Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Госьць Свабоды -- старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла.

Соўсь: Спадарыня Івонка, з надыходзячым вас сьвятам! Сёлета, вы традыцыйна зьвярнуліся да беларусаў з нагоды 91-ых угодкаў Дня Волі. І ў сваім звароце папрасілі кожнага беларуса задумацца над пытаньнем, куды вядзе нашу краіну палітыка сёньняшняга рэжыму ў Беларусі. Чым, на вашую думку, будзе адметнае сёлетняе адзначэньне Дня Волі для беларусаў усяго сьвету?

Сурвіла: Цяжка адказаць, бо невядома, як павядзе сябе рэжым падчас сьвяткаваньня. Але вельмі шмат зьмянілася ў апошнім часе, і гэта давала мне пэўныя надзеі на лепшую будучыню, але апошнія падарожжы Лукашэнкі ў Расею зьнішчылі гэтую надзею.

Ганна Соўсь
Соўсь: Нядаўна вы атрымалі адказ на свой зварот ад Эўракамісара Бэніты Фэрэра-Вальднэр у сувязі з рэпрэсіямі супраць актывістаў апазыцыі ў Беларусі, у прыватнасьці, гвалтоўным прызывам у войска некаторых моладзевых актывістаў. Эўракамісар спадзяецца, што беларускія ўлады “ўстрымаюцца ад затрыманьняў людзей за ўдзел у несанкцыянаваных сходах”. Як бы вы ацанілі крокі беларускіх уладаў дзеля паляпшэньня адносінаў з Эўразьвязам?

Сурвіла: Мне здаецца, што з боку беларускіх уладаў было зроблена як найменш: так мала, як толькі можна было зрабіць, і таму я маю ўражаньне, што адносіны Беларусі да ЭЗ амаль не зьмяніліся. Тое, што выпусьцілі некалькі вязьняў – хаця і вельмі важных – з турмы, гэта толькі першы крок, які, калі пасьля яго нічога ня будзе, нічога ня значыць. Здаецца, што беларускі прэзыдэнт папросту сьмяецца з гэтага высілку Эўропы дапамагчы Беларусі.

Соўсь: Нядаўна Беларусь была запрошаная ва Ўсходняе партнэрства. Як вам бачацца пэрспэктывы ўдзелу Беларусі ў гэтай праграме?

Сурвіла: Я вельмі задаволеная, што не абмінулі Беларусі – гэта вельмі важна. За гэта я Эўропе вельмі ўдзячная. Але невядома, што з гэтым зробіць Лукашэнка, калі ўспрыме гэта, як ён уяўляе сабе: што ён мацнейшы за ўсіх, і што гэта толькі сьведчаньне слабасьці Эўропы. Але сам факт, што Беларусь не адкінутая Эўропай, што яна – сярод гэтых шасьці краінаў – гэта вельмі мяне цешыць. Наогул, я дзіўлюся, што Эўропа робіць гэтыя крокі – беручы пад увагу адносіны Лукашэнкі да Эўропы.

Соўсь: Год таму мы з вамі гутарылі з нагоды выхаду вашай кнігі “Дарога” ў ”Бібліятэцы Свабоды” з нагоды 90-х угодкаў БНР, і вы згадвалі, што амбасадар Беларусі ў ЗША Міхаіл Хвастоў прапаноўваў вам напісаць ліст і папрасіць Аляксандра Лукашэнку дазволіць вам прыехаць у Беларусь. Што ў сваю чаргу вы катэгарычна адмовіліся рабіць. Скажыце, з таго часу, ужо пасьля таго, як улады заявілі пра лібэралізацыю, ці былі нейкія спробы зь іх боку скантактавацца з вамі, параіцца, запрасіць у Беларусь?

Сурвіла: Калі Хвастоў гаварыў гэта, ён быў амбасадарам у Канадзе, і гэта было падчас нефармальнай гутаркі. Ад таго часу нічога не было зроблена, што цалкам зразумела: паколькі апазыцыю нават унутры краіны называюць "ворагамі народу", дык уявіце сабе, што думае рэжым пра нас, пра БНР.

Соўсь: 25 сакавіка зноў многія беларусы выйдуць на галоўныя плошчы сваіх гарадоў, каб адзначыць Дзень Волі. Так можа стацца, як і ў мінулыя гады, што гэтыя людзі спазнаюць міліцэйскія дубінкі і затрыманьні. Што б вы сказалі тым, хто выйдзе на вуліцы 25 сакавіка? А таксама тым, хто ў гэты дзень будзе ў сябе дома?
Апазыцыю нават унутры краіны называюць "ворагамі народу", дык уявіце сабе, што думае рэжым пра нас, пра БНР.

Сурвіла: Я прашу кожнага беларуса, хто мае магчымасьць у гэты дзень выйсьці на вуліцу – каб ён выйшаў. Чым больш будзе нашых людзей, беларусаў на вуліцы – тым менш будзе небясьпекі для іх з боку рэжыму. Па-другое, выходзячы на вуліцу, яны пакажуць сваю годнасьць, сваю любоў да свабоды: што гэта няпраўда, што беларусы ня ведаюць, што такое свабода, пакажуць, што яны перамаглі страх. Я так ганарылася б беларускім народам! Я думаю, што пасьля ліста Бэніты Фэрэра-Вальднэр Лукашэнка можа задумаецца, і каб мець магчымасьць прадаўжаць гэтую гульню, ня будзе біць людзей. Але гарантыі гэтага няма.

Соўсь: Ваш зварот да Бэніты Фэрэра-Вальднэр – гэта адзін з накірункаў працы Рады БНР. Што яшчэ робіць Рада Беларускай Народнай Рэспублікі?

Сурвіла: Мы сочым за ўсім, што робіцца ў сьвеце ў дачыненьні да Беларусі. Зараз была вельмі важнай справа Белсату, і ўжо былі напісаныя лісты. Вельмі важная таксама цана візаў для беларусаў: пакуль яна ня зьменшыцца – дык адзіныя, хто будзе езьдзіць у Эўропу – гэта будуць намэнклятуршчыкі. Усё тое, што можна зрабіць, каб дапамагчы Беларусі ў змаганьні за волю, за незалежнасьць – гэта мы робім. падтрымліваем усіх незалежнікаў Беларусі. Разумеем, што ёсьць розныя погляды на дачыненьні з Эўропай, думаю, што і адны, і другія маюць добрыя аргумэнты, так што хацела б, каб Эўропа не перастала цікавіцца Беларусьсю, каб працягваліся яе высілкі ў накірунку дэмакратызацыі Беларусі. Нават калі на першы погляд выглядае, што вельмі малы водгук на іх з боку дзяржавы.

Соўсь: Вы памятаеце, як першы раз адзначалі Дзень Волі? Увогуле: якія ўгодкі абвяшчэньня Беларускай народнай рэспублікі вам найбольш памятаюцца?
Я не разумела дакладна, як мала ведаюць людзі ў Беларусі пра 25 сакавіка

Сурвіла: Першыя я заўсёды буду памятаць: мне не было яшчэ 12-ці гадоў. Мы выяжджалі з Даніі і былі ў транзытным лягеры, уся беларуская група, якая ехала ў Францыю, і там адсьвяткавалі вельмі цудоўна 25 сакавіка. Было шмат нашых сяброў: я памятаю атмасфэру задавальненьня і радасьці. Дык гэта я буду заўсёды памятаць.

Апрача гэтага, ёсьць шмат сьвяткаваньняў, якія можна ўспомніць: і ў Парыжы, калі заўсёды праводзіліся так званыя "акадэміі" – пасьля прамоваў былі вершы, сьпевы, часам прыяжджалі госьці з суседніх краін. Усюды, дзе я была, 25 сакавіка заўсёды сьвяткавалі беларусы вельмі ўрачыста, адчувалі значэньне гэтага дня, гаварылі шмат пра гэта, і я сёлета буду сьвяткаваць у Таронта, зь беларусамі Канады, і зьбіраюся прыгадаць некаторыя з гэтых дакладаў, якія рабіліся раней: калі гаварылі пра годнасьць, пра надзею, пра нашу беларускасьць, пра перамогу над цемрай, над няволяй. З гэтым мы жылі ўсё жыцьцё – тыя, хто былі на чужыне. Я не разумела дакладна, як мала ведаюць людзі ў Беларусі пра 25 сакавіка: столькі гадоў ім было забаронена пра гэта гаварыць, і дзеля гэтага я вырашыла сёлета ў сваіх дакладах прыпомніць пра значэньне і веліч 25 сакавіка.
  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG