Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень Волі: сьціпла, непрыкметна, бяз грошай


Сёлета Дзень Волі ў Беларусі адзначаецца значна больш сьціпла, чым летась. Арганізатары спасылаюцца на тое, што няма грошай. Сябры аргкамітэту заклікалі людзей прыходзіць на дэманстрацыю 25 сакавіка са сваімі сьцягамі і нацыянальнай атрыбутыкай. Прадстаўнікі няўрадавых культурніцкіх арганізацый паведамілі, што не змаглі наладзіць напярэдадні Дня Волі тэматычныя выставы ды іншыя традыцыйныя імпрэзы.

СЛУХАЦЬ:


Сустаршыня аргкамітэту, які займаецца падрыхтоўкай сьвяткаваньня Дня Волі, Віктар Івашкевіч паведаміў “Свабодзе”, што кіраўніцтва партыі БНФ займаецца найперш арганізацыяй вулічнай акцыі. Што тычыцца іншых імпрэзаў, прысьвечаных 25 сакавіка, то, на думку Віктара Івашкевіча, іх маглі б падрыхтаваць шматлікія грамадзкія арганізацыі.

Віктар Івашкевіч
“Каб сьвяткаваць Вялікдзень, ня трэба ствараць аргакамітэт пад кіраўніцтвам Бога. Кожны ведае, што ёсьць Вялікдзень, кожны ведае, што гэта значыць і да чаго. Кожны імкнецца сьвяткаваць так, як ён можа.

У нас ёсьць сотні арганізацыяў, якія створаныя і маюць статуты аб тым, што яны павінны займацца прапагандай беларускай культуры, гісторыі, адраджэньня нацыянальнай сьвядомасьці… І кожны зь іх павінен нешта зрабіць“.

Аляксей Марачкін
Старшыня мастацкай суполкі “Пагоня” Аляксей Марачкін: “Да 90-годзьдзя мы ўсё ж зрабілі лякальныя выставы — у сядзібе Народнага фронту і ў Таварыстве беларускай мовы. Гэтым разам мы заангажаваныя на іншую выставу — да тысячагодзьдзя летапіснай Літвы”.

Моладзевыя арганізацыі лічаць галоўным свой удзел у вулічнай дэманстрацыі ў Дзень Волі. Актывісты руху “Маладая Беларусь” зладзілі кароткую акцыю, прысьвечаную Дню Волі, увечары 23 сакавіка.

Артур Фінкевіч
Лідэр “Маладой Беларусі” Артур Фінькевіч: “10 мэтраў на паўтара — расьцяжка аранжавага колеру з надпісам чорнымі літарамі: «25 сакавіка Дзень Волі. Акадэмія Навук 18:00». Мы яе вывесілі на мосьце на праспэкце Дзяржынскага побач з адміністрацыяй Маскоўскага раёну”.

Каардынатар сайту кампаніі “Будзьма” Севярын Квяткоўскі: “Перад гэтым 25 сакавіка ніхто ні зь якімі падобнымі ідэямі не зьвяртаўся.
Севярын Квяткоўскі
Можа, таму, што гэтае сьвята вельмі палітызаванае, як і беларуская гісторыя, як і беларуская мова. Больш эфэкту было б, каб усе людзі, якія гавораць па-беларуску ці шануюць нацыянальную сымболіку, запаланілі б усе кавярні ў цэнтры Менску і сьпявалі б там беларускія песьні”.

Такім чынам, прадстаўнікі грамадзкіх арганізацый возьмуць удзел у вулічнай акцыі 25 сакавіка. Тэматычных праектаў напярэдадні Дня Волі арганізавана не было.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG