Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве згадалі сход, які прызнаў у горадзе ўладу БНР


25 сакавіка а 18-й гадзіне каля паўсотні магілёўцаў прыйшлі да будынку абласнога музэю, каб згадаць сход грамадзкасьці, які 12 ліпеня 1918 году прызнаў уладу Беларускай Народнай Рэспублікі ў Магілёве. У гэтым будынку, які 91 год таму належаў гарадзкому казначэйству, і адбыўся той сход.


Апазыцыйная акцыя доўжылася каля паўгадзіны. Да макета інфармацыйнай шыльды, якую магілёўскія дэмакраты дамагаюцца ўсталяваць на сьцяне музэю, былі ўскладзеныя кветкі беларускіх нацыянальных колераў. Пасьля невялікай прамовы аднаго з арганізатараў акцыі Рыгора Кастусёва грамада разышлася.

Акцыя прайшла без інцыдэнтаў. За ёй назіралі шасьцёра міліцыянтаў, сярод якіх было два палкоўнікі і маёр. Акцыю здымаў апэратар беларускага тэлебачаньня.

Летась у сьнежні Магілёўскі гарвыканкам не дазволіў усталяваць інфармацыйнай шыльды. Сваё рашэньне чыноўнікі матывавалі адсутнасьцю дакумэнтальнага пацьверджаньня факту прызнаньня магілёўскай грамадзкасьцю ўлады Беларускай Народнай Рэспублікі ў горадзе.

На фота: Да інфармацыйнай шыльды леглі кветкі беларускіх нацыянальных колераў




На фота: Апазыцыйную акцыю здымае апэратар БТ




На фота: Перад пачаткам акцыі міліцыянт у званьні маёра выпытаў у Рыгора Кастусёва, што мае адбыцца



На фота: За акцыяй назіралі й двое палкоўнікаў


XS
SM
MD
LG