вашывых палітыкаў” і “адмарозкаў”. Ці магчыма пасьля такіх эпітэтаў уявіць, што гэтыя людзі сядуць за адным сталом і будуць шукаць кампраміс?

Некаторыя нашы слухачы лічаць, што абразьлівыя азначэньні, якія прагучалі з вуснаў прэзыдэнта, могуць мець для апазыцыі зусім ня тыя наступствы, на якія, відавочна, разьлічваў іх аўтар. Вось што піша з гэтай нагоды ў сваім лісьце на “Свабоду” наш даўні сябар Кастусь Сырэль з Ушачаў:

“Мяркую, што сваімі супэркатэгарычнымі выпадамі супраць апазыцыі Аляксандар Рыгоравіч можа дасягнуць зусім супрацьлеглага эфэкту. Па-першае, такія ярлыкі, як “вораг народа”, вельмі двухсэнсоўныя. Народ у нас не такі дурны, як думае ўлада. Многія ведаюць, што ворагамі народа ў свой час былі абвешчаныя і Сяргей Паўлавіч Каралёў, і Андрэй Мікалаевіч Тупалеў, і мноства іншых вядомых і выбітных людзей. Па-другое, перабор крытыкі нейкай ідэі ці партыі можа выклікаць замест непрыняцьця падвышаную цікаўнасьць.

Людзі майго пакаленьня добра памятаюць, як ганьбілі калісьці ў СССР буржуазнае мастацтва. І да чаго гэта прывяло? Ня буду прыводзіць многа прыкладаў, дастаткова нагадаць сусьветна вядомую групу “The Beatles”. Праз выцьцё радыёглушылак мы вышуквалі замежныя радыёстанцыі, каб запісаць на сваю “Дайну” ці “Ноту” творы ўлюбёнай групы, а разам з тым ненаўмысна знаёміліся зь іншымі праявамі “варожай” ідэалёгіі. Калі на некалькі гадзін трапляла ў рукі пласьцінка, прывезеная “з-за бугра”, гэта было за шчасьце. Запісанае тыражавалася. Мы насілі прычоскі, як у “Бітлз”, шылі штаны, як у “Бітлз”. Такім чынам, контрапрапаганда ператварылася ў сваю супрацьлегласьць — прапаганду. “Запретный плод сладок!”

Ці яшчэ адзін мой асабісты досьвед. Зь вядомым творам Аляксандра Салжаніцына “Архіпелаг ГУЛАГ” я ўпершыню пазнаёміўся… праз Радыё Свабода! На пачатку сямідзесятых (здаецца, улетку 1972-га) вытрымкі з твору чыталіся на хвалях “Свабоды”. Цікавасьць да твору была выклікана менавіта цкаваньнем яго і яго аўтара ў савецкіх СМІ. Заадно я набыў добры досьвед памяншэньня перашкод ад радыёглушылак. Прыймач быў на той час вельмі нядрэнны — радыёла ІІ класу “Латвія-М”.

Дзеля пранікненьня ў сьвядомасьць грамадзян нейкай ідэі неабавязкова мець уласныя СМІ ды іншае матэрыяльнае забесьпячэньне. Яна пасьпяхова можа скарыстацца паслугамі таго, хто яе не ўспрымае ці нават ганіць, у дадзеным выпадку — выступамі Аляксандра Рыгоравіча. Апазыцыя павінна дзякаваць Рыгоравічу за такія выступы!”


Падзякі ад тых, каго назвалі “ворагамі народа” і “вашывымі адмарозкамі”, не прагучала. Але і абразаў у адказ чуваць не было. Апазыцыйныя лідэры, відавочна, ужо звыкліся з такімі характарыстыкамі. Як, зрэшты, звыклася і грамадзтва. Ня думаю, што гэта выклікала значнае ўзрушэньне сярод большасьці беларускага насельніцтва. Нашмат больш клопату і трывогі дастаўляе многім людзям тое, што на працягу апошніх месяцаў імкліва зьніжаюцца заробкі, даражэе жыцьцё, павялічваецца пагроза беспрацоўя. І адцягнуць увагу грамадзтва ад гэтых праблемаў гучнымі палітычнымі абвінавачаньнямі і пошукамі “ворагаў народа” наўрад ці атрымаецца.

Нашы слухачы Ігар Кавалёў, Іван Міхалевіч, Дзьмітры Захараў і іншыя жыхары Ліды (усяго сем подпісаў) устрывожаны нестабільнасьцю беларускага рубля. Усе яны пацярпелі ад студзеньскай дэвальвацыі і з гэтай нагоды пішуць:

“Ніхто з кіраўнікоў сьвету не падмануў свой народ так, як гэта зрабіў Лукашэнка. Калісьці абяцаў вярнуць савецкія ўклады, якія згарэлі ў Ашчадным банку. Вось мы і дачакаліся: нас падманулі зноў, другі раз, калі абясцэнілі з новага году рубель больш як на 20 працэнтаў.

Летась герой Беларусі Пракаповіч абяцаў, што рубель адносна даляра падаць ня будзе. А ён падае ледзь ня штодня. Калі так будзе працягвацца і далей, дык да канца году даляр будзе каштаваць 5000 беларускіх рублёў. (А можа і болей). Адпаведна растуць і цэны на ўсё.

Дык, можа, цяпер прысвоіць Пракаповічу званьне двойчы героя — за тое, што загітаваў нас класьці ў банкі беларускія рублі?

Бог пакарае ўладу за такі падман. Надакучыла яна, зрабіла нас жабракамі. Хопіць! Галасаваць за яе больш ня будзем.

А вы на Радыё Свабода таксама вінаватыя. Чаму дапусьцілі ў эфір Багданкевіча, які так хлусіў нам, каб грошы захоўвалі ў банках у беларускіх рублях? Няўжо нельга было папярэдзіць нас загадзя, да студзеня, што рыхтуецца дэвальвацыя? І эканаміст Раманчук пра гэта таксама чамусьці не казаў. Так што і яны заадно з Лукашэнкам”
.

Рашэньне пра тое, каб з 2-га студзеня на дваццаць працэнтаў абясцэніць беларускі рубель, прымаў не Станіслаў Багданкевіч і не Яраслаў Раманчук. Тым больш, ведаць строга канфідэнцыйную інфармацыю пра дату і памеры дэвальвацыі ні Багданкевіч, ні Раманчук не маглі. І вашы, спадарства, абвінавачаньні на адрас Станіслава Багданкевіча, які нібыта заклікаў захоўваць зьберажэньні ў беларускіх рублях, таксама беспадстаўныя. У сваіх леташніх выступах на “Свабодзе” былы кіраўнік Нацбанку раіў не аддаваць перавагі ніводнай валюце, а, каб застрахавацца ад магчымых курсавых ваганьняў, рэкамэндаваў захоўваць ашчаджэньні ў розных валютах.

Наш слухач Мікалай Каліноўскі з Наваполацку ў сваім лісьце на “Свабоду” спрабуе асэнсаваць грэблівае стаўленьне многіх беларусаў да сваёй нацыянальнай мовы. Ён піша:

“Што ж гэта робіцца? Я баюся папрасіць па-беларуску ў краме пару шкарпэтак. Аднаго разу спытаў. Жах, што рабілася! Зрабілі выгляд, што не пачулі. Потым пачулі, але доўга не абслугоўвалі. Потым насьміхаліся, а ўрэшце адказалі, што таго, аб чым прашу, няма.

Што ні кажыце, цяжка так жыць — кожны дзень адчуваць уласнай сьпінай грэблівыя позіркі так званых “беларусаў”. З крамай яшчэ паўбяды. Хто найбольш адбівае ахвоту размаўляць па-беларуску — дык гэта настаўнікі. Аж вочы ў іх вылазяць на лоб, калі пачынаеш адказваць па-беларуску фізыку ці біяграфію Талстога. Пажыві так, сапраўдны беларусе, калі цябе цкуюць і ганьбяць кожную хвіліну, ды яшчэ Мілінкевічам абзываюць.

Праблема ня ў тым, што беларусы ня ведаюць сваёй мовы. Не, яны яе цураюцца, саромеюцца, баяцца чужых позіркаў. Я бачу, як малады хлопец палахліва хавае толькі што набытую ў шапіку “Нашу Ніву”, каб ня бачылі, ня лаялі. Назіраю, якія вочы ў дзяўчыны, калі тая пытаецца ў кнігарні: “А на беларускай мове што-небудзь ёсьць?”

— Ёсьць, — адказваюць. — Слоўнік!

Адкуль бярэцца гэтая гнеўная лютасьць да свайго ў шчырым, добрым, пяшчотным сэрцы беларуса? Чаму ў грамадзтве такія адносіны да ўсяго беларускага?

Зразумела, тэлебачаньне, радыё, газэты робяць сваю справу. Але ж ёсьць альтэрнатыва: калі захочаце — адшукаеце. Дык жа не шукаюць! Кажуць: а навошта, нам і гэтага хапае, нам і па-расейску добра.

Абрыдла. Для каго ці для чаго трывала наша мова пакуты за кратамі? А Дубоўка? А Кузьма Чорны? Дзеля будучыні Беларусі яны цярпелі, дзеля нашай будучыні.

Таму — хопіць! Дзяўчаты, жанчыны, бабулі, дзядулі, хлопцы, мужчыны! Ганарыцеся сваёй мовай, размаўляйце на ёй. Няхай лаюць, лезуць на сьцяну — трымайце гонар нашай нацыі! І — будзьма Беларусамі!”


Гэтыя ж пытаньні, гэтыя ж зьдзіўленьне, расчараваньне, абурэньне гучалі ў выступах людзей, неабыякавых да лёсу беларушчыны, пачынаючы з 19-га стагодзьдзя. І працягваюць гучаць цяпер, калі беларусы маюць уласную дзяржаву і калі, здавалася б, ніякія вонкавыя ўплывы, ніякія імпэрскія памкненьні суседзяў не замінаюць ратаваць і разьвіваць сваю нацыянальную мову. Справа, аднак, ня толькі ў замежных уплывах і ня толькі ў афіцыйнай палітыцы цяперашняй улады. Відаць, ня толькі шчырасьць, дабрыня і пяшчота ў тых сэрцах, калі там знайшлося месца і грэблівасьці да ўласнай духоўнай спадчыны, і нецярпімасьці да тых, хто спрабуе выправіць такое становішча.

На заканчэньне — кароткі ліст ад Уладыславы Клебановіч з Івейскага раёну — пра тое, якое месца займае Радыё Свабода ў ейным жыцьці. Слухачка піша:

“Мне ўжо 77 гадоў. Муж памёр. Мела двух сыноў, абодва ў розны час трагічна загінулі, пакінуўшы сем’і і дзетак. Жыцьцё цяжкое.

А тут яшчэ зламаўся мой стары прымач. Раней я кожны дзень слухала Радыё Свабода. У цёплыя дні нават адчыняла вакно, каб і іншыя людзі маглі вас слухаць, ведаць праўду. Таму я і мае знаёмыя, якія таксама любяць “Свабоду”, просім, калі гэта магчыма, прыслаць прымач, каб разам жыць беларускім духам. Бо Радыё Свабода — гэта духоўная сіла!”


Мы шчыра ўдзячныя вам, шаноўныя сябры, за гэтыя словы і за шматгадовую адданасьць нашаму радыё. Вашу просьбу мы неўзабаве пастараемся выканаць.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG