Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-дырэктара “МАЗ-цэнтру” шукае расейская міліцыя


У Маскве міліцыя завяла справу на былога дырэктара гандлёвага дому “МАЗ-цэнтар” Сяргея Малюціна. Экс-кіраўніка прадстаўніцтва аўтазаводу падазраюць ў крадзяжы болей як паўмільёна даляраў.

Справу на Сяргея Малюціна завялі 18-га сакавіка, ў мэдыі інфармацыя прасачылася праз тыдзень. Магчыма, гэта і дапамагло былому кіраўніку прадстаўніцтва Менскага аўтазаводу ў суседняй краіне пазьбегнуць затрыманьня – з Расеі Сяргей Малюцін нібыта зьехаў у невядомым накірунку. Сьледзтва падазрае экс-дырэктара ў крадзяжы ажно 630 тысяч даляраў. Гэта грошы, якімі расейская фірма “Альфа-мотарс” нібыта аплаціла пакупку грузавікоў МАЗ праз гандлёвы дом “МАЗ-цэнтар”, але аўтамабіляў так і не дачакалася.

У аб’яднаньні “МАЗ” пра асобу былога дырэктара “МАЗ-цэнтар”, які нібыта скраў болей за паўмільёну даляраў, былыя калегі кажуць няпэўна.

“Кожны чалавек – загадка. Што яму там стрэльнула? Магчыма, мог скрасьці, а магчыма, і ня мог. Мы да фінансавых спраў таго гандлёвага дому ніякага дачыненьня ня мелі і што там адбывалася, ня ведаем. З-за таго, што працавалі на адным прадпрыемстве, візуальна былі знаёмы”, -- казаў супрацоўнік МАЗу, які пажадаў не называцца.

Паводле расейскіх мэдыяў прадстаўніцтва МАЗу ў Маскве фактычна ёсьць банкрутам, які ня ў стане паставіць каля 800 грузавікоў расейскім аўтадылерам. Новы дырэктар “МАЗ-цэнтру” Уладзімер Казак гэтыя зьвесткі абвяргае. На МАЗе таксама не пацьвярджаюць, што зараз прадпрыемства перажывае вялікія цяжкасьці.

“Па-рознаму бывае. Зараз больш-менш добра, бывала горш. Хаця фінансавы крызыс усё ж адчуваецца”.

Вядомы эканаміст Яраслаў Раманчук мяркуе, што канфлікт вакол прадстаўніцтва МАЗу ў Маскве мог ўзьнікнуць з-за таго, што ў Беларусі яшчэ не прызвычаіліся да патрабаваньняў прыватнага бізнэсу.

“Відаць, проста не заплацілі. Трэба і ў нас падвышаць фінансавую дысцыпліну. Бо ў нас такое прызвычаеньне, што для прыватнага сэктару можаш і не плаціць, што пачакаюць. А ў Расеі такой дурной звычкі ў такіх памерах даўно няма. Гэта тыповы камэрцыйны дыспут, які павінен вырашацца ў судзе”.

Яраслаў Раманчук не выключае і той вэрсіі, што праз справу супроць “МАЗ-цэнтра” свае мэты спрабуюць дасягнуць канкурэнты Менскага аўтазаводу ў Расеі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG