Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Моладзевыя актывісты: не паддамося на правакацыі


Актывісты моладзевага дэмакратычнага руху возьмуць удзел у сьвяткаваньні Дня Волі. Яны прыйдуць на акцыю з нацыянальнай сымболікай. Маладзёны падкрэсьліваюць, што вулічная акцыя ў Дзень Волі будзе мець выключна мірны характар. Удзельнікі сьвяткаваньня будуць віншаваць адзін аднаго і ўсіх грамадзянаў краіны.

Сябры незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” штогод адзначаюць Дзень Волі, як самае галоўнае сьвята.

Наста Палажанка
Намесьніца лідэра арганізацыі Наста Палажанка: “Думаю, што 25 сакавіка «Малады фронт» далучыцца да віншаваньня паштоўкамі ўсіх беларусаў. Але самае галоўнае тое, што ў сёньняшніх умовах, у сёньняшніх беларускіх рэаліях Дзень Волі застаецца вулічнай акцыяй, а ня нейкім сямейным сьвятам.

Безумоўна, мы маем свае ўласныя сьцягі, расьцяжкі, каб падкрэсьліць, што «Малады фронт» ёсьць, што ён не адступіцца, што кожны год бараніць сваю незалежнасьць ці падкрэсьліваць яе мы будзем на вуліцы“.

Артур Фінькевіч
Артур Фінькевіч, лідэр “Маладой Беларусі”: “Заўтра мы прыйдзем са сваёй сымболікай, са сваімі расьцяжкамі, павязкамі дзеля таго, каб неяк абазначыцца, а ня проста прайсьціся, дзеля таго, каб сьвяточна адзначыць гэты дзень — вельмі важны дзень для кожнага сьвядомага беларуса”.

Пэўныя крыніцы, якія пажадалі захаваць ананімнасьць, паведамляюць, што падчас правядзеньня сьвяточнага мітынгу могуць адбыцца правакацыі з боку сілавых структураў. Моладзевыя актывісты лічаць, што людзям у цывільным, якія будуць у натоўпе, давядзецца дзейнічаць сам-насам, бо ніхто ня стане іх падтрымліваць, калі тыя будуць кідацца ў бойкі ці шкодзіць маёмасьць.

Быў выпадак, калі падчас сьвяточнай дэманстрацыі невядомыя разьбілі шкло ў інтэрнаце Політэхнічнай акадэміі. Удзельнікі акцыі затрымалі хуліганаў і самі іх завялі ў міліцыю. Праз паўгадзіны затрыманых людзей у скураных куртках выпусьцілі з пастарунку, нават ня склаўшы на іх пратаколаў.

Яўген Афнагель
Адзін зь лідэраў руху “Джынс за свабоду” Яўген Афнагель: “Мы абавязкова выйдзем на Дзень Волі. Гэта галоўнае сьвята для кожнага беларускага патрыёта, для любога беларуса. У дзень нашай незалежнасьці мы выйдзем з нацыянальнымі сьцягамі і сьцягамі Эўразьвязу, таму што, на наш погляд, гарантам незалежнасьці Беларусі сёньня можа стаць толькі яе інтэграцыя ў Эўразьвяз.

Лічу, што Дзень Волі павінен адбывацца ў цэнтры гораду і таму, зразумела, што туды, куды нас паслалі гарадзкія ўлады, на плошчу Бангалор, ніхто з нас ня пойдзе“.

Лідэр ініцыятывы “Вольная моладзь” Мікіта Красноў паведаміў, што прыйдзе на акцыю разам са сваімі сябрамі.

“Будзем выкарыстоўваць на акцыі як сымболіку арганізацыі, так і нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг, які зьяўляецца сымбалем гэтай акцыі. За апошнія два гады пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у нас забралі больш за 200 сьцягоў, каля тысячы бандан. Паглядзім, калі ў нас яшчэ засталася наша сымболіка, то будзем з нашай сымболікай таксама”.

Збор удзельнікаў акцыі дазволены каля Акадэміі Навук а 6 вечара. Дагэтуль невядома, у якім фармаце будзе адбывацца акцыя, бо ўлады прапанавалі шэсьце вуліцай Сурганава на плошчу Бангалор. Прадстаўнікі дэмакратычнага руху ў заяўцы прасілі дазвол на шэсьце па праспэкце Незалежнасьці да Кастрычніцкай плошчы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG