Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сакратарка Зэльцэра пайшла па дактарах у ЗША


Уладлена Функ (Брускова), сакратарка амэрыканскага адваката Эмануіла Зэльцэра, з Расеі вярнулася ў ЗША і зараз праходзіць абсьледаваньне ў дактароў.


Пра гэта паведаміў брат Зэльцэра Марк, які жыве ў Нью-Ёрку. Паводле Марка Зэльцэра, Уладлена Функ пасьля беларускай турмы адчувае сябе “маральна і фізычна спустошанай і нічога не камэнтуе”.

Уладлена Функ (Брускова) адбыла год у Гомельскай жаночай калёніі паводле прысуду Маскоўскага суду Менску, які прызнаў жанчыну вінаватай у камэрцыйным шпіянажы і спробе падробкі дакумэнтаў. Сакратарку Зэльцэра павінны былі вызваліць яшчэ 12 сакавіка, але пратрымалі яшчэ 8 дзён у гомельскім ізалятары на надуманых, як лічаць сваякі Ўладлены Функ, падставах. 20 сакавіка жанчыну дэпартавалі ў Расею, у горад Навазыбкаў непадалёк ад мяжы.

Зьміцер Гарачка
Як паведаміў адвакат Зьміцер Гарачка, які суправаджаў сваю падабаронную, яна “нічога не распавядала пра тое, што зь ёй адбывалася ў Беларусі” .

“З Навазыбкава Ўладлена Функ выехала ў Кіеў, а адтуль вылецела ў ЗША”, — паведаміў Зьміцер Гарачка.

Нагадаем, Эмануіл Зэльцэр і ягоная сакратарка Ўладлена Функ былі арыштаваныя ў Менску 12 сакавіка 2008 году. Паводле зьвестак, амэрыканскі адвакат у Менску меўся высьвятляць пытаньні спадчыны памерлага грузінскага алігарха Бадры Патаркацышвілі, на частку якой нібыта прэтэндуе расейскі алігарх-уцякач Барыс Беразоўскі. Спадар Беразоўскі абвяргае сваю датычнасьць да арышту Эмануіла Зэльцэра. Амэрыканскі адвакат Зэльцэр працягвае адбываць 3 гады зьняволеньня ў магілёўскай калёніі.
XS
SM
MD
LG