Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сідарэвіч: бараніць інтарэсы Беларусі можа толькі Беларуская дзяржава


Анатоль Сідарэвіч

Анатоль Сідарэвіч

Грамадзкі рэдактар тыдня – адзін з заснавальнікаў адроджанай Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Грамады, намесьнік старшыні БСДП(Грамада), гісторык і дасьледчык Беларускай Народнай Рэспублікі Анатоль Сідарэвіч. Сёньняшні Анатоль Сідарэвіч расказвае пра тое, як і хто пад раніцу 25 сакавіка галасаваў “за” або “супраць” абвяшчэньне Беларускай Народнай Рэспублікі.


Менск у той час быў невялікі горад. І йдучы 24 сакавіка 1918 году на паседжаньне Рады БНР, яе сябры, нават тыя, хто не належаў да Беларускай Сацыялістычнай Грамады, ведалі, што дасланы ім праект парадку дня будзе амаль цалкам зьменены. Так яно і сталася: у цэнтры ўвагі апынулася пытаньне аб дзяржаўна-праўным статусе Беларусі. Праўда, не была выкасавана з парадку дня справаздача Віленскай Беларускай Рады. Але гэтае пытаньне больш зьвялося да вітаньня “патрыярхаў” беларускага руху Івана і Антона Луцкевічаў ды іхніх калегаў па Віленскай Радзе Яна Станкевіча ды Язэпа Туркевіча.

Анатоль Сідарэвіч. Грамадзкі рэдактар тыдня – адзін з заснавальнікаў адроджанай Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Грамады, намесьнік старшыні БСДП(Грамада), гісторык і дасьледчык Беларускай Народнай Рэспублікі Анатоль Сідарэвіч. Цягам тыдня ён будзе расказваць пра тое, як утваралася БНР, пра яе ўрокі для сёньняшніх змагароў за незалежную дэмакратычную Беларусь.

Усе чакалі, што скажуць віленчукі і Аркадзь Смоліч, які ў той час быў фармальным кіраўніком беларускіх сацыялістаў.

Было відавочна: Беларусь неабходна ратаваць як ад нямецкага і расейскага імпэрыялізму, гэтак і ад апэтытаў Польшчы, Літвы і нават Украіны, якія квапіліся на беларускія тэрыторыі.

Было відавочна, што бараніць інтарэсы Беларусі можа толькі Беларуская дзяржава.

Тым часам абвешчаная 9 сакавіка БНР фармальна заставалася ў складзе Расеі. Але ж менавіта бальшавіцкая Расея, падпісаўшы Берасьцейскі трактат, аддала Нямеччыне і яе саюзнікам Віленшчыну і Горадзеншчыну, а таксама паўднёвыя паветы Менскай і Чарнігаўскай губэрняў. Дамовіцца з Расеяй ды падзяляіць зь ёю беларускія землі спадзявалася і Польшча.

На паседжаньні Рады БНР інтарэсам Беларусі былі супрацьпастаўленыя інтарэсы Расеі (іх абаранялі сацыялісты-рэвалюцыянэры) і Польшчы (Канстанцін Дземідовіч-Дземідзецкі выступаў нібыта ў абарону Расеі, але насамрэч меў на ўвазе магчымы расейска-польскі саюз супраць Беларусі).

Супраць незалежнасьці Беларусі выступілі і бундаўцы. Яно й зразумела: габрэям не патрэбныя былі новыя межы, якія б падзялялі сваякоў, што жывуць у Вільні і Кіеве, Маскве і Менску. Здавалася, што беларусаў падтрымаюць сацыялісты-сіяністы. Адзін іх прамоўца горача выступіў у абарону незалежнасьці Беларусі, але яго імпэт астудзілі таварышы па партыі.

Дванаццаць гадзін спатрэбілася, каб уранку 25 сакавіка прыняць кароценькую пастанову: Рада Рэспублікі абвяшчае Беларусь сувэрэннай і незалежнай дзяржавай і выдае аб гэтым Устаўную грамату.

Паўстае пытаньне: хіба не маглі беларускія сацыялісты, выкарыстоўваючы арытмэтычную большасьць, “згарнуць” дэбаты?

Маглі, але ня менш важна было даць усім магчымасьць выказацца, ня менш важна было захаваць для беларускай справы тых, хто вагаўся, і перацягнуць на свой бок тых, хто быў праціўнікам гэтае справы. Паседжаньне Рады БНР 24-25 сакавіка 1918 году прадэманстравала як дэмакратызм, так і рацыяналізм заснавальнікаў беларускай дзяржавы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG