Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым выкліканыя інтэнсіўныя перамовы лідэраў Беларусі і Расеі?


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Эфір 24 сакавіка

Некалькі дзён зь невялікім перапынкам працягваліся перамовы Аляксандра Лукашэнкі з расейскімі лідэрамі. Што спрычынілася да інтэнсыфікацыі перамоўнага працэсу? Ці ўдасца Лукашэнку збалянсаваць беларускую замежную палітыку? Што азначае сустрэча Лукашэнкі з прэзыдэнтам самаабвешчанай рэспублікі Абхазія Багапшам?

Удзельнікі: намесьнік галоўнага рэдактара “Белгазеты” Віктар Марціновіч зь Менску і дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш з Масквы.


Што спрычынілася да інтэнсыфікацыі перамоўнага працэсу?

Валер Карбалевіч: “На мінулым тыдні ў чацьвер прэзыдэнты Беларусі і Расеі Лукашэнка і Мядзьведзеў сем гадзін правялі ў перамовах у падмаскоўным Завідаве. Здавалася б, было часу каб вырашыць усе пытаньні. Пагатоў яны сустракаліся ня так даўно, у мінулым месяцы.

Аднак празь дзень, у суботу, Лукашэнка зноў тэрмінова ляціць на сочынскі курорт “Красная паляна” дзеля сустрэч зь Мядзьведзевым. Тут да іх падключаецца расейскі прэм’ер Пуцін. Калі адкінуць вэрсію, што Лукашэнка паехаў проста пакатацца на лыжах (трэці раз за два тыдні), то што стаіць за такой інтэнсыфікацыяй перамоўнага працэсу?”

Віктар Марціновіч
Віктар Марціновіч: “Цяпер склалася такая геапалітычная сытуацыя, што Беларусь і Расія павінны сябраваць, нягледзячы на тое, што сябраваць ня хочацца. Пасьля таго як не адбылася сустрэча Лукашэнкі з камісарам Эўразьвязу ў зьнешніх сувязях і эўрапейскай палітыцы Бэнітай Фэрэра-Вальднэр, склалася сытуацыя, што трэба вынайсьці новых партнэраў для сяброўства.

Пакуль Лукашэнка ў чацьвер не прыехаў у Маскву, размаўляць з Пуціным і Мядзьведзевым не было пра што. Яны сустрэліся і раптам вырашылі, што трэба працягнуць перамовы. Бо заходні вэктар у замежнай палітыцы Беларусі амаль што зьнік. Зрыў сустрэчы Лукашэнкі з Фэрэра-Вальднэр азначае, што і лібэралізацыя, і перамовы з Захадам будуць згорнутыя. Узамен актывізаваліся беларуска-расейскія стасункі. Хоць у працоўных графіках кіраўнікоў Беларусі і Расеі гэтых сустрэчаў не было”.

Кірыл Коктыш
Кірыл Коктыш: “Беларусь імкнецца вырашыць дзьве задачы. Па-першае, яна імкнецца атрымаць у Расеі новы крэдыт у памеры 100 млрд. расейскіх рублёў. Паводле інфармацыі Белстату, у мінулым месяцы беларускі экспарт зьнізіўся на 55%. Беларусі да канца году трэба каля 4 млрд. даляраў, каб кампэнсаваць зьніжэньне экспарту і ўтрымаць сытуацыю пад кантролем. Частка грошай ужо атрымана, не хапае каля 3 млрд. даляраў. І ідзе торг з Масквой: прызнаньне незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі ў абмен на крэдыт. Калі Менск адшукае такія грошы недзе ў іншым месцы, дык тады можна і не прызнаваць. Другая задача — гэта мэсыдж Эўропе, якая не гатовая прызнаць сваю паразу ў беларускім пытаньні”.

Ці ўдасца Лукашэнку збалянсаваць замежную палітыку?

Карбалевіч: “Вось сп. Марціновіч сказаў, што заходні вэктар замежнай палітыкі Беларусі зьнік з-за таго, што не адбылася сустрэча Лукашэнкі з Фэрэра-Вальднэр. Але ў апошні месяц Беларусь праводзіла вельмі актыўны дыялёг з Эўропай. У Менск прыяжджала шмат эўрапейскіх дэлегацый, у тым ліку вярхоўны прадстаўнік Эўрасаюзу ў замежнай палітыцы і палітыцы бясьпекі Хавіер Саляна. У пятніцу Беларусь была ўключана ў праграму ЭЗ “Усходняе партнэрства”.

Зразумела, Маскве гэта не падабаецца. Можа, гэтым выкліканы такія інтэнсіўныя перамовы Лукашэнкі з кіраўніцтвам Расеі? Можа, Менск імкнецца выправіць балянс сваёй замежнай палітыкі — то бок крок на Захад павінен кампэнсавацца крокам на Ўсход?”

Марціновіч: “Ня трэба блытаць прычыны і наступствы. Няправільна казаць, што заходні вэктар замежнай палітыкі Беларусі зьнік з-за таго, што не адбылася сустрэча Лукашэнкі з Фэрэра-Вальднэр. Гэты зрыў сустрэчы ёсьць наступства пэўных палітычных працэсаў. Ніякая Расея ня можа вымусіць Лукашэнку пасварыцца з ЭЗ так, як ён гэта робіць сам”.

Карбалевіч: “А што, уласна кажучы, адбылося? Якая сварка? Не адбылася сустрэча Лукашэнкі з Фэрэра-Вальднэр. І ўсё”.

Што азначае зрыў сустрэчы Лукашэнкі з Фэрэра-Вальднэр?

Марціновіч:
“Зрыў сустрэчы Лукашэнкі з Фэрэра-Вальднэр у цяперашняй геапалітычнай сытуацыі — гэта тое самае, што не сустрэцца з Госпадам Богам. Фэрэра-Вальднэр — вельмі ўплывовы палітык. Ад сустрэчы зь ёй залежала паездка Лукашэнкі ў Прагу. Ягоная сустрэча з Салянам была рамачнай, там не абмяркоўваліся ніякія ўмовы далейшага збліжэньня Беларусі з ЭЗ.

Вось яшчэ адзін факт. Перанесена паседжаньне кансультатыўнай рады па правах чалавека пры адміністрацыі прэзыдэнта. Гэты орган быў створаны дзеля таго, каб паказаць Эўропе, што ў Беларусі адбываецца лібэралізацыя. Гэта яшчэ адно пацьверджаньне, што ў бягучы момант замежная палітыка Беларусі зьмяняецца. І не Расея гэтаму прычына.

А прычына палягае ў тым, што ЭЗ пачаў занадта настойліва імкнуцца да дэмакратызацыі Беларусі. А тут рыхтуюцца вясновыя вулічныя акцыі апазыцыі. І гэта ва ўмовах крызісу. Хоць да акцый рыхтуюцца толькі некалькі тысяч апазыцыянэраў, у Менску патэнцыйна гатовыя выйсьці на вуліцы сотні тысяч людзей. Так было на пачатку гарбачоўскай перабудовы”.

Карбалевіч: “Лукашэнка ўвесь час падкрэсьлівае, што ён сустрэўся з Салянам і пра ўсё дамовіўся. А Саляна займае больш высокую пасаду ў герархіі ЭЗ, чым Фэрэра-Вальднэр. І, зь іншага боку, — можа, пройдзе 25 сакавіка, нічога незвычайнага не адбудзецца і ўсё вернецца на ранейшыя рэйкі?”

Расеі пакуль няма чаго баяцца

Коктыш: “Па-першае, тое, што Лукашэнка адмовіўся размаўляць з Фэрэра-Вальднэр, — гэта асабістыя праблемы апошняй. Эўракамісар ня мае ніякіх асаблівых паўнамоцтваў. І ня ёй абвяргаць Саляну.

Па-другое, Беларусь — незаменны калідор для транспартаваньня расейскіх энэргарэсурсаў у Эўропу. Таму ставіць пад небясьпеку дэстабілізацыі гэты калідор ня будзе ні Расея, ні Эўропа.

Па-трэцяе, “Усходняе партнэрства” было створанае дзеля таго, каб кампэнсаваць незадаволеньне Ўкраіны непрыняцьцем яе ў НАТО і ЭЗ. Потым гэтая цукерка Юшчанку была пашыраная да цэлай праграмы.

Адзін з важных артыкулаў выдаткаў гэтай праграмы прадугледжвае ўмацаваньне мяжы Беларусі з ЭЗ. І гэта вельмі сымбалічна. Таму ў Маскве ня бачаць асаблівай інтэграцыі Беларусі з Эўропай.

Па-чацьвёртае, у ЭЗ няма пасьлядоўнай палітыкі адносна Беларусі. Брусэлю патрэбныя посьпехі на беларускім кірунку. І ён загадзя пагадзіўся, каб гэтыя посьпехі мелі сымбалічны характар. Так што Расея пакуль ня бачыць для сябе праблем у цяперашнім дыялёгу Беларусі з ЭЗ”.

Сустрэча Лукашэнкі з Багапшам

Карбалевіч: “Адно з важных пытаньняў, па якіх на кіраўніцтва Беларусі ажыцьцяўляецца ціск і з Эўропы, і з Масквы, — гэта пытаньне аб прызнаньні (ці непрызнаньні) незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. Вось учора ў Сочы Лукашэнка сустрэўся з прэзыдэнтам самаабвешчанай рэспублікі Абхазія Багапшам. Пры гэтым Лукашэнка вельмі настойліва акцэнтаваў увагу, што перамовы вяліся на эканамічныя тэмы. Што азначае гэты жэст, каму ён скіраваны?”

Коктыш: “Беларусь будзе таргавацца па пытаньні прызнаньня Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі да апошняга. Перамовамі з Багапшам Лукашэнка зарэзэрваваў для сябе магчымасьць далейшых манэўраў. Ён не выключае, што, магчыма, ЭЗ спалохаецца прызнаньня Менскам незалежнасьці гэтых грузінскіх тэрыторый і дасьць грошай. Гульня Лукашэнкі па гэтым пытаньні вельмі прафэсійная. Ён гуляе на падвышэньне ставак”.

Марціновіч: “Гучаць камэнтары, што гэтая сустрэча Лукашэнкі з Багапшам азначае, што Беларусь хутка прызнае гэтыя рэспублікі. На мой погляд, наадварот, гэтая сустрэча якраз сьведчыць пра тое, што Палата прадстаўнікоў ня будзе цяпер гэтага рабіць.

Для Расеі гэтае пытаньне не стаіць так востра. Гэта не расейская, а беларуская гульня на нэрвах ЭЗ. Па-першае, гэта дэманстрацыя таго, што Беларусі востра патрэбныя грошы, пра што ўжо казалася. Па-другое, мэсыдж Эўразьвязу дасылаецца такі: мы ня будзем прызнаваць гэтыя рэспублікі, а вы ня будзеце ціснуць на нас у пытаньні правоў чалавека”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG