Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Мілінкевіч і Казулін па-рознаму ацэньваюць пагрозы для Беларусі


Беларусь магла б першай з шасьці краінаў, уключаных у праграму “Ўсходняе партнэрства”, далучыцца да Эўрапейскага Зьвязу. Такую заяву сёньня зрабіў лідэр руху “За свабоду” Аляксандар Мілінкевіч.


Ён сказаў, што такую думку чуў ад шмат каго з эўрапейскіх палітыкаў.

Лідэр руху “За свабоду” назваў ініцыятыву “Ўсходняе партнэрства” “сур’ёзнай эўрапейскай стратэгіяй”. Аляксандар Мілінкевіч ацэньвае яе як “вялікі шанец для Беларусі”:

“У размовах з многімі палітыкамі я чуў тое, што Беларусь можа быць першай. Нам найбольш перашкаджае аўтарытарная сыстэма кіраваньня, рэпрэсіі, парушэньні правоў чалавека. Але калі казаць пра ўзровень эканамічнага разьвіцьця, пра навуковы патэнцыял, пра ўзровень адукацыі, пра інфраструктуру, пра традыцыі, пра культуру працы, то мы, безумоўна, маем шанец першымі стаць сябрамі Эўразьвязу. Але, безумоўна, пры адпаведнай палітыцы ўладаў Беларусі”.

Аляксандар Мілінкевіч сказаў сёньня, што ў Эўропе ёсьць шмат палітыкаў, якія спадзяюцца пры дапамозе сваіх праграм накіраваць Беларусь на шлях паступовай дэмакратызацыі. Яны спасылаюцца на прыклады менавіта эвалюцыйнага пераходу ад аўтакратыі да дэмакратызацыі. І ў гэтай сытуацыі надзвычай сур’ёзным выпрабаваньнем для Беларусі стане яе пазыцыя адносна прызнаньня сувэрэнітэту і незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі.

16 сакавіка Генэральны сакратар Рады Эўразьвязу Хавіер Саляна заявіў, што лічыць важным, каб Беларусь захавала сваю пазыцыю непрызнаньня Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. Аляксандар Мілінкевіч падкрэсьлівае:
прызнаньне Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі разваліць усю ідэю...

“Ня трэба лічыць, што гэта — ультыматум з боку Эўразьвязу. Гэта — папярэджаньне. Я думаю, што калі беларускія ўлады вымушаныя будуць прызнаць іх як незалежныя дзяржавы, то ў нас адразу зьнікнуць шанцы на партнэрства. Таму што “Ўсходняе партнэрства” прадугледжвае ня толькі партнэрства з Эўразьвязам, але і паміж шасьцю краінамі праграмы. А Грузія ніколі не акцэптуе прызнаньня намі гэтых утварэньняў. Таму яна проста адмовіцца ўдзельнічаць у праграме. І гэта разваліць усю ідэю. Таму мы павінны разумець гэтую адказнасьць”.

Хаця першапачаткова тэма прэсавай канфэрэнцыі была заяўлена як дачыненьні Беларусі з Эўразьвязам, яна выйшла за гэтыя рамкі. Лідэр руху “За свабоду” прызнаў, што ў яго існуюць пэўныя разыходжаньні зь некаторымі іншымі лідэрамі палітычнай апазыцыі:

“Мы падзяляемся збольшага на тых, хто лічыць, што самае галоўнае зараз — паваліць уладу і любымі мэтадамі адхіліць ад улады Лукашэнку. Усё астатняе — другаснае. І гэтая барацьба супраць канкрэтнага чалавека — для многіх самае галоўнае. Яны маюць права на такую пазыцыю.

А для нас на першым месцы — змаганьне за Беларусь. За тое, каб яна існавала, ня зьнікла і абрала эўрапейскі шлях разьвіцьця. І калі ты па-рознаму ацэньваеш пагрозы для нашай краіны, дык ты і стратэгію абіраеш розную. Учора мы зь Віктарам Карняенкам мелі доўгую размову з Аляксандрам Казуліным. У нас розныя ацэнкі сытуацыі. Ён учора зноў сказаў, што ня бачыць пагрозы незалежнасьці Беларусі. А я яе бачу, я адчуваю яе ўсім сэрцам. І калі мы па-рознаму ацэньваем сытуацыю, значыць, мы і крокі свае абіраем розныя”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG