Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Сьмялейшыя людзі абвясьцілі незалежнасьць Беларусі”


У сьвяточных акцыях на вуліцах Менску, прымеркаваных да 91-х угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі, узялі ўдзел сотні чалавек. Адна зь іх распачалася каля будынку Нацыянальнай Акадэміі Навук, другая прайшла каля помніка Максіму Багдановічу.

Слухаць:




Каля помніка Максіму Багдановічу сабраліся актывісты прыхільнікі Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ. Яны правялі мітынг і прасьпявалі патрыятычныя песьні.

Карэспандэнтка: “Сёньня вы прыйшлі да помніка Максіму Багдановічу, каб адсьвяткаваць дзень БНР. Што для вас гэтае сьвята і чаму вы тут?”

Юнак: “Для мяне гэта найлепшая дата. Сьмялейшыя людзі нашай краіны адважыліся на такі крок — абвясьцілі незалежнасьць Беларусі. Гэта надае ім гонару, і гэта варта павагі і памяці. Бяз гэтай даты мы б ня мелі нават таго, што ёсьць зараз”.

Спадарыня: “Гэта нашае галоўнае сьвята — сьвята нашай незалежнасьці. Станаўленьне нашай сапраўднай беларускай дзяржаўнасьці. З гэтага ўсё пачалося”.

Спадар: “Гэта сьвяты дзень для кожнага беларуса. 200 гадоў, як кажуць, расейскага іга, а тут — глыток свабоды. Нават і зараз паўзмрок у Беларусі, але ж ёсьць надзея”.

Удзельнікі сьвяткаваньняў каля Акадэміі навук — у пераважнай бальшыні моладзь — скандавалі лёзунгі і ахвотна абмяркоўвалі ход акцыі:

Міліцыянты папярэджваюць пра магчымасьць выкарыстаньня сілы супраць удзельнікаў.

Карэспандэнтка: “Што для вас сьвята? Які настрой?”

Юначка: “Ну, наш настрой дастаткова ўзьнёслы і сьвяточны, нягледзячы на тое, што такая вялікая колькасьць АМАПу яго крыху папсавала. Але спадзяемся, што ўсё скончыцца мірна і сьвяточна, бо гэта ў першую чаргу сьвята”.

Юнак: “Я прадстаўнік руху «Абарона» з Масквы. Мы прыехалі, каб падтрымаць нашых сяброў. І бачым, што ў нашых сяброў-беларусаў апазыцыя расьце”.

Юнак: “Для нас гэта вельмі вялікае сьвята, гэта сапраўдная беларуская незалежнасьць. І таму мы сёньня выйшлі і будзем змагацца з гэтым рэжымам, пакуль можам трымацца і нешта трымаць у руках”.
XS
SM
MD
LG