Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвяткаваньне гадавіны Беларускай Народнай Рэспублікі, магчымае запрашэньне Аляксандра Лукашэнкі на саміт Эўразьвязу ў Прагу, выказваньні кіраўніка краіны на адрас беларускай апазыцыі — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.


25 сакавіка 1918 году ў Менску была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка. З нагоды 91-й гадавіны БНР — наступныя выказваньні слухачоў:

Аляксандар Яцкевіч, Віцебск: “Мне вельмі хочацца павіншаваць вас са сьвятам, пажадаць здароўя і ўсяго самага найлепшага”.

Мікалай Кукса: “Віншую беларускі народ з найвялікшым сьвятам — Днём Волі. Але воля, людцы, ня можа проста дацца — за яе патрэбна добра пазмагацца. Жыве Беларусь!”

Валеры Курневіч, Барысаў:

“Чаму ў календары няма памінальнай даты пра Курапаты?
Няма звароту і да дня БНР — першай беларускай волі.
Што казаць — нават па зьместу календара можна паняць тое,
Што ў беларусоў няма і сёньня добрай долі”.

Людміла Белахвостава: “Віншую ўсіх супрацоўнікаў Радыё Свабода з Днём Волі. Хачу прачытаць верш Яна Грыба.

І ў 18-м на Ўсходзе шалёна шчэрыцца, як зьвер,
Бо не скароны ты, народзе, рвануўся з рабства ў БНР.
Расьце, ляціць па Беларусі наш рух вызвольны, рух сьвяты,
І нас вядуць сьвятыя душы — паўстаньня Слуцкага браты.
Няхай палаюць нашы скроні, няхай жа сэрца рвецца ў друз,
Уздымем мы штандар “Пагоні” за Беларусь, за Беларусь”.

Спадар:

“Прыйдзі, нарэшце, час свабоды, маю краіну ажыві,
Паўстань, захованы праз годы, наш герб і рыцар на кані.
Мо мы забылі — хто мы, дзе мы, ў якой краіне мы жывем,
Свой крыж стагодзьдзямі нясем мы — за кім ідзем? Куды ідзем?
Чужая мова верх узяла, свая ж адкінута нагой,
Дзяржава наша амаль ужо што стала для нас чужою, не сваёй.
Ляціце ж, коні ў збруі срэбнай — ганіце смутак і адчай,
Мы ж застаемся зь верай еднай у нашу праўду і ў наш край”.

Са сьвятам волі!”

Ніна Ярмалінская, Салігорск:


“Вітаю, радыё “Свабода”! Да Дня Волі вам, дарагія сябры, мае віншаваньні. І новы верш, які называецца “Памалюся за цябе, Беларусь”.

Ты пакліч, я табе адгукнуся,
Дарагая радзіма мая,
Чую голас маёй Беларусі
У напевах начных салаўя.
За цябе я малюся штодня,
За лугі, за твае сенажаці.
Пакланюся табе нізка я,
Беларусь, наша родная маці.
Памалюся за сосны, дубы,
Што растуць над шырокай ракою,
За ласіныя сьцежкі ў бары,
За крынічку з крыштальнай вадою.
І за вас памалюся, сябры,
У касьцёле вячэрняй парою,
За бярозавы гай малады,
Дзе сустрэліся, любы, з табою.
Ты паклічаш мяне — я прыйду,
Адгукнуся на голас той звонкі,
Да зямелькі сьвятой прыпаду,
Беларусь, дарагая старонка.

Жыве Беларусь!”

Працягваем праграму тэлефанаваньнямі на тэму выказваньняў кіраўніка краіны на адрас апазыцыі, а таксама пра магчымае запрашэньне Аляксандра Лукашэнкі на саміт кіраўнікоў краін Эўразьвязу ў Прагу.

Ларыса, Менск: “Зараз асноўнае пытаньне, якое абмяркоўваецца, — ці запрашаць Лукашэнку ў Прагу. Розныя меркаваньні як у палітолягаў, так і ў слухачоў. Асабіста я падтрымліваю тых, хто за тое, каб запрашаць, калі такая магчымасьць прадставіцца. Няхай выступіць, якія ў яго меркаваньні наконт крызісу, і, можа, у яго ёсьць парады, як зь яго выйсьці. Тым больш што апошнім часам на гэтую тэму былі абмеркаваны пытаньні зь Мядзьведзевым, і мы больш падрабязна пра гэта даведаемся. І трэба запрасіць апазыцыянэраў, каб яны таксама выступілі і выказалі свае меркаваньні на гэтую тэму”.

Спадарыня: “Наконт выказваньня Лукашэнкі, які назваў нядаўна ў выступе апазыцыю ворагамі народа. Гэта прагучаў загад галоўнага чыноўніка краіны як кіроўным чыноўнікам, так і сярэднім, што мець стасункі з іншадумцамі, мець іншадумцаў на працы — гэта значыць рабіць тое, што ўладару не падабаецца. Загад: глядзіце, а то і вас залічаць у іншадумцы. Галоўны пасыл гэтай фразы — пасеяць страх сярод насельніцтва і падзяліць яго на два лягеры: адны падтрымліваюць уладу, а іншыя — вельмі дрэнныя людзі, яны не падтрымліваюць уладу і ня трэба мець зь імі стасункаў. Гэта сярэднявечная, ці, хутчэй, гітлераўска-сталінская рыторыка. Шкада, што ў нас у Беларусі мы маем такога прэзыдэнта сёньня, бо апазыцыя — гэта норма ў нармальным грамадзтве, а ворагамі яны могуць быць толькі ў дзікім дыктатарскім грамадзтве, якім мы, на жаль, сёньня збольшага ёсьць”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG