Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіеў з Брусэлем ня ўставілі Маскву ў сыстэму


Мапа газаправоднай сыстэмы Ўкраіны

Мапа газаправоднай сыстэмы Ўкраіны

Масква раззлавалася на Эўразьвяз. Учора Эўразьвяз падпісаў з Украінай заяву аб намерах мадэрнізаваць украінскую газатранспартную сыстэму. У заяве ня згадваецца Расея, галоўны пастаўшчык газу ў Эўропу ўкраінскай газатранспартнай сыстэмай ды адначасова галоўны пастаўшчык газу спажыўцам ва Ўкраіне. Прэм’ер-міністар Расеі Ўладзімер Пуцін прыгразіў перагледзець адносіны з эканамічнымі партнэрамі Масквы.

Заява была падпісаная ў Брусэлі пасьля адмысловай канфэрэнцыі, прысьвечанай мадэрнізацыі ўкраінскай газатранспартнай сыстэмы. На канфэрэнцыі прысутнічалі і прадстаўнікі расейскага ўраду ды „Газпрому”. Але яны дэманстратыўна пакінулі залю падчас падпісаньня заявы.

Паводле дэклярацыі, Украіна і Эўразьвяз абавязваюцца супрацоўнічаць у разьвіцьці і мадэрнізацыі газатранспартнай сыстэмы ва Ўкраіне з мэтай павялічыць яе прапускную здольнасьць.

Нагадаем, што Эўразьвяз закупляе ў Расеі адну чвэрць патрэбнага сабе газу і што 80 адсоткаў гэтага газу пастаўляецца газатранспартнай сыстэмай Украіны.

Учора Пуцін сказаў пра эўрапейска-ўкраінскую дэклярацыю так:

„Дакумэнт, пра які мы цяпер гаворым, зьяўляецца, як мінімум, непрадуманым і непрафэсіянальным. Таму што абмяркоўваць пытаньні падобнага роду без асноўнага пастаўшчыка проста несур’ёзна”.

Адначасова Пуцін папярэдзіў, штo можа чакаць тых, хто ня хоча дапусьціць да голасу Расею ў пытаньні газавага транзыту праз Украіну:

„Калі інтарэсы Расеі будуць ігнаравацца, дык мы таксама будзем вымушаныя пачаць перагляд прынцыпаў нашых адносінаў з партнэрамі”.

Чаму гэтая дэклярацыя так разьюшыла Маскву?

Адна з прычынаў навідавоку: ангажуючыся фінансава ў мадэрнізацыю ўкраінскай газатранзытнай сыстэмы, Эўразьвяз пасылае выразны сыгнал Маскве, што яму ня надта падабаюцца расейскія ідэі пабудаваць газаправоды ў абыход Украіны.

У Расеі такіх трубапраектаў у абыход Украіны (дый Беларусі) — два. „Паўночны паток” — газаправод у Нямеччыну па дне Балтыйскага мора, які Газпром пачаў будаваць у супрацоўніцьве зь нямецкай і нідэрляндзкай кампаніямі. І „Паўднёвы паток” — праект Газпрому супольна зь італьянскай кампаніяй пакласьці газаправод у паўднёвую Эўропу па дне Чорнага мора.

Але на гэтым не канец. Абяцаючы знайсьці інвэстараў для ўкраінскай газавай трубы, Эўразьвяз хоча, каб Украіна рэфармавала сваю газавую сфэру ў кірунку яе большай празрыстасьці і рынкавай эканомікі.

У прыватнасьці, Эўразьвяз хоча разьвесьці Нафтагаз Украіны з Укртрансгазам. Абедзьве кампаніі належаць украінскай дзяржаве. Першая з гэтых кампаніяў адказвае за пастаўкі расейскага газу ва Ўкраіну (падпісвае ўсе дамовы з Газпрамам), а другая (якая фармальна належыць Нафтагазу) зьяўляецца апэратарам украінскай газаправоднай сыстэмы. Эўразьвяз хоча зрабіць Укртрансгаз незалежным рынкавым прадпрыемствам, якое зарабляла б грошы на транзыце і скарыстоўвала б іх на выплату крэдытаў ад эўрапейскіх інвэстараў, а не на тое, каб заторкваць дзіркі ва ўкраінскім бюджэце.

У падпісанай заяве ёсьць кампрамісны запіс аб тым, што ўрад Украіны абавязваецца забясьпечыць „юрыдычную і арганізацыйную” незалежнасьць апэратара газатранспартнай сыстэмы. З аднога боку, такая сытуацыя дае эўрапейцам больш упэўненасьці, што газавыя дачыненьні з Украінай стануць больш празрыстымі. А з другога, калі Укртрансгаз сапраўды стане незалежны ад Нафтагазу, дык Расея страціць юрыдычную магчымасьць пераняць кантроль над газатранспартнай сыстэмай Украіны за даўгі Нафтагазу перад Газпромам.

Адгэтуль і гулкі гоман абурэньня на Брусэль і Кіеў у Маскве.

Што пагражае намерам Брусэлю падтрымаць Украіну?

Зразумела, у Расеі па-ранейшаму застаецца важны рычаг, зьвязаны з цаной газу для Эўропы. Расея можа павысіць цану газу як для Ўкраіны, так і для Эўропы.

Але, як падаецца, самай вялікай пагрозай для амбітнага пляну мадэрнізацыі ўкраінскіх газаправодаў — які Брусэль ацэньвае на 3,5 мільяраў даляраў, а Кіеў ажно на 7,5 мільярдаў — зьяўляецца палітычная нестабільнасьць ва Ўкраіне.

У Брусэлі прэзыдэнт Віктар Юшчанка і прэм’ер-міністар Юлія Цімашэнка дэманстравалі еднасьць выканаўчай улады адносна гэтага газавага праекту. Але ніхто ня ў змозе гарантаваць, што гэтая еднасьць захаваецца і праз паўгоду, калі ва Ўкраіне пачнецца прэзыдэнцкая выбарчая кампанія.
XS
SM
MD
LG